Выбрать главу

Абапёршыся рукою на парэнчу, ён разглядаў разявак, якія, чакаючы адыходу карабля, тырчалі на набярэжнай, а таксама пасажыраў на палубе. Пасажыры другога класа, мужчыны і жанчыны, туліліся на пярэдняй палубе, седзячы на падушках і вандзэлках. Частка падарожнікаў – відаць, маладыя гандлёвыя прыказчыкі з Полы – утварыла на верхняй палубе групку; яны, пэўна, радасна хваляваліся перад супольнаю вандроўкаю ў Італію. Гэтыя людзі досыць шумна звярталі ўвагу на сябе і свой намер, голасна размаўлялі, смяяліся, былі вельмі задаволеныя самі сабою, сваімі грымасамі і выкрыквалі кпліва-дасціпныя фразы, перагнуўшыся цераз парэнчы, услед сябрукам, якія з тэчкамі пад пахамі ішлі на службу, пагражаючы гулякам сваімі кійкамі. Адзін з іх, у светла-жоўтым, самага моднага крою летнім гарнітуры, з чырвоным гальштукам і ў зухавата загнутай панаме, сваёю ўзбуджанасцю і голасам, які каркаў, вылучаўся сярод усіх астатніх. Але як толькі Ашэнбах добра прыгледзеўся да яго, то з нейкім жахам зразумеў, што гэта быў зусім не юнак, а, без ніякага сумнення, пажылы чалавек. Вакол яго вачэй і рота залеглі зморшчыны. Бледны кармазін на шчоках быў грымам, рудыя валасы пад каляровым капелюшом вакол галавы – парыком; яго шыя была запалая і жылістая, яго прыклееныя вусікі і бародка – фарбаваныя; яго поўная жоўтых зубоў сківіца, якую ён выстаўляў напаказ, смеючыся, была адно танным пратэзам, а рукі, з пячаткамі на абодвух указальных пальцах, належалі зусім немаладому чалавеку. З пачуццём жаху Ашэнбах пазіраў на яго і грамаду ягоных сяброў. Няўжо яны не ведалі, не заўважалі, што ён быў стары, што ён фальшыва насіў гэтае франтаватае і стракатае адзенне, фальшыва іграў ролю аднаго з іх? Яны, здавалася, трывалі яго ў сваім асяроддзі нібыта нешта, што разумеецца само сабою і з’яўляецца звыклым; абыходзілся з ім як з роўным, успрымалі без агіды яго задзірлівыя штурханні пад бок. Як гэта магло быць? Ашэнбах паклаў руку сабе на лоб і заплюшчыў вочы, якія ладна запаліліся, бо ён мала спаў. У яго з’явілася адчуванне, што ўсё ідзе не звыклым ладам: быццам бы адбываецца летуценнае адчужэнне; свет пачынае перараджацца ў штосьці дзіўнае, чаму, магчыма, можна было б паставіць заслону, калі б ён крыху прыплюшчыў вочы і інакшым чынам паглядзеў вакол сябе. Але ў гэты час яму здалося, што ён плыве, і з ірацыянальным жахам узняўшы вочы, ён заўважыў, што цяжкі і змрочны корпус карабля павольна адыходзіў ад бетоннага берага. Сантыметрамі, пры рухах машыны наперад-назад, пашыралася паласа брудна-блішчастай вады паміж набярэжнаю і караблём, і пасля няўклюдных манёўраў параход павярнуў бушпрыт у напрамку да адкрытага мора. Ашэнбах перайшоў на борт, з боку якога знаходзіўся штурвал, туды, дзе гарбун падрыхтаваў яму ляжак, а сцюард ў заплямленым фраку спытаў пра ягоныя пажаданні.

Неба было шэрае, вецер – вільготны; порт і астравы засталіся ззаду, і з поля зроку хутка знікла ўся суша. Шматкі вугальнага пылу падалі, набрынялыя вільгаццю, на вымытую палубу, якая не паспявала высахнуць. Ужо праз гадзіну нацягнулі дах з парусіны, бо пайшоў дождж.

Захутаўшыся ў паліто, з кніжкай на каленях, вандроўнік адпачываў, і гадзіны міналі для яго незаўважна. Дождж сціх, часовы дах прыбралі. Далягляд быў чысты. Пад шырокім скляпеннем неба распасціралася вялізная гладзь пустэльнага мора; але ў пустой, непадзеленай прасторы нашым пачуццям не хапае меры часу, і мы цалкам забываемся ў невымерным. Фігуры, падобныя да ценяў, стары блазен, казліная барада з сярэдзіны карабля затуманілі няпэўнымі грымасамі, заблытанымі, летуценнымі словамі свядомасць Ашэнбаха на лежаку, і ён заснуў.