Выбрать главу

Апоўдні яго запрасілі ўніз спажыць замоўленую ежу ў сталоўцы, доўгай, як калідор, у якую выходзілі дзверы спальных кают; ён трапіў у галаву доўгага стала, на другім канцы, якога пачынаючы з дзесяці гадзін, балявалі прыказчыкі разам з бадзёрым капітанам, і ў тым ліку, вядома, стары блазен. Ежа была сціплаю, і ён з ёй неўзабаве справіўся. Яго пацягнула на свежае паветра, ён хацеў зірнуць на неба: ці не пасвятлела яно над Венецыяй.

Ашэнбах быў упэўнены, што так і будзе, бо раней заўсёды горад сустракаў яго сваім ззяннем. Але неба і мора заставаліся змрочнымі, алавянага колеру; час ад часу імжыў дождж, змяшаны з імглою, і ён змірыўся з тым, што водны шлях прывядзе яго ў іншую Венецыю, чым тая, якую ён калісьці бачыў, набліжаючыся да яе па сушы. Ён стаяў каля фок-мачты, узіраючыся ўдалеч у чаканні зямлі. Ён прыгадаў тужліва-натхнёнага паэта, перад якім калісьці з гэтых водаў узышлі вежы і званіцы яго мрояў; Ашэнбах паўтарыў сам сабе тое-сёе з таго, што – пачцівасць, шчасце і жалоба – у той час ператваралася ў прыязны спеў, і пад нязмушаным уздзеяннем адчування, якое набыло ўжо дакладную форму, ён учыніў праверку свайму сур’ёзнаму і зморанаму сэрцу наконт таго, ці ёсць яшчэ магчымасць у неспакойнага вандроўніка спадзявацца на новае захапленне і памылкі, на познія прыгоды пачуцця.

І тут з правага боку паказалася роўнае ўзбярэжжа; лодкі рыбакоў ажывілі мора; з’явіўся востраў-курорт; параход пакінуў яго з левага боку, запаволіў хаду і паплыў цераз цесны порт, які атрымаў назву паводле вострава; у лагуне на тле страката беднага жытла ён спыніўся зусім; тут трэба было чакаць шлюпку санітарнай службы.

Прайшла гадзіна, пакуль яна з’явілася. Як быццам прыехалі і як быццам – не; хоць спяшацца не было куды, але ўсё ж муляла нецярпенне. Маладыя пасажыры з Полы, мажліва, патрыятычна натхнёныя вайсковымі сігналамі ражкоў, што даляталі па вадзе з мясцовасці публічных садоў адпачынку, выйшлі на палубу і пад уздзеяннем віна "Асці" абвясцілі славу берсальерам[73] на пляцы для практыкаванняў. Але пры гэтым агідна было бачыць, у які стан прывяла напышлівага старога яго штучны хаўрус з моладдзю. Ягоныя старыя мазгі пасля выпітага віна не змаглі ўтрымацца ў тым належным стане, як у моладзі: ён быў зусім п’яны. З асалавелым позіркам, цыгарэтаю паміж дрыготкіх пальцаў ён, з цяжкасцю ўтрымліваючы раўнавагу на месцы, толькі хмельна хістаўся сюды-туды. Пры першым жа кроку ён паваліўся бы, таму ён не наважваўся скрануцца з месца; пры гэтым стары выяўляў жудасную непрыстойнасць, хапаў кожнага, хто набліжаўся, за гузік, мармытаў, падміргваў, хіхікаў, уздымаў свой зморшчаны ўказальны палец з пярсцёнкам, неразумна дражніў і агідным двухсэнсоўным чынам аблізваў сабе канцом языка куточкі рота. Ашэнбах глядзеў на яго, нахмарыўшы бровы, і зноў яго апанавала пачуццё разгубленасці, быццам свет выяўляе лёгкую, нястрымную схільнасць вырадзіцца ў штосьці дзіўнае і карыкатурнае; што праўда, задумацца над гэтым яму перашкодзілі абставіны: зноў пачалася напружаная праца машыны, і карабель узнавіў цераз канал Сан-Марка свой рух, што быў перапынены зусім недалёка ад мэты.

І вось ён убачыў яго зноў, самы дзіўны прычал, асляпляльную кампазіцыю фантастычнай пабудовы, якую рэспубліка дэманстравала пачцівым позіркам марскіх пасажыраў, калі тыя набліжаліся: ажурную прыгажосць палаца і Мост Уздыхаў, калоны са львом і Святым Маркам на беразе, пыхлівы выступ крыла казачнага храма, від на арку ды вялізны гадзіннік; і гледзячы на ўсё гэта, Ашэнбах разважаў, што прыязджаць у Венецыю сухапутным шляхам праз вакзал, азначала б тое самае, што ўваходзіць у палац цераз заднія дзверы, і што ў гэты самы неверагодны горад нельга прыбываць іначай, як на караблі, як праз адкрытае мора.

Машына заглухла, з’явілася процьма гандол, на бераг быў спушчаны трап, на борт падняліся мытнікі і заняліся сваёю справаю. Можна было пакідаць карабель. Ашэнбах даў зразумець, што яму патрэбна гандола, каб з багажом дабрацца да станцыі маленькіх параходаў-вапарэта, якія курсіруюць паміж горадам і Ліда; ён планаваў знайсці жытло каля мора. Яго намер ухвальваюць, яго жаданне выкрыкваюць уніз, каб чутно было на вадзе, дзе гандальеры спрачаюцца між сабою на дыялекце. Ён яшчэ не можа сысці ўніз, яго затрымлівае валіза, якую з цяжкасцю цягнуць па вяровачнай лесвіцы. Так на некалькі хвілін ён робіцца няздольным унікнуць напору жудаснага старога, якога змрочны хмель штурхае пачціва развітацца з незнаёмцам. "Мы жадаем шчасліва правесці час, – мармыча стары, шоргаючы нагамі. – Прыемных успамінаў! Au revoir, excusez et bon jour[74], Ваша эксцэленцыя!"

вернуться

74

Да пабачэння, прабачце і добрага вам дня (фр.).