Выбрать главу

Пакуль у яго хапала сродкаў, каб пры жаданні карыстацца дзеля свайго задавальнення перавагамі сусветнага транспарту, ён разглядаў вандроўкі не інакш як гігіенічнае правіла, да якога час ад часу трэба было звяртацца насуперак сэнсу і схільнасці. Ён, занадта заняты задачамі, якія ставілі перад ім ягонае "Я" ды еўрапейская душа, перагружаны абавязкам тварыць, не схільны расслабляцца, каб толькі захапляцца шматколерным вонкавым светам, цяпер выключна задавальняўся назіраннем, даступным сёння кожнаму з паверхні зямлі, не пакідаючы сваё атачэнне; таму ён ніколі нават не спрабаваў пакінуць Еўропу. Ва ўсякім разе, з таго часу, як яго жыццё паволі пачало схіляцца да скону, калі ён пачаў баяцца, што не завершыць сваю мастакоўскую задуму; яго заклапочанасць, што гадзіннік можа спыніцца, перш чым ён давядзе справу да канца і аддасць усё, што можа, не была пустою хімераю, усё яго вонкавае існаванне абмежавалася выключна цудоўным горадам, які стаў яму радзімаю, і простым загарадным домікам, які ён збудаваў сабе ў гарах і дзе ён праводзіў дажджлівае лета.

Тое ж, што занадта позна і раптоўна звалілася на яго, было неўзабаве прыведзена ў норму довадамі розуму і прышчэпленым змоладу самавыхаваннем. Ён меркаваў працягнуць справу, якой прысвяціў жыццё, да пэўнага пункту, перш чым перасяліцца бліжэй да прыроды, а думка пра бадзянне ў свеце, якое на месяцы адарвала б яго ад працы, здавалася, была занадта вольнаю і неадпаведнаю плану; ёй не варта было тлуміць галаву. І ўсё-такі ён выдатна ведаў, адкуль так міжволі зыходзіла гэтая спакуса. Яна была жаданнем уцячы – у чым ён сам сабе прызнаваўся, – гэтая жарсная прага далечы і навізны, гэтае імкненне да волі, вызвалення ад ярма і забыцця, – цяга пакінуць справу, уцячы ад будзённасці застылай, халоднай і пакутлівай службы. Ён, што праўда, любіў яе; ён любіў нават нервовую барацьбу, якая ўзнаўлялася штодня, – барацьбу паміж яго ўпартаю і гордаю, выпрабаванаю не адзін раз воляй і гэтай зняможанасцю, якая нарастала, пра якую ніхто не павінен быў ведаць і якая ніякім чынам, ніякім намёкам на няздольнасць і слабасць не павінна была адбівацца на выніку яго працы… Але розум падказваў, што нельга шчыраваць без меры і ўпарта душыць такое жывое імкненне. Ён думаў пра сваю працу, думаў пра месца, у якім ён сёння, як і ўчора, зноў мусіў перапыніць яе і якое, здавалася, не жадала мірыцца ні з трывалым пяшчотным абыходжаннем з сабою, ні з раптоўным ударам. Ён яшчэ раз праверыў яе, паспрабаваў пераадолець ці знішчыць перашкоду і з жахлівым пачуццём агіды адмовіўся ад актыўнага наступу. Тут не было ніякай асаблівай цяжкасці, яго скоўвалі лянотныя сумненні, што перарасталі ў незадаволенасць сабою, і ад яе ўжо ніякім чынам нельга было пазбавіцца. Незадаволенасць сабою, што праўда, яшчэ ў юнацтве ўяўлялася яму сутнасцю і найглыбейшаю прыродаю таленту, і дзеля яе ён утаймоўваў і ахалоджваў пачуццё, ведаючы, што яно мае схільнасць задавальняцца радаснаю прыблізнасцю і палавіннаю дасканаласцю. Няўжо яму цяпер помсціла прыгнечанае адчуванне, пакінуўшы яго, адмаўляючыся надалей падтрымліваць і акрыляць яго мастацтва, і забрала з сабою ад яго ўсю радасць, усё захапленне формаю ды зместам? Не сказаць, што ён тварыў цяпер штосьці кепскае, перавагаю яго ўзросту было тое, што ён у любы час спакойна адчуваў упэўнененасць у сваім майстэрстве. Але ён сам, калі народ хваліў гэтае майстэрства, яму не радаваўся: яму здавалася, нібыта яго творчасці не хапае тых прыкмет дзёрзкага настрою, якія – як вынік радасці, большы за ўнутраны змест, за важкую перавагу – уяўлялі сабою радасць свету-карыстальніка яго творчасці. Ён баяўся лета на прыродзе, знаходжання ў маленькім доме сам-насам з пакаёўкаю, якая гатавала яму ежу, і баяўся слугі, які падаваў гэтую ежу; ён баяўся добра знаёмых яму краявідаў горных вяршынь і адхонаў, якія быццам бы ў сваю чаргу атачалі яго незадаволеную марудлівасць. І такім чынам, патрабавалася штосьці новае – экспромт, марныя дні, вецер далёкіх вандровак і прыліў свежай крыві, – тады лета перастане быць невыносным і зноў зробіцца прыдатным для творчасці. Значыць, зараз у дарогу, – ён быў задаволены. Не вельмі далёка, не да самых тыграў. Адна ноч у спальным вагоне – і сіеста на працягу трох-чатырох тыдняў на сусветным прыемным паўднёвым пляжы…