Выбрать главу

Куды ён ішоў? У яго было адчуванне, што кірунак, які ён выбраў, знаходзіцца ў нейкай ўзаемасувязі з ягонымі журботнымі і дзіўна раскайнымі начнымі летуценнямі… Ён пайшоў на рынак пад сутарэннямі ратушы, дзе разнікі з акрываўленымі рукамі важылі свой тавар; на рынак, дзе высока, вастраверха і шмат’ярусна біў гатычны фантан. Там ён спыніўся перад домам, вузкім і простым, падобным да шмат якіх іншых, але з выпуклым прабітым франтонам, і заглыбіўся ў яго разгляданне. Ён прачытаў шыльду з прозвішчам на дзвярах і на нейкі час затрымаў свой позірк на кожным з вокнаў. Потым ён павольна павярнуўся, каб ісці.

Куды ён ішоў? Дадому. Але ён падаўся ў абыход, пашпацыраваў за брамаю, бо яшчэ меў час. Ён прайшоў цераз Мюленваль і Гостэнваль, прытрымліваючы свой капялюш супраць ветру, які шумеў і рыпеў у дрэвах. Потым ён пакінуў валы і, калі амаль дайшоў да вакзала, убачыў цягнік, які прапыхкаў міма з няўклюднай паспешлівасцю; ён дзеля прыліку палічыў вагоны і паглядзеў услед чалавеку, які сядзеў высока ў канцы апошняга вагона. Але на Ліндэнпляц ён спыніўся перад адною сімпатычнай вілаю, доўга ўглядаўся ў сярэдзіну саду і ўгару на вокны і намерыўся пры канцы пагайдаць на петлях сюды-туды вароты-краты, так што яны гучна заскрыгаталі. Потым ён нейкі час разглядаў сваю руку, якая зрабілася халоднай, запэцканай іржою, і пайшоў далей; прайшоў цераз старую, прысадзістую браму, побач з портам і па стромым прадзіманым ветрам завулку ўгору да бацькоўскага дома.

Дом стаяў у атачэнні суседніх будынкаў, перавышаючы іх сваім франтонам, – шэры і сур’ёзны, як і трыста гадоў назад, і Тоніа прачытаў пабожны афарызм, напалову выветраныя літары якога месціліся над уваходам. Потым ён уздыхнуў і пайшоў у сярэдзіну.

Яго сэрца білася нясмела, бо ён быў гатовы да таго, што бацька можа выйсці з адных з дзвярэй на першым паверсе, паўз якія ён праходзіў, у афіцыйным сурдуце і з пяром за вухам, затрымаць яго і даць суровую прачуханку за экстравагантнае жыццё, што Тоніа палічыць за нармальную з’яву. Але яму ўдалося праскочыць бесперашкодна. Дзверы не былі зачыненыя на замок, а толькі прачыненыя, што ён палічыў вартым вымовы, тады як яму адначасова на душы было гэтаксама, як у пэўных лёгкіх трызненнях, калі перашкоды перад табою адступаюць самі сабою, і ты, адораны цудоўным шчасцем, праходзіш наперад абсалютна бесперашкодна… Прасторны пярэдні пакой, выкладзены вялікімі чатырохвугольнымі керамічнымі плітамі, адгукаўся рэхам ягоных крокаў. Насупраць кухні, у якой было ціха, як і ў даўніну, на значнай вышыні на сцяне вылучаліся дзіўныя, няўклюдныя, але акуратна адлакіраваныя драўляныя "выгарадкі", каморкі для пакаёвак, у якія можна трапіць з пярэдняга пакоя па адкрытай лесвіцы. Але вялікіх шаф і разнога куфара, якія раней тут стаялі, ужо не было. Нашчадак гаспадароў гэтага дома падымаўся па магутных сходах, абапіраючыся рукою на пафарбаваныя белым лакам паламаныя драўляныя парэнчы, на кожным кроку прыпадымаючы іх, а пасля зноў адпускаючы – як быццам нясмела спраўджваючы, ці можна зноў узнавіць былы давер да гэтай старой, саліднай парэнчы… Але на лесвічнай пляцоўцы, перад уваходам у мезанін, ён спыніўся. На дзвярах была ўмацаваная белая шыльдачка, на якой можна было прачытаць словы, напісаныя чорнымі літарамі: "Народная бібліятэка".

"Народная бібліятэка?" – падумаў Тоніа Крэгер, бо тут папраўдзе не было чаго рабіць ані народу, ані літаратуры. Ён пагрукаў у дзверы… Пачулася: "Уваходзьце", і ён увайшоў. Напружана і змрочна ён углядаўся ў вельмі недарэчныя змены.

На паверсе былі тры пакоі, дзверы якіх былі адчыненыя. Сцены амаль па ўсёй вышыні былі схаваныя за кнігамі ў аднолькавых пераплётах, якія стаялі на цёмных стэлажах з доўгімі паліцамі. У кожным пакоі за свайго кшталту прылаўкам сядзеў нейкі лядашчы чалавек і нешта пісаў. Двое з іх толькі павярнулі галаву ў бок Тоніа Крэгера, а першы паспешліва ўстаў, абапіраючыся абедзвюма рукамі на стальніцу, выцягнуў наперад галаву, сціснуў вусны, узняў бровы і ўтаропіўся на наведвальніка вачыма, якія часта-часта міргалі…

"Прабачце, – прамовіў Тоніа Крэгер, не адводзячы вачэй ад мноства кніг. – Я тут старонні, знаёмлюся з горадам. А гэта народная бібліятэка? Магчыма, Вы мне дазволіце крышку зазірнуць у ваш фонд?"

"Калі ласка! – сказаў службовец і заміргаў яшчэ часцей. – Натуральна, усё даступна любому… Вы хочаце толькі паглядзець… Жадаеце каталог?"

"Дзякуй, – адказаў Тоніа Крэгер. – Я дам сабе рады". З гэтымі словамі ён павольна пайшоў уздоўж сцен, робячы выгляд, як быццам разглядае назвы на карэньчыках. Нарэшце ён узяў з паліцы кнігу, разгарнуў яе і стаў з ёю каля акна.