Выбрать главу

Не, нічога не атрымлівалася, усё – лухта! Армія! Армію трэба было паказаць! Армія была падмуркам усяго! А раз немагчыма было прадэманстраваць яе, ці магчыма было думаць пра надзвычайнае мастацтва, якое магло б зрабіць яе прадметам уяўлення? І герой не быў героем; ён быў нешляхетны і халодны! Рысы характару былі няправільныя, і мова была няправільная: гэта была проста сухая і бяскрылая лекцыя па гісторыі, аб’ёмістая, цвярозая і страчаная для шырокай публікі!

Ну, добра, канец. Параза. Няўдалы праект. Банкруцтва. Ён хацеў напісаць Кёрнэру – добраму Кёрнэру, які верыў у яго, які з дзіцячым даверам быў прыхільнікам яго геніяльнасці. Ён бы кпіў, маліў, лаяўся – сябра; ён згадаў бы яму пра Карласа, які таксама ўзнік з сумненняў, і намаганняў, і ваганняў, аж урэшце, пасля ўсіх пакут, займеў выдатны поспех, стаўся выдатным творам, слаўным учынкам. Але гэта было інакш. У той час ён быў чалавекам, якому шанцавала ў справах і які з гэтага мог каваць перамогу. Сумненні і барацьба? О, вядома. І ён быў хворы тады, нашмат цяжэй хворы, чым цяпер, – небарака, занядбаны, у поўным разладзе са светам, прыгнечаны і па-чалавечы бедны, сапраўдны жабрак. Але малады, яшчэ зусім малады! Кожны раз, як нізка бы ён ні быў прыгнуты, яго дух выпростваўся, як спружына, і пасля некалькіх гадзін смутку прыходзілі іншыя – веры і духоўнага трыумфу. Цяпер яны ўжо не прыходзілі, амаль не прыходзілі. Яшчэ адна ноч полымнага настрою, калі раптам у геніяльна палкім святле можна было бачыць, што магло б адбыцца, калі б заўсёды было адчуванне асалоды ў такой ступені, цяпер за гэта трэба было плаціць тыднем змроку і спаралізаванасці. Ён быў зняможаны, узрост – толькі трыццаць сем гадоў, а ўжо – канец. Ужо памерла вера. Вера ў будучыню, якая была зоркаю ў яго бедах. І так яно было – яго адчайная праўда: годы нястачы і нішчымніцы, якія ён лічыў гадамі пакут і выпрабаванняў, а ў сапраўднасці яны былі багатымі і плённымі гадамі; а цяпер, калі спусцілася з нябёс кропля шчасця, калі ён з пірацтва духу набыў законнасць і грамадскія сувязі, атрымаў дзяржаўную пасаду, меў жонку і дзяцей, – цяпер ён страціў усялякія сілы і здаўся. Бяссіле і роспач – вось што засталося.

Ён застагнаў, прыціснуў далоні да вачэй і, як загнаны, захадзіў сюды-туды ў пакоі. Тое, пра што ён толькі што думаў, было настолькі жахлівым, што ён быў не ў змозе заставацца на тым месцы, дзе ў яго зарадзілася тая думка. Ён сеў на крэсла каля сцяны, звесіў рукі паміж каленяў і змрочна ўтаропіўся на падлогу.

Сумленне… як голасна крычала яго сумленне! Ён награшыў, грашыў супраць самога сябе ўсе гады, супраць вытанчанага інструмента свайго цела. Выпадкі разбэшчанасці яго юнацкага задзёру, бяссоныя ночы, дні, праведзеныя ў пракураным паветры, бездухоўна і не думаючы пра сваё цела, наркотыкі, пры дапамозе якіх ён узбадзёрваў сябе на працу, – гэта помсціла, і помсціць яму цяпер!

І калі надыходзіла помста, то ён спрабаваў супраціўляцца багам, якія прызнавалі яго віну і потым накладвалі пакаранні. Ён жыў, як змушаны быў жыць: у яго не было часу, каб быць мудрым, не было часу, каб быць разважлівым. Тут, у гэтым месцы ў грудзях, калі ён дыхаў, кашляў, пазяхаў, заўсёды ў той самай кропцы – гэты боль, гэты маленькі, д’ябальскі, колючы, уедлівы напамін, які не сціхаў з тых пор, як пяць гадоў таму ў Эрфурце на яго звалілася ліхаманка катару, тая гарачкавая хвароба ў грудзях – што яна хацела сказаць? Папраўдзе, ён вельмі добра ведаў, што яна мела на ўвазе; няхай лекар прыкідваецца, як хоча. У яго не было часу, каб разумна аберагаць самога сябе, каб гаспадарыць з зычліваю прыстойнасцю. Тое, што яму хацелася рабіць, ён мусіў рабіць адразу, ужо сёння, хутка… Прыстойнасць? Але як урэшце атрымалася, што якраз грэх, прыхільнасць да грэшнага і таго, што раз’ядае, падаліся яму куды больш маральнымі, чым любая мудрасць і халодная дысцыпліна? Не яны, не пагарджанае мастацтва чыстага сумлення былі прыстойнасцю, а змаганне і нястачы, жарсць і боль!

Боль… Як гэтае слова распірала яму грудзі! Ён выцягваўся, скрыжоўваў рукі; а яго позірк пад пачырванелымі, амаль зрослымі ў адно бровамі напаўняўся прыгожымі нараканнямі. Яшчэ не было беднасці, сапраўднай галечы яшчэ не было, пакуль мелася магчымасць надаць сваёй беднасці ганаровую і шляхетную назву. Аднаго не хапала – дастатковай мужнасці даць свайму жыццю велічную і прыгожую назву! Не зводзіць пакуты да паветра ў пакоі і канспірацыі! Быць дастаткова здаровым, каб магчы быць патэтычным – каб бачыць больш, чым толькі прыналежнае целу, адчуваць і нешта далейшае па-за ім! Толькі ў гэтым быць наіўным, нават калі ўсё астатняе ты ведаеш! Верыць, быць здольным верыць у боль… Але ж ён верыў у боль так глыбока, так шчыра, што іншае, што адбывалася сярод боляў, у выніку гэтай веры не магло быць ані карысным, ані шкодным. Яго позірк перакінуўся на рукапіс, і яго рукі яшчэ мацней скрыжаваліся на грудзях. Сам талент – ці не быў ён сам болем? І калі тое так, гэты няшчасны твор прымушаў яго пакутаваць, то ці не было гэта нармальнай з’яваю і амаль ужо добрым знакам? Яшчэ ніколі ў ім не булькатала, і яго недавер пачнецца толькі тады, калі гэта станецца. Булькатала толькі ў халтуршчыкаў і дылетантаў, якія хутка задавольваюцца і анічога не ведаюць; яны не жылі пад цяжарам і дысцыплінаю таленту. Бо талент, шаноўныя панове і пані, вы, там унізе, галоўным чынам у партэры, талент – нялёгкая справа, не забава, гэта не проста ўменне. У корані – гэта патрэба, крытычнае веданне, што такое ідэал, незадаволенасць, якую не без пакут нараджае і гадуе ваша ўменне. А для самых вялікіх, самых незадаволеных талент – гэта самы балючы бізун… Не скардзіцца! Не хваліцца! Сціпла, цярпліва думаць аб тым, што ты нясеш на сабе! І калі ніводнага дня на тыдні, ніводнай гадзіны не прамінала без пакут – што тады? Не зважаць на цяжары і здабыткі, запатрабаванні, скаргі, пакуты, лічыць гэта за дробязь – вось што галоўнае, што рабіла вялікіх вялікімі!