Выбрать главу

"Куды ж яны падзенуцца! – адказаў гандляр рыбаю. – Вось жа, кара божая! Яны замовілі музыку, каб Вы ведалі, а мне спаць тут, акурат над залаю".

"Што ж, гэта ў нечым прыемная разнастайнасць", – паўтарыў Тоніа Крэгер. Потым ён устаў і пайшоў прэч.

Ён правёў дзень, як звычайна, на пляжы, у лесе; трымаў кніжку на каленях і міргаў у бок сонца. Яго хвалявала толькі адна думка, а менавіта: яны вернуцца і будуць забаўляцца, танчачы ў зале, як прадказваў гандляр рыбаю; а ён толькі радаваўся гэтаму, такой баязлівай і салодкай радасцю, якой ён даўно, цягам усіх гэтых пустых гадоў, не адчуваў. Аднойчы, дзякуючы спалучэнню розных абставінаў, ён пабежна прыгадаў аднаго далёкага знаёмца, Адальберта, навеліста, які ведаў, чаго хоча, і накіраваўся ў кавярню, каб уцячы ад вясновага паветра. Ён тады толькі паціснуў плячыма ўслед яму.

Палуднавалі раней, чым звычайна, і вячэру падалі таксама раней, чым заўсёды, у пакой з фартэпіянам, бо ў зале ўжо рыхтавалі ўсё да балю: яна была святочна прыведзеная ў парадак. Потым, калі ўжо сцямнела, на прасёлку і ў доме зноў адчулася ажыўленне. Экскурсанты вярнуліся; акрамя таго, з Гельсінгёра на роварах і ў экіпажах прыехалі новыя госці, і ўжо ў доме, на ніжнім паверсе пачулася настройванне скрыпкі і насавыя гукі практыкаванняў на кларнеце… Усё неўзабаве абяцала бліскучы баль.

І вось маленькі аркестрык пачаў з маршу: прыглушана, вытрымліваючы такт, музыка далятала наверх; танцы адкрылі паланэзам. Тоніа Крэгер пасядзеў яшчэ нейкі час ціха і прыслухаўся. Але потым, калі ён пачуў, як маршавы тэмп змяніўся на такт вальса, ён устаў і бясшумна выбраўся са свайго пакоя.

З калідора, да якога ён прымыкаў, можна было выйсці да бакавой лесвіцы гатэля і адтуль, не праходзячы міма пакояў, трапіць ў зашклёную веранду. Ён і выправіўся гэтым шляхам, ціха і незаўважна, як быццам ідучы па забароненых сцежках: вобмацкам, асцярожна прабіваўся цераз змрок, нястрымна прываблены гэтай дурнаватаю і кранальнай для душы музыкай, гукі якой даляталі да яго ўжо зусім выразна і не прыглушана.

Веранда была пустая і неасветленая, але шкляныя дзверы ў залу, дзе ярка гарэлі дзве вялікія, абсталяваныя бліскучымі рэфлектарамі лямпы-газоўкі, былі адчыненыя. Туды ён бясшумна пракраўся, і зладзейскае задавальненне ад таго, што стаіш тут у змроку і незаўважна падглядаеш за тымі, хто танчыць на святле, выклікала сверб на ягоным целе. Паспешліва і прагна ён шукаў вачыма тых дваіх…

Вясёлае свята, здавалася, ужо ішло поўнаю хадою, хоць ад яго адкрыцця не мінула і паўгадзіны; усе прыйшлі сюды ўжо разагрэтыя і ўзбуджаныя пасля таго, як увесь дзень прабылі разам, бестурботна, у шчаслівай еднасці. У пакоі з фартэпіянам, які Тоніа Крэгер мог бачыць увесь цалкам, калі наважваўся падацца крыху наперад, ужо сабралася колькі пажылых паноў, каб выпіць і пагуляць у карты; а астатнія сядзелі побач са сваімі жонкамі ў першых шэрагах на плюшавых фатэлях уздоўж сценаў залы і назіралі за танцамі. Яны трымалі рукі на расстаўленых каленях і з выразам задавальнення надзімалі шчокі, тым часам як маладыя матулі з чэпчыкамі на галовах сядзелі, скрыжаваўшы рукі пад грудзьмі і глядзелі, схіліўшы галаву набок, на сумятню моладзі. Сцэна была абсталяваная каля падоўжнай сцяны залы, і там музыканты выконвалі тое, што ўмелі. Тут мелася нават труба, якая грала з пэўнай марудлівай асцярожнасцю, быццам баялася ўласнага голасу, які, тым не менш, увесь час зрываўся і захлынаўся… Пары, калыхаючыся і круцячыся, рухаліся ў коле, між тым як некаторыя проста хадзілі вакол залы абняўшыся. Строі ў людзей не былі бальнымі, а проста прызначаныя для летняга святочнага дня на вольным паветры: кавалеры мелі правінцыйна скроеныя гарнітуры, па якіх было відаць, што іх бераглі ўвесь тыдзень, а маладыя дзяўчаты былі ў светлых і лёгкіх сукенках з букецікамі палявых кветак на грудзях. У зале прысутнічала таксама некалькі дзяцей, якія па-свойму танчылі, нават калі музыка змаўкала. Даўгалыгі чалавек ў кароткім фраку ў форме ластаўчынага хваста, правінцыйны леў з маноклем і падпаленымі валасамі, а дробны паштовы чыноўнік, ці штосьці гэтага кшталту, як увасоблены камічны вобраз з дацкага рамана, здаецца, быў распарадчыкам і камандаваў балем. Паспешлівы, спацелы, ён шчыраваў усёю душою, і ўсюды паспяваў, блытаўся звышстаранна ў зале; па-майстэрску становячыся спачатку на дыбачкі, потым перакрыжоўваў ногі, абутыя ў вастраносыя вайсковыя чаравікі, узмахваў у паветры рукамі, даваў распараджэнні, выклікаў музыкаў, пляскаў далоньмі, і ўвесь гэты час стужачкі яго вялікага, разнакаляровага банта, што як знак яго гонару быў прымацаваны ў яго на плячы, пырхалі ў яго ззаду за спінаю.