Выбрать главу

Ён устаў, узяў бутэлечку і пачаў прагна нюхаць, потым закінуў рукі назад і так хутка пачаў хадзіць сюды-туды ў пакоі, што язычкі полымя свечак закалыхаліся ад ветру… Веліч! Надзвычайнасць! Скарэнне свету і несмяротнасць імя! Чаго варта любое шчасце ў параўнанні з гэтаю мэтай? Быць вядомым, вядомым і ўлюбёным у народаў зямлі! Балбачыце сабе пра эгаізм, вы, хто нічога не ведае пра асалоду гэтай мары і прагі! Эгаістычным з’яўляецца ўсё надзвычайнае, пакуль яно пакутуе. Можаце самі паглядзець, кажа яно, вы, якія не атрымалі "паслання" зверху і каму на гэтым свеце жывецца куды лягчэй! А самалюбства кажа: няўжо пакуты былі дарэмнымі? Яны павінны зрабіць мяне вялікім!

Ноздры яго вялікага носа былі напружаныя, яго позірк пагражаў і блукаў. Ягоная правая рука была моцна і глыбока засунутая за абшлаг халата, а левая звісала, сціснутая ў кулак. Раптоўная чырвань з’явілася на яго худых шчоках, полымя, якое выбілася з жару яго мастакоўскага эгаізму, з той пакутлівасці наконт свайго "Я", якая непагасна жыла ў яго ў глыбіні. Ён ведаў яе, патаемную п’янкасць тае любові. Часам, каб напоўніцца натхняльнаю пяшчотаю да самога сябе, яму варта было адно паглядзець на сваю руку, на службу якой ён гатовы быў паставіць усё, што яму было дадзена са зброі таленту і мастацтва. Яму гэта было дазволена, у гэтым не было нічога нешляхетнага. Бо яшчэ глыбей, чым гэты эгаізм, жыло ўсведамленне: трэба, акрамя ўсяго, служачы чамусьці высокаму, не за ўзнагароду, а толькі з неабходнасці, бескарысліва спальваць сябе і ахвяраваць сабою. І гэта была яго рэўнасць: толькі каб ніхто не быў большым за яго і каб ніхто больш балюча, чым ён, не пакутаваў дзеля гэтага высокага.

Ніхто!.. Ён спыніўся, узняўшы руку над вачыма, напалову павярнуўшы тулава ўбок, ухіляючыся, пазбягаючы нечага. Але ён ужо адчуў калаццё ў сэрцы ад гэтай непазбежнай думкі, думкі пра яго, іншага, светлага, шчасліва-кранальнага, пачуццёвага, па-боску несвядомага, пра таго, там, у Ваймары, каго ён любіў з тужліваю варожасцю… І зноў, як заўсёды, у глыбокай трывозе, паспешліва-старанна, ён адчуў, што ў ім пачынаецца праца, якая з’яўлялася адразу пасля гэтай думкі: зацвердзіць і адмежаваць уласную сутнасць і мастацкасць ад сутнасці і мастацкасці таго іншага… А ці быў ён больш велічным? У чым? Чаму? Ці будзе гэта крывавым "нягледзячы на…", калі ён пераможа? Ці не будзе яго параза трагічным відовішчам? Богам – магчыма, аднак героем ён не быў. А што – быць Богам лягчэй, чым героем! – лягчэй!.. Іншаму было лягчэй. Падзяляць мудраю і шчасліваю рукою пазнанне і творчасць – гэта можа прыносіць весялосць і і адсутнасць пакут, і пакутлівую плённасць. Але калі творчасць – боскі дар, то тады пазнанне – геройства, а той быў і тым, і тым, Богам і героем: ён тварыў у працэсе пазнання!

Воля ў дачыненні да цяжкага… Ці здагадваўся хтосьці, колькі дысцыпліны і самапераадолення каштавалі яму адзін сказ, адна сур’ёзная думка? Бо, урэшце, ён мала ведаў і быў неспрактыкаваны, тупы ідэаліст-летуценнік. Куды цяжэй было напісаць ліст Юлія, чым стварыць найлепшую сцэну, – і ці не таму гэта было ўжо больш высокім? Ад першага рытмічнага памкнення духоўнага мастацтва знайсці матэрыял, матэрыю, магчымасць выліцца, да думкі, да вобраза, да слова, да радка – якая барацьба! Які пакутны шлях! Яго творы былі цудам імпэту, тужлівых пошукаў формы, вобраза, абмежавання, цялеснасці, жарснага імкнення ў ясны свет іншага, хто непасрэдна і боскімі вуснамі называў асвечаныя сонцам рэчы сваімі імёнамі.