Выбрать главу

Пасля некалькіх неспакойных гадоў, некалькіх спроб спыніцца то тут, то там ён рана выбраў Мюнхен для сталага месца жыхарства і жыў там як ганаровы грамадзянін, што на долю інтэлектуала выпадае толькі ў асобных выпадках. Шлюб, які ён узяў зусім маладым з дзяўчынаю з адукаванай сям’і, пасля нядоўгага шчасця страціў сілу з прычыны жончынай смерці. У яго засталася дачка, якая цяпер ужо замужам. Сына ў яго не было.

Густаў фон Ашэнбах меў рост ніжэйшы за сярэдні, ён быў брунет, галіўся. Ягоная галава здавалася крыху завялікай адносна квалаватай постаці. Зачасаныя назад валасы, з праплешынай на віхры, вельмі моцна пасівелыя на скронях, аблямоўвалі высокі, спаласаваны зморшчынамі і адначасова рубцаваты лоб. Дужка залатых акуляраў без аправы ўразалася ў пераноссе; сам жа нос быў тоўсты і шляхетна выгнуты. Рот быў вялікі, то нейкі вялы, то раптам выцягнуты ў даўжыню і напружаны; шчокі – хударлявыя, у зморшчынах; добра скроенае падбароддзе было мякка раздвоена. Здавалася, што гэтая звычайна пакутна схіленая набок галава нямала зведала зменлівасці лёсу, і ўсё-такі мастацтва адыграла галоўную ролю ў яго фізіягнамічным фарміраванні, што звычайна адбываецца пад уплывам цяжкога, неспакойнага жыцця. За гэтым ілбом нарадзіліся бліскучыя рэплікі размовы паміж Вальтэрам і каралём пра вайну; гэтыя вочы, якія зморана і з глыбокім пачуццём пазіраюць праз шкельцы, пабачылі крывавыя жахі лазарэтаў Сямігадовай вайны. І нават у асабістым плане мастацтва – гэта ўзвышанае жыццё. Яно ашчасліўлівае глыбей і раз’ядае душу хутчэй. Яно пакідае на твары свайго слугі сляды ўяўных і духоўных прыгод, і яно надоўга стварае, нават у кляштарнай цішыні знешняга існавання, распешчанасць, залішнюю вытанчанасць, змору і цікаўнасць нерваў, чаго не можа спарадзіць нават жыццё, напоўненае распустаю, жарсцямі і задавальненнямі.

III

Яшчэ ці не на два тыдні пасля таго шпацыру розныя справы свецкага і літаратурнага характару затрымалі аматара вандровак у Мюнхене. Нарэшце ён даў даручэнне на працягу чатырох тыдняў прывесці ў парадак пад ключ свой загарадны дом і аднойчы, у сярэдзіне ці ў канцы траўня, начным цягніком накіраваўся ў Трыест, дзе ён прабыў толькі дваццаць чатыры гадзіны і наступнай раніцаю сеў на карабель, які адпраўляўся ў Полу.

Ён выправіўся на пошукі чагосьці незвычайнага і невызначальнага, але каб мець магчымасць туды хутка дабірацца, і спыніўся на адным востраве ў Адрыятыцы, які нядаўна стаў славутым, – востраве, размешчаным непадалёк ад істрыйскага ўзбярэжжа, з насельніцтвам, якое носіць рознакаляровыя лахманы і размаўляе на абсалютна незразумелай мове, дзе, аднак, ёсць прыгожая, рваная лінія групы стромых скал каля адкрытага мора. Але дождж і цяжкое паветра, дробнабуржуазная, чыста аўстрыйская бальшыня гасцей гатэля і немагчымасць спакойных шчырых адносін з морам, якое дазваляе толькі мяккі пясчаны пляж, псавалі яму гумор, не нараджалі ў ім упэўненасці, што ён слушна выбраў тое, чаго менавіта хацеў; цяга ў душы – куды, яшчэ самому дакладна невядома – трывожыла яго; ён вывучаў расклад караблёў, ён разглядаўся вакол сябе, нечага шукаючы, і аднойчы, адначасова і нечакана, і ўпэўнена, яскрава ўбачыў сваю мэту. Калі вы пажадалі за адну ноч дасягнуць нечага непараўнальнага, казачна незвычайнага, дык тады – куды? Гэта ж было зразумела. Што ён тут згубіў? Ён зрабіў памылку. Ён жа адразу хацеў паехаць туды. І ён не затрымаўся на гэтым месцы. Праз паўтара тыдня пасля яго з’яўлення на востраве задушлівым ранкам хуткая маторная лодка даставіла яго разам з багажом назад у ваенны порт, і ён ступіў там на зямлю толькі дзеля таго, каб адразу ж па дашчаным трапе падняцца на мокрую палубу карабля, які стаяў ужо гатовы адплыць у Венецыю.

Гэта была даволі старая пасудзіна італьянскай вытворчасці, зношаная, пабітая ржою і змрочная. У каюце, падобнай да нары́ са штучным асвятленнем, куды адразу ж пасля з’яўлення на караблі яго зацягнуў гарбаты і брудны матрос з крывою ўсмешкаю ветлівасці, за столікам сядзеў, насунуўшы капялюш на вочы, з цыгарэтным недапалкам у куточку рота казлінабароды чалавек з фізіяноміяй старамоднага дырэктара цырка, які, лёгка грымаснічаючы, спраўна браў дакументы вандроўнікаў і выпісваў ім білеты. "Да Венецыі… – паўтарыў ён словы Ашэнбаха, выцягнуўшы руку і тыркаючы пяром ў рэшткі нечага, падобнага да кашы, у схіленай набок чарніліцы. – Да Венецыі, першы клас. Гатова, пане!" І ён надрапаў вялікія крамзолі, пасыпаў напісанае блакітным пяском з маленькай бляшанкі, абтрос яго ў гліняны кубачак, склаў жоўтымі і кашчавымі пальцамі паперчыну ў дзве столкі і пачаў зноў пісаць. "Удала выбраная мэта вандроўкі! – між тым балбатаў ён. – Ах, Венецыя! Цудоўны горад! Горад непераадольнай сілы прыцягнення для адукаваных асоб з прычыны ягонай гісторыі і сучаснай прывабнасці!" Неймаверная хуткасць яго рухаў і пустая балбатня, якой ён суправаджаў усё гэта, змяшчалі ў сабе нешта, што атупляла, што адцягвала ўвагу, нібыта ён быў заклапочаны, каб вандроўнік не завагаўся ў сваім рашэнні адправіцца ў Венецыю. Ён паспешліва браў грошы і з хуткасцю круп’е кідаў рэшту на заплямлены абрус стала. "Шчасліва адпачыць, пане! – прамовіў ён з артыстычным паклонам. – Для мяне гонар абслугоўваць Вас… панове!" – усклікнуў ён адразу ж з узнятаю рукою, зрабіўшы выгляд, што продаж білетаў ідзе поўнаю хадою, хоць больш нікога з тых, каго неабходна было б абслугоўваць, не было. Ашэнбах вярнуўся на палубу.