Выбрать главу

Ён распрануўся, лёг у пасцель, патушыў святло. Ён прашаптаў у падушку два імені, гэтую пару цнатлівых, нардычных складоў, якія для яго азначалі свайго кшталту каханне, пакуты і шчасце, жыццё, простае і шчырае пачуццё, радзіму. Ён азірнуўся назад на гады, якія мінулі з таго часу да сённяшняга дня. Ён узгадаў дзікія прыгоды пачуццяў, нерваў і думак, якія выпалі на яго долю, бачыў сябе раз’едзеным іроніяй і інтэлектам, спустошаным і спаралізаваным пазнаннем, амаль загубленым ліхаманкамі і халоднасцю творчасці; нястрымным і ўсім у пакутах сумлення паміж вострымі крайнасцямі, кіданым сюды-туды паміж святасцю і юрам, вытанчаным, збяднелым, знямоглым ад халодных і штучна вытанчаных хваляванняў, аблудным, спустошаным, катаваным, хворым … і заплакаў ад пакаяння ды тугі па радзіме.

Навокал было ціха і змрочна. Але знізу прыглушана і калыхальна да яго наверх далятаў салодкі і трывіяльны трохтактны матыў жыцця.

IX

Тоніа Крэгер з Поўначы пісаў ліст Лізавеце Іванаўне, сваёй сяброўцы, як ёй і паабяцаў некалі.

"Шаноўная Лізавета, там на поўдні ў Аркадыі, куды і я неўзабаве вярнуся. І гэта штосьці накшталт ліста, але ён, напэўна, расчаруе Вас, бо я мяркую падаць яго змест у агульных рысах. Не, у мяне няма намеру ўтойваць штосьці ад Вас пра тое, што было са мною. Дома, у маім родным горадзе мяне нават хацелі арыштаваць… але пра гэта Вам варта паслухаць вусна. У мяне цяпер здараюцца дні, калі я лічу за лепшае прыстойна выказаць штосьці агульнае, замест таго, каб распыляцца на доўгія расповеды.

Вы, Лізавета, мусіць, памятаеце, што аднаго разу назвалі мяне абываталем, аблудным абываталем? Вы назвалі мяне так у хвіліну, калі я, спакушаны рабіць шчырыя прызнанні, аднойчы прызнаўся Вам у любові да таго, што я называю ’жыццём’; і я пытаюся ў сябе, а ці ведалі Вы, наколькі Вы тады слушна казалі, наколькі маё абыватальства і мая любоў да "жыцця" – адно і тое самае. Гэтая вандроўка дала мне нагоду падумаць над гэтым…

Мой бацька, калі ведаеце, быў паўночнага тэмпераменту: назіральны, грунтоўны, карэктны з прычыны пурытанства і схільны да тугі; мая маці невядомай экзатычнай крыві, прыгожая, пачуццёвая, наіўная, адначасова нядбайная і жарсная, са сваёю імпульсіўнай разбэшчанасцю. Без аніякага сумневу, гэта была сумесь, якая несла ў сабе надзвычайныя мажлівасці… і надзвычайную небяспеку. А атрымалася наступнае: абываталь, які прыблукаў у мастацтва, багемны бадзяга з тугою па добрым выхаванні, мастак з нячыстым сумленнем. Бо маё абыватальскае сумленне – гэта тое, што дазваляе мне ва ўсёй мастацкасці, усёй незвычайнасці, і ўсёй геніяльнасці ўбачыць штосьці глыбока двухсэнсоўнае, глыбока нядобрае, глыбока сумнеўнае, што напаўняе мяне гэтай улюбёнаю слабасцю да простага, вернага і прыемна-нармальнага, да негеніяльнага і прыстойнага.

Я трапіў паміж двума светамі: ні ў адным з іх я не дома, і з прычыны гэтага мне даводзіцца ў жыцці цяжка. Вы, мастакі, называеце мяне абываталем, а абываталі спрабуюць заняволіць мяне… я не ведаю, што больш крыўдзіць мяне. Абываталі неразумныя, але ж вы, прыхільнікі прыгажосці, вы, якія называеце мяне флегматыкам і няздольным на тугу, павінны падумаць пра тое, што бывае мастацкасць, такая глыбокая, такая, – ад самага пачатку і лёсу – што для такога чалавека нічога не бывае саладзейшага і больш адчувальнага, чым нясцерпнае жаданне асалоды звычайнасці.

Я ў захапленні ад ганарыстых і халодных асоб, якія шукаюць прыгодаў на шляхах вялікай дэманічнай прыгажосці і пагарджаюць "чалавекам", – ды я ім не зайздрошчу. Бо калі штосьці і можа зрабіць з літаратара пісьменніка, то гэта мая абыватальская любоў да чалавечнасці, жыццёвасці і звычайнасці. Уся цеплыня, уся дабрыня, увесь гумар паходзіць ад яе, і мне здаецца, што яна і ёсць тая любоў, пра якую напісана, што нехта можа размаўляць чалавечаю ці анёльскаю моваю, але без любові ён толькі гулкая медзь ці бразготка, які грыміць.

Тое, што я зрабіў – гэта нічога, не шмат, амаль нічога. Я зраблю больш і лепш, Лізавета, – гэта маё абяцанне. Цяпер, калі я пішу, да мяне далятае шум мора, і я заплюшчваю вочы. Я зазіраю ў сярэдзіну майго свету, ненароджанага і схематычнага, які трэба ўпарадкаваць і сфармаваць; я гляджу ў мітусню ценяў ад чалавечых постацяў, якія махаюць мне рукамі, каб я паланіў іх і ўратаваў: трагічныя і смешныя, такія, і такія – адначасова. І яны мне вельмі па душы. Але мая самая глыбокая і самая патаемная любоў належыць бялявым і блакітнавокім, светлым, жвавым, шчаслівым, добразычлівым і звычайным.