Выбрать главу

VIII

Ужо набліжаўся верасень: у Ольсгардзе было няшмат курортнікаў. Падчас харчавання ў вялікай з бярвенчатай столлю сталоўцы на першым паверсе, з вокнаў якой адкрываўся выгляд на зашклёную веранду і мора, галоўнай распарадчыцай была гаспадыня – старая панна ў гадах з белымі валасамі, бясколернымі вачыма, пяшчотна-ружовымі шчокамі і нястрымным шчабятлівым голасам, якая заўсёды імкнулася зграбна класці свае чырвоныя рукі на сурвэце. Стары пан з кароткай шыяй і сівою боцманскаю барадою ды цёмна-сіняватым тварам, гандляр рыбай са сталіцы, які валодаў нямецкай моваю, таксама быў там. Здавалася, што яго цалкам закупорылі; ён быў схільны да інсульту, бо дыхаў коратка і перарывіста і час ад часу ўздымаў указальны палец з пярсцёнкам да адной ноздры, каб сціснуць яе і праз моцнае надзіманне даць праход паветру ў другую. Тым не менш, ён увесь час прыкладваўся да бутэлькі з гарэлкаю, якая стаяла перад ім і на сняданку, і на абедзе, і пры вячэры. А яшчэ там былі тры дарослыя амерыканскія юнакі са сваім гувернёрам, ці то хатнім настаўнікам, які моўчкі папраўляў свае акуляры і цэлымі днямі гуляў з імі ў футбол. Іх жаўтлява-рудыя валасы былі расчасаныя на два бакі; у іх былі прадаўгаватыя, нерухомыя твары. "Please give me[68] the каўбасы!" – гаварыў адзін. "That’s not[69] каўбаса, that’s вяндліна!" – казаў другі, і гэта было ўсё, чым яны і іх настаўнік карысталіся ў размове; бо звычайна яны сядзелі ціха і пілі кіпень.

Лепшай кампаніі за сталом Тоніа Крэгер сабе не жадаў. Ён атрымліваў асалоду ад спакою, прыслухоўваўся да дацкіх гарлавых гукаў, звонкіх і нізкіх галосных, якія чуліся часам у размовах гандляра рыбаю і гаспадыні; сяды-тады ён звяртаўся да першага з простаю заўвагаю пра паказчыкі барометра, а потым уставаў, каб спусціцца праз веранду зноў на пляж, дзе перад тым правёў ужо доўгія ранішнія гадзіны.

Часам там было вельмі ціха і па-летняму горача. Мора лена і спакойна спачывала, гуляючы блакітнымі бутэлечна-зялёнымі і чырванаватымі стужкамі, перамешваючыся з срэбна зіхоткімі светлавымі водбліскамі; водарасці высыхалі на сонцы, ператвараючыся ў сена, а мядузы ляжалі і пакутавалі ад спёкі. Быў лёгкі пах гнілі і смалы ад рыбацкай лодкі, на якую Тоніа Крэгер, седзячы на пяску, абапіраўся спінаю, – павярнуўшыся такім чынам, каб мець перад вачыма вольны далягляд, а не шведскае ўзбярэжжа; але ціхі подых мора чыста і свежа слізгаў па ўсім навокал.

І ўрэшце надышлі шэрыя штармавыя дні. Валы хваляў нахілялі галовы, як тыя быкі, што, каб нанесці ўдар, рыхтуюць рогі, і шалёна набягалі на пляж, залівалі яго, захоплівалі ладны кавалак сушы, а потым зноў адкатваліся, пакідаючы бліскучыя мокрыя водарасці, ракавінкі і прынесеныя хваляю драўляныя аскабалкі. Паміж расцягнутымі ў даўжыню градамі хваляў рассцілаліся пад захмараным небам даліны ў бледна-зялёнай пене; а там, дзе за хмарамі стаяла сонца, на водах ляжаў белаваты аксамітны бляск.

Тоніа Крэгер стаяў ва ўладзе ветру і пырскаў, заглыбіўшыся ў гэтае вечнае, цяжкое, аглушальнае бушаванне, якое ён вельмі любіў. Калі ён адвярнуўся і пайшоў, то раптам усё вакол яго здалося спакойным і цёплым. Але за спінаю ён адчуваў мора; яно клікала, вабіла і вітала. І ён усміхаўся.

Ён пайшоў у глыбіню сушы, па лугавых сцяжынах праз сваё адзіноцтва, і неўзабаве яго прыняў у сябе букавы лес, які вольна разлёгся на гэтай узгорыстай мясціне. Ён сеў на мох, прыхінуўшыся да дрэва, такім чынам, каб паміж стваламі можна было бачыць палоску мора. Часам вецер прыносіў да яго шум прыбою: ён гучаў, быццам недзе ўдалечыні падаюць адна на адну дошкі. Чулася крумканне варон над вершалінамі дрэваў, хрыплае, пустэльнае і згубленае… Ён трымаў на каленях кнігу, але не прачытаў у ёй аніводнага радка. Ён піў асалоду глыбокага забыцця, вольнага лунання над прастораю, і сяды-тады ўзнікала адчуванне, што яго сэрца запоўнена болем, кароткім вострым калаццём смутку і раскайвання, згадаць пра назву і паходжанне якога ён быў занадта лены і заглыблены ў сябе.

Так праходзілі дні; ён не мог бы сказаць, як шмат іх мінула, ды ў яго і не было жадання ведаць гэта. Але потым надышоў дзень, у які штосьці здарылася – здарылася, калі сонца стаяла высака ў небе, а наўкол былі людзі, прытым Тоніа Крэгер нават не надта здзівіўся.

Самы пачатак дня складваўся ўрачыста і шыкоўна. Тоніа Крэгер прачнуўся вельмі рана і зусім раптоўна, яго вырваў са сну нейкі вытанчаны і няпэўны жах, і ён падумаў, што ён зазірнуў у цуд, у фантастычны цуд прасвятлення. Яго пакой са шклянымі дзвярыма і балконам, з якога адкрываўся выгляд на Зунд, быў падзелены газаваю фіранкаю на гасцёўню і спальню; ён быў паклеены шпалерамі, а таксама абстаўлены лёгкаю мэбляю, так што заўсёды рабіў светлае і прыязнае ўражанне. Але цяпер ягоныя сонныя вочы бачылі ўсё так, нібыта ён знаходзіцца ў незямным прасвятленні і ілюмінацыі, цалкам пагружаны у невыказна прыемны і пахкі водсвет ружаў, які пазалочваў сцены і мэблю і надаваў газавай фіранцы пяшчотна-чырвонае адценне… Тоніа Крэгер доўга не разумеў, што адбывалася. Але стоячы перад шклянымі дзвярыма і гледзячы скрозь іх, ён убачыў, што гэта ўсё ўтваралася ад сонца, якое ўзыходзіла.

вернуться

68

Калі ласка, падай мне… (англ.).