Выбрать главу

Танцы, здавалася, павінны былі ўзнавіцца, Распарадчык разгарнуў актыўную дзейнасць. Ён бегаў па зале і запрашаў усіх на свеце ўзяць удзел у забавах; забіраў пры дапамозе кельнера крэслы і посуд, каб не перашкаджалі, даваў музыкам загады, а некаторых неабчасаных, якія не знаходзілі сабе месца, штурхаў у плечы перад сабою. Што планавалася? Па чатыры на чатыры пары ўтваралі карэ. Жудасны ўспамін прымусіў Тоніа Крэгера зачырванецца. Падрыхтаваліся танчыць кадрылю.

Зайграла музыка, і пары пачалі крочыць, нахіляючыся і змешваючыся. Распарадчык кіраваў; ён даваў каманды – а як жа? – па-французску і прамаўляў насавыя гукі непараўнальна вытанчана. Інгеборг Гольм танчыла перад самым Тоніа Крэгерам у карэ, якое знаходзілася непасрэдна каля шкляных дзвярэй. Яна рухалася сюды-туды перад ім, наперад і назад, крокамі і з перакруткаю; водар, які ішоў ад яе валасоў ці далікатнай тканіны сукенкі, час ад часу дасягаў яго, і ён заплюшчваў вочы з пачуццём, добра знаёмым яму з мінулых часоў; гэтыя водар і даўкая спакуслівасць зноў цалкам запаўнялі яго сваім салодкім смуткам. Што ж гэта такое было? Туга? Пяшчота? Зайздрасць? Самапагарда?… Moulinet des dames! Ты смяялася, бялявая Інга, ты смяялася з мяне, калі я танчыў moulinet і так жудасна зганьбіўся? А сёння ты таксама смяялася б, цяпер, калі я стаў нечым накшталт славутага чалавека? То праўда, ты б смяялася і рабіла б гэта тройчы справядліва! А калі б я адзін выканаў дзевяць сімфоній, "Свет як воля і ўяўленне" і "Страшны суд", – то ты мела б вечнае права смяяцца… Ён глядзеў на яе, і яму прыйшоў на памяць радок з верша, які ён доўгі час не згадваў, але які быў яму такім знаёмым і блізкім: "Я спаць хачу, а ты ўсё танчыш". Ён ведаў яго так дакладна, гэтую меланхалічна-скандынаўскую цяжкаважкасць адчування, якая гучала з верша. Спаць… Імкнуцца да таго, каб атрымаць магчымасць жыць проста і цалкам адпаведна пачуццю, якое без абавязку ператварацца ў дзеянне ці танец з асалодаю і па інерцыі спакойна існуе само ў сабе, – і ўсё-такі танчыць, быць абавязаным спрытна і не губляючы прысутнасць духу выконваць цяжкі, цяжкі і небяспечны "танец з кінжаламі" мастацтва, ніколі не забываючыся пра прыніжальную бессэнсоўнасць, якая палягала ў тым, што трэба танчыць, у той час як ты любіш.

Раптам усё шалёна і бязладна замітусілася. Карэ распаліся, і, скачучы і адначасова слізгаючы, усё перамяшалася; кадрыля закончылася галопам. Пары праляталі пад віхурны хуткі такт музыкі міма Тоніа Крэгера, выконваючы шасэ[70], імкліва, пераганяючы адна адну, з кароткім смехам, стрымліваючы дых. З’явілася яшчэ адна пара, захопленая усеагульнай пагоняй, круцячыся ды ўтароплена імкнучыся наперад. У дзяўчыны быў бледны, вытанчаны твар і худзенькія, аж занадта ўзнятыя ўгору плечы. І раптам, перад самым ім, штосьці загамавалася, паехала ўніз, упала… Бледная дзяўчына павалілася. Яна ўпала так брутальна і моцна, што гэта выглядала небяспечным. У такое самае становішча трапіў і кавалер. Ён, відаць, так балюча ўдарыўся, што зусім забыўся пра сваю партнёрку, бо, не паспеўшы ўстаць, пачаў, моршчачыся, рукамі церці свае калені; а дзяўчына, відавочна, зусім аглушаная падзеннем, усё яшчэ ляжала на падлозе. Тут выйшаў Тоніа Крэгер, мякка ўзяў яе падпахі і падняў. З загнаным выглядам, разгубленая і няшчасная, яна пазірала на яго знізу ўверх, і раптам яе пяшчотны твар слаба пачырванеў.

"Tak! O, mange Tak!"[71], – сказала яна і паглядзеда на яго знізу ўверх сваімі чорнымі вільготнымі вачыма.

"Вам не варта болей танчыць, фройляйн" – лагодна прамовіў ён. Потым Тоніа яшчэ раз позіркам вакол сябе пашукаў іх, Ганса і Інгеборг, і пайшоў, выйшаў з веранды, пакінуў баль і падняўся ў свой пакой.

Ён быў агаломшаны гэтым святам, у якім ён не ўдзельнічаў, і знясілены ад рэўнасці. Усё было, як калісьці, зусім як калісьці! З разгарачаным тварам ён і тады стаяў у цёмным месцы, з болем за вас, вы, бялявыя, ажыўленыя, шчаслівыя, і потым, самотны, пайшоў. Хтосьці ж мусіў прыйсці! Інгеборг павінна была б прыйсці, павінна была б заўважыць, што яго няма, павінна была б патаемна пайсці за ім, пакласці руку яму на плячо і сказаць: "Хадзі да нас! Не засмучайся! Я кахаю цябе!..". Але яна – не! – не прыйшла. Нічога падобнага не здарылася. Дык вось, і цяпер было гэтаксама, як тады; і ён быў шчаслівы, як і тады. Бо яго сэрца жыло. Але што адбылося за той час, за які ён зрабіўся тым, чым ёсць? – здранцвенне, пустэльня, лёд і – дух! І – мастацтва!..

вернуться

70

Адмысловая фігура ў танцах.

вернуться

71

Дзякуй, о, вялікі дзякуй! (дац.)