Выбрать главу

Вядома, яны былі таксама тут – абое, якія прайшлі сёння раніцою ў сонечным святле міма Тоніа Крэгера; ён зноў убачыў іх і спужаўся ад радасці, калі заўважыў іх амаль адначасова. Вось стаяў Ганс Ганзэн, зусім блізка ад яго, каля самых дзвярэй; шырака расставіўшы ногі, крыху нахіліўшыся наперад, ён няспешна паядаў вялікі кавалак пясочнага торта, трымаючы пустую даланю пад падбароддзем, каб лавіць крошкі. А далей, каля сцяны, сядзела Інгеборг Гольм, бялявая Інга, і гэты распарадчык як раз падтанцоўваў ў напрамку да яе, каб вытанчаным паклонам запрасіць яе на танец, прычым ён паклаў адну руку на спіну, а другую грацыёзна паднёс да грудзей; але яна адмоўна пахітала галавою і паказала, што ў яе ўжо не хапае дыху і што ёй неабходна крышку адпачыць, пасля чаго чыноўнік прысеў каля яе.

Тоніа Крэгер глядзеў на іх абаіх, з любові да якіх ён калісьці пакутаваў, – да Ганса і Інгеборг. Яны не столькі вылучаліся адмысловымі прыкметамі ці падабенствам адзення, як аднолькавасцю расы і тыпу, гэтай светласцю, сталёва-блакітнавокасцю і бялявасцю, якая выклікала ўяўленне пра чысціню, незамутнёнасць, весялосць і адначасова гордую і сціплую недакранальную халоднасць… Ён глядзеў на іх, бачыў, як Ганс Ганзэн, такі дзёрзкі, як і некалі, добра скроены, шырокі ў плячах і вузкі ў сцёгнах, стаяў у сваёй бесказырцы; бачыў, як Інгеборг, паблажліва смеючыся, адкідвала набок галаву, як адмыслова адводзіла сваю не вельмі вузкую, зусім не вытанчаную руку маленькай дзяўчынкі да патыліцы, пры чым лёгкі рукаў саслізгваў з яе локця, – і раптам смутак па доме скалануў яго душу такім болем, што ён міжволі адступіў глыбей у змрок, каб ніхто не бачыў, як уздрыгваў яго твар.

"Няўжо здарылася так, што я іх забыў? – спытаўся ён. – Не, анізвання! Ані цябе, Ганс, ані цябе, бялявая Інга! Вы ж былі тымі, дзеля каго я працаваў, і калі я чуў воплескі, то незаўважна азіраўся, ці пляскаеце вы таксама… Дык ці прачытаў ты, Ганс Ганзэн, "Дон Карласа", як ты мне абяцаў каля вашае брамы? Не трэба! Я больш не патрабую гэтага ад цябе. Што табе да таго караля, які плача, бо ён самотны? Не варта табе замутняць свае ясныя вочы і тлуміць іх, утаропіўшыся ў вершы і меланхолію… Хачу быць, як ты! Яшчэ раз пачаць, вырасці, якім вырас ты – праведным, вясёлым і сціплым, справядлівым, прыстойным, у паразуменні з Богам і светам, каб мяне любілі бяскрыўдныя і шчаслівыя, ажаніцца з табою, Інгеборг Гольм, і сына мець такога, як ты, Ганс Ганзэн, – жыць, любіць і славіць вольна ад закляцця пазнання і творчых пакутаў у святой звычайнасці!… Яшчэ раз пачаць спачатку? Але гэта не дапамагло б. Усё было б так, як ёсць, усё адбылося б так, як адбылося, бо сёй-той трапляе ў аблуду па неабходнасці, бо для яго не бывае праведнага шляху".

І вось музыка заціхла; настаў перапынак, паднеслі асвяжальныя напоі. Распарадчык асабіста заспяшаўся з падносам, застаўленым салатаю з селядцом, абслугоўваючы дам: перад Інгаю Гольм ён нават стаў на адно калена, падаючы́ ёй сподачак, і яна ад радасці зачырванелася.

Але цяпер у зале пачалі звяртаць увагу на чалавека каля шкляных дзвярэй, і з сімпатычных разгарачаных твараў на яго скіроўваліся незнаёмыя запытальныя позіркі; але ён, нягледзячы на гэта, заставаўся на сваім месцы. Інгеборг і Ганс таксама амаль адначасова закранулі яго позіркамі, з той абсалютнай абыякавасцю, у якой бачыцца амаль што пагарда. Але раптам ён усвядоміў, што аднекуль на яго быў накіраваны позірк, які ўважліва спыніўся на ім… Ён павярнуў галаву, і адразу яго вочы сустрэліся з тымі, уздзеянне якіх ён адчуў. Недалёка ад яго стаяла дзяўчына з бледным, вузкім і вытанчаным тварам, якую ён заўважаў яшчэ раней. Яна танчыла не шмат, кавалеры не надта завіхаліся каля яе, і ён бачыў як яна самотна з брутальна сціснутымі вуснамі сядзела каля сцяны. І цяпер яна стаяла адна. На ёй, як і на іншых, была светлая лёгкая сукенка, але пад празрыстаю тканінаю паблісквалі голыя плечы, вострыя і хударлявыя, а тонкая шыя тырчала так нізка паміж гэтымі вартымі жалю плечыкамі, што бедная дзяўчынка здавалася амаль гарбатаю. Яе рукі ў тонкіх паўпальчатках яна трымала перад плоскімі грудзьмі такім чынам, што кончыкі пальцаў мякка судакранался. З нахіленаю галавою яна знізу ўверх пазірала на Тоніа Крэгера чорнымі вільготнымі вачыма. Ён адвярнуўся…

Тут, зусім блізка ад яго, сядзелі Ганс і Інгеборг. Той падсеў да яе, як быццам яна была яго сястра, і ў атачэнні іншых сабратоў і сясцёр яны елі і пілі, нязмушана размаўлялі і забаўляліся, выкрыквалі звонкімі галасамі адно аднаму жартаўлівыя кпіны і гучна смяяліся. Ці не варта і яму крышку наблізіцца да іх? Ці не варта звярнуцца да яго ці да яе з жартаўлівым словам, якое прыйдзе яму ў галаву – на што яны мусілі б адказаць хоць бы ўсмешкаю? Гэта б ашчаслівіла яго, ён вельмі жадаў гэтага; ён бы вярнуўся ў свой пакой больш задаволеным, з усведамленнем, што ўзнавіў з імі крышку чагосьці агульнага. Ён прыдумаў, што мог бы ім сказаць. Гэта было б як заўсёды: яны б яго не зразумелі, слухалі б адчужана тое, што ён хацеў бы ім выказаць. Бо іх мова была не ягонаю моваю.