Выбрать главу

Некалькі дзён перад тым было змрочна і дажджліва; але цяпер неба выглядала як пругка нацягнуты, светла-блакітны шоўк: яно паблісквала чысцінёю над морам і сушаю; яно было пасечанае ды аточанае воблакамі, якія прасвечваліся чырвоным і залацістым святлом, а сонечны дыск урачыста ўздымаўся над пералівістай рабізною мора, якое, здавалася, калацілася ад жаху і палала… Так пачаўся дзень, і Тоніа Крэгер, разгублены і шчаслівы, хуценька апрануўся, паснедаў унізе на верандзе раней за ўсіх, потым праплыў алегласць ад маленькай драўлянай купальні да Зунда, а пасля нейкую гадзінку проста пашпацыраваў па пляжы. Калі ён вярнуўся, перад гатэлем стаяла некалькі машын, падобных да аўтобусаў, і са сталоўкі ён убачыў, што як у суседнім пакоі для адпачынку, там, дзе стаяла фартэпіяна, так і на верандзе і на тэрасе перад ёю, за круглымі сталамі сядзела шмат людзей у вопратцы простых абываталяў, людзей сярэдняга дастатку, якія, ажыўлена размаўляючы, са смакам пілі піва і закусвалі бутэрбродамі. Тут былі цэлыя сем’і, пажылыя і маладыя людзі, нават колькі дзяцей.

Падчас другога сняданку (стол ламаўся ад халодных закусак, вяндлінаў, саленняў і печыва) Тоніа Крэгер пацікавіўся, што адбываецца.

"Госці, – сказаў гандляр рыбаю. – Экскурсанты і госці балю з Гельсінгёра! Пэўна ж, барані нас Божа, мы гэтую ноч не заснём! Будуць танцы, танцы і музыка, і, баюся, гэта працягнецца доўга. Гэтая супольнасць сем’яў, гулянка і адначасова свята ўз’яднання – карацей, складчына ці падпіска на грошы, або штосьці накшталт таго, і яны з радасцю атрымліваюць асалоду ад цудоўнага дня. Яны з’ехаліся сюды па вадзе і па сушы, а цяпер снедаюць. Пазней яны паедуць яшчэ далей, але вечарам вернуцца, і тады – танцы ў гэтай зале. Так, д’ябал іх бяры, мы не замружым вока…"

"Што ж, гэта ў нечым прыемная разнастайнасць", – сказаў Тоніа Крэгер.

Досыць працяглы час яны маўчалі. Гаспадыня ўладкавала свае чырвоныя пальцы, гандляр рыбай прадзьмуў правую наздрыну, каб крышку атрымаць паветра, а амерыканцы пілі кіпень і, у дадатак, мелі заклапочаныя твары.

І тут раптам: цераз залу ішлі Ганс Ганзэн і Інгеборг Гольм…

Тоніа Крэгер, прыемна змораны пасля купання і хуткай хады, адкінуўся ў крэсле і еў вэнджанага ласося на грэнцы; ён сядзеў, павярнуўшыся тварам да веранды і мора. І раптам дзверы разнасцежыліся, і зусім побач з’явіліся яны, як на шпацыры, не спяшаючыся. Інгеборг, бялявая Інга, была апранутая ў светлае, як яна звычайна апраналася на ўрок танца ў пана Кнака. Лёгкая сукенка ў клетачку даставала ёй толькі да костачак, а на плячах была шырокая белая цюлевая накідка з востравугольным выразам, які пакідаў неакрытай яе мяккую, гнуткую шыю. Капялюш вісеў цераз руку на звязаных стужачках. Яна, магчыма, выглядала крыху больш дарослаю, чым даўней; яе цудоўная каса была ўкладзена вакол галавы; Ганс Ганзэн жа быў такі, як заўжды. Ён насіў марскі бушлат з залацістымі гузікамі, верх якога на плячах і спіне захінаў шырокі сіні каўнер; матроскую бесказырку з кароткімі стужачкамі ён трымаў у звіслай руцэ і бестурботна памахваў ёй з боку ў бок. Вузкія вочы Інгі паглядалі крыху скоса – магчыма, у нечым засаромлена пад позіркамі людзей, якія сядзелі за ядою. А Ганс Ганзэн, быццам насуперак усяму свету, павярнуў галаву проста ў бок стала са сняданкам і ўзіраўся сваімі сталёва-сінімі вачыма па чарзе на людзей, з выклікам і, у пэўнай меры, з пагардаю; ён нават выпусціў руку Інгеборг і замахаў сваёй бесказыркаю яшчэ больш энергічна сюды-туды, каб паказаць, які ён мужчына. Так яны ішлі ўдваіх на тле спакойнага сіняга мора на заднім плане; абмінуўшы позірк Тоніа Крэгера, прайшлі ўздоўж залы і зніклі ў супрацьлеглых дзверах, што вялі ў пакой з фартэпіяна.

Гэта адбылося а палове дванаццатай дня, і пакуль курортнікі яшчэ сядзелі за сняданкам, кампанія побач на верандзе ўстала і пакінула гатэль цераз бакавыя дзверы; больш у сталоўку ніхто не заходзіў. Было чутно, як знадворку, жартуючы і смеючыся, людзі садзіліся ў экіпажы, як тыя адзін за адным са скрыгатам ехалі прасёлкам і знікалі…

"Дык яны, відаць, яшчэ вернуцца?" – спытаў Тоніа Крэгер.