Выбрать главу

Што ж у яго было на душы? Што там было, калі яно так змрочна і балюча тлела пад попелам яго зморанасці, не загараючыся яркім полымем? Ціха, ціха і ніводнага слова! Ніякіх слоў! Ён доўга так бы йшоў праз вецер і перадвячэрнія, летуценна знаёмыя завулкі. Але ўсё было гэтак цесна і блізка побач адно каля аднаго. І неўзабаве ўжо ён меўся прыйсці на месца.

У верхняй частцы горада меліся дугавыя лямпы, і менавіта яны асвятлялі яго. Вось ужо быў гатэль і абодва чорныя львы, якія ляжалі перад ім і якіх ён у маленстве баяўся. Яны ўсё яшчэ пазіралі адзін на аднаго з такімі фізіяноміямі на мордзе, нібыта хацелі чыхнуць; але, здавалася, зрабіліся куды меншымі, чым былі тады… Тоніа Крэгер прайшоў паміж імі.

Ён прыйшоў пехатою, і таму яго сустрэлі не надта ўрачыста. Парцье і вельмі акуратны, апрануты ў чорнае пан, які аддаваў знакі пашаны і ўвесь час маленькімі пальцамі запіхваў свае манжэты назад у рукавы, пачалі дапытліва разглядаць яго з галавы да ног, відавочна намагаючыся крышку вызначыць яго сацыяльную прыналежнасць, змясціць яго на іерархічнай ды грамадскай лесвіцы і адвесці яму месца на шкале сваёй павагі, але, не здолеўшы дасягнуць нейкага заспакаяльнага поспеху, яны з гэтай прычыны вырашылі спыніцца на ўмеранай ветлівасці. Кельнер, лагодны чалавек з палосамі бакенбардаў колеру белага хлеба, у бліскуча выцертым фраку і разеткамі на бясшумных пантофлях, павёў яго на другі паверх у чысты і старамодна абсталяваны пакой, за акном якога ў паўзмроку адкрываўся маляўнічы сярэднявечны від на двары, франтоны і вычварны будынак кірхі, паблізу якой знаходзіўся атэль. Тоніа Крэгер нейкі час пастаяў каля гэтага акна; потым сеў, скрыжаваўшы рукі, на вялікую канапу, ссунуў бровы і засвісцеў штосьці сам сабе пад нос.

Прынеслі лямпу, прыбыў яго багаж. Адначасова кельнер паклаў на стол квіток рэгістрацыі, і Тоніа Крэгер, крыху нахіліўшы набок галаву, начыркаў штосьці на ім, што выглядала падобна да прозвішча, сацыяльнага становішча і паходжання. Пасля гэтага ён замовіў невялічкую вячэру і надалей з кутка канапы глядзеў у пустату. Калі перад ім паставілі яду, ён доўга не дакранаўся да яе, потым нечага каўтнуў і яшчэ цэлую гадзіну хадзіў у пакоі сюды-туды, часам спыняючыся і заплюшчваючы вочы. Потым, павольнымі рухамі распрануўшыся, ён пайшоў у пасцель. Тоніа спаў доўга ды сніў заблытаныя і вельмі тужлівыя сны…

Калі ён прачнуўся, то ўбачыў, што пакой быў запоўнены ясным святлом дня. Тоніа разгублена і паспешліва разважыў, дзе ён знаходзіцца, і вырашыў адсунуць фіранкі. Бледнаватая сінеча неба, якая бывае бабіным летам, была зацягнутая тонкімі шматкамі аблокаў, моцна патрапаных ветрам, але над яго родным горадам сонца свяціла ярка.

Ён яшчэ больш дбайна пачаў сачыць за сваім туалетам, чым звычайна: мыўся і галіўся найлепшым чынам; асвяжаўся і адчышчаўся так, як быццам рыхтаваўся да візіту ў добры прыстойны дом, дзе неабходна зрабіць шыкоўнае і бездакорнае ўражанне; і займаючыся дэталямі апранання, ён прыслухоўваўся да нясмелага стуку свайго сэрца.

Як светла было знадворку! Ён адчуваў бы сябе лепей, калі б, як учора, на вуліцах запанавў змрок; але цяпер яму даводзілася навідавоку ў людзей ісці пры сляпучым сонечным святле. А калі ён сутыкнецца са знаёмымі, затрымаецца, калі яго пачнуць распытваць, а ён возьмецца распавядаць, як ён правёў трынаццаць гадоў? Не, дзякаваць Богу, яго больш ніхто не ведаў – а калі б хто і прыпомніў, то не пазнаў бы, бо ён сапраўды тым часам трохі змяніўся. Ён уважліва разглядаў сябе ў люстэрку і раптам адчуў сябе больш упэўненым у сваёй масцы, за сваім рана зношаным тварам, старэйшым за ягоны век… Ён замовіў сняданак, а потым выйшаў за дзверы, пайшоў пад пагардлівымі позіркамі парцье і акуратнага пана ў чорным цераз вестыбюль і паміж двума львамі – на волю.

Куды ён ішоў? Ён і сам не ведаў. Было, як учора. Як толькі ён зноў убачыў сябе ў атачэнні гэтага дзіўна пачцівага і незнаёмага суседства франтонаў, вежачак, аркад, фантанаў; як толькі ён зноў адчуў на твары ціск ветру, моцнага ветру, які нёс з сабою грубы водар даўніх летуценняў, – на яго пачуцці ўпала заслона і туманная павуціна… Мускулы на твары расслабіліся, і ён пачаў глядзець на людзей і рэчы заспакоеным позіркам. Магчыма, што там, там, на рагу вуліц, ён усё ж ачомаецца…