Выбрать главу

"Зогкі, Божа, толькі паглядзіце на гэтыя зогкі", – раптам прамовіў з павольна пявучым націскам голас, які здавалася, даносіўся з бочкі. Яму ўжо быў знаёмы гэты голас. Ён належаў рудаватаму і проста апранутаму чалавеку з пачырванелымі павекамі і вільготна-халодным выглядам, як быццам ён толькі што купаўся. За вячэраю ў каюце ён быў суседам Тоніа Крэгера і няўклюднымі і сціплымі рухамі запіхваў у сябе дзіўную масу амлетаў з амарамі. А цяпер ён стаяў побач з ім каля парэнчаў палубы і пазіраў уверх на неба, заціснуўшы падбароддзе паміж вялікім і ўказальным пальцамі. Несумненна, у яго быў той надзвычайны і святочна-сузіральны настрой, калі бар’еры паміж людзьмі знікаюць, калі сэрца і язык разнявольваюцца нават перад незнаёмцамі, перад якімі звычайна ён сам бы трымаўся сарамліва-стрымана…

"Вы, пане, толькі паглядзіце на зогкі. Вось яны негухома блішчаць… о Божа, імі запоўнена ўсё неба. І ўявіце сабе, пгашу Вас, калі зірнуць уверх і падумаць, што шмат якія з іх у сотні газоў большыя за Зямлю, то якое адчуванне будзе на душы? Мы, людзі, вынайшлі тэлеграф і тэлефон, так шмат дасягненняў новага часу – напгаўду, гэта мы здзейснілі. Але калі мы паглядзім туды, увегх, то павінны будзем пгызнаць і згазумець, што мы ў пгынцыпе – чагвякі, нікчэмныя чагвякі і нічога больш, …я кажу пгаўду ці не, пане? Вось-вось, мы – чагвякі!" адказаў ён сам сабе і пакорліва ды роспачна кіўнуў галавою ў кірунку небасхілу.

"А… не, у яго зусім няма адчування літаратуры!" – падумаў Тоніа Крэгер. Адразу ж яму прыйшло на памяць нешта з таго, што ён нядаўна прачытаў, твор славутага французскага пісьменніка аб касмалагічным і псіхалагічным светаглядзе; гэта была даволі вытанчаная лухта.

Ён адказаў маладому чалавеку на яго назіранне, якое таго глыбока закранула, штосьці неяўцямнае, і потым яны працягвалі размаўляць, абапёршыся на парэнчы і ўглядаючыся ў неспакойна асветлены трывожны вечар. Выявілася, што спадарожнік – малады гандляр з Гамбурга, які выкарыстаў свой адпачынак дзеля гэтай забаўляльнай вандроўкі.

"Тгэба, – сказаў ён, – дабрацца на кагаблі да Капэнгагена, думаю я, ну і вось я стаю тут, і пакуль што ўсё цудоўна. Але наконт амлета з амагамі – гэта была памылка, пане, убачыце; бо ноч будзе штагмавая, гэта сказаў сам капітан, а з такою цяжкаю ядою ў жываце – кепскія жагты…"

Тоніа Крэгер выслухоўваў усю гэтую даверлівую дурноту з таемным і сяброўскім пачуццём.

"Сапраўды, – сказаў ён, – тут на поўначы ядуць увогуле занадта цяжкую ежу. Гэта робіць чалавека гультаяватым і тужлівым".

"Тужлівым? – паўтарыў малады чалавек і ў разгубленасці ўтаропіўся на яго… – Вы, мусіць, не тутэйшы, пане?" – раптам спытаў ён.

"Ну так, я прыехаў здалёку!" – адказаў Тоні Крэгер з няпэўным і адмоўным рухам рукі.

"Але Ваша пгаўда, – сказаў малады чалавек, – Ваша пгаўда, бачыць Бог, у тым, што Вы называеце тужлівым! Я амаль заўсёды тужлівы, але асабліва ў такія вечагы, як сёння, калі неба ўсеянае зогкамі". І ён зноў ушчаміў падбароддзе паміж вялікім і ўказальным пальцамі.

"Вядома ж, ён піша вершы, – падумаў Тоніа Крэгер, – вершы гандляра, глыбока сумленна прачулыя…"

Вечар хіліўся да ночы, а вецер так узмацніўся, што цяжка было размаўляць. І яны вырашылі крышку паспаць і пажадалі адзін аднаму добрай ночы.

Тоніа Крэгер выцягнуўся ў пасцелі на вузкім драўляным лежаку, але не мог супакоіцца. Моцны вецер і яго даўкі водар дзіўна ўзбудзілі яго, і ягонае сэрца захвалявалася, быццам баязліва чакаючы нейкай асалоды. І гайданка, якая з’яўлялася, калі карабель саслізгваў з высокай стромай хвалі, а вінт, быццам ў сутарзе, працаваў па-над вадою, выклікала ў яго агідную цягу на ваніты. Ён зноў апрануў усё на сябе і падняўся наверх на волю.