Выбрать главу

Ён выпіў гарбату на баку тэрасы, звернутым да мора, потым спусціўся ўніз і прайшоў ладны адрэзак узбярэжжа, месца для шпацыру, у напрамку да гатэля "Эксцэльсіёр". Калі ён вярнуўся, яму падалося, што ўжо час пераапранацца, каб ісці на вячэру. Ён рабіў гэта павольна і дакладна, па-свойму, бо меў звычку працаваць апранаючыся, і ўсё-такі з’явіўся ў сталоўцы крыху зарана; там ён убачыў значную частку гасцей гатэля, якія, незнаёмыя міжсобку, быццам абыякава, у міжвольнай еднасці, чакалі вячэры. Ён узяў са стала газету, уладкаваўся ў скураным фатэлі і пачаў разглядаць людзей, якія прыемна адрозніваліся ад тых, якіх ён бачыў, калі быў тут першы раз.

Перад ім адкрыўся шчодры, амаль усёахопны гарызонт. Прыглушана гучалі ўперамешку словы з розных моў. Традыцыйны ва ўсім свеце вячэрні гарнітур, уніформа цывілізаванасці, аб’ядноўваў разнастайнасць людзей у прыстойную супольнасць. Можна было ўбачыць сухую і выцягнутую фізіяномію амерыканца, шматлюдную расійскую сям’ю, англійскіх лэдзі, нямецкіх дзяцей з бонамі-францужанкамі. Здавалася, што пераважае славянская раса. Зусім побач размаўлялі па-польску.

Гэта была група падлеткаў і моладзі на чале з выхавацелькай ці грамадскай кіраўніцаю, якія сабраліся вакол бамбукавага століка: тры юныя дзяўчынкі, на выгляд пятнаццаці-шаснаццацігадовыя, і доўгавалосы падлетак ва ўзросце гадоў чатырнаццаці. Ашэнбах са здзіўленнем адзначыў ягоную дасканалую прыгажосць. Яго твар – бледны і прывабліва замкнёны, аблямаваны валасамі колеру мёду, з роўным профілем носа, пяшчотнымі вуснамі, выразам сур’ёзнай прыязнасці і пабожнасці – нагадваў скульптуры з Грэцыі ў эпосе яе росквіту, і пры цудоўнай дасканаласці формы ён меў такую непаўторна асабістую прывабнасць, што глядач быў упэўнены, што не сустракаў нічога роўнага ані ў прыродзе, ані ў выяўленчым мастацтве. А яшчэ прыцягваў увагу відавочна прынцыповы кантраст паміж выхаваўчымі намерамі, паводле якіх, здавалася, былі апранутыя, і ўвогуле трымаліся, брат і сёстры. Убор трох дзяўчынак, самую старэйшую з якіх ужо можна было лічыць дарослаю, быў да выродлівасці строгі і цнатлівы. Аднастайнае, як кляштарнае, адзенне сланцавага колеру, даўгаватае, без фантазіі і наўмысна нядбайна скроенае, з белымі адкіднымі каўнярамі ў якасці адзінай светлай плямы, прыгнятала і перашкаджала ўбачыць хоць нейкую прываблівасць фігуры. Гладка і моцна прылеглыя да галавы валасы рабілі твары пустымі, як у манашак, бязмоўнымі. Вядома, тут распараджалася мама, і яна нават не думала пра тое, каб выкарыстаць педагагічную строгасць і ў дачыненні да хлопчыка, такую самую, якая, здавалася, была наканавана дзяўчатам. Яго існаванне вызначалі відавочная лагоднасць і пяшчота. Ніхто не адважваўся дакранацца да яго прыгожых валасоў нажніцамі; як і ў "Хлопчыка, які дастае стрэмку"[75], яны кучаравіліся на лбе, за вушамі і далей на патыліцы. Англійскі касцюм матроса, пульхныя рукавы якога звужаліся ўніз і шчыльна ахоплівалі тонкія суставы яго яшчэ дзіцячых вузкаватых рук, надаваў пяшчотнай фігуры, дзякуючы шнуркам, пяцелькам і гафту, штосьці багатае і спешчанае. Ён сядзеў у паўпрофіль да назіральніка, выставіўшы адну нагу ў чорным лакавым абутку перад другою, упёршыся адным локцем у бакавіну плеценага крэсла, прыціснуўшы шчаку да далоні, у позе бестурботнай прыстойнасці і зусім без вымушанай здранцвеласці, з якой, здавалася, звыкліся яго сёстры. Няўжо ён хворы? Скура ж на яго твары, бледная, як слановая косць, так кантраставала з залаціста-цёмнымі кудзеркамі вакол яго. Ці ён проста быў спешчаны шчасліўчык, на якім засяродзілася любоў усіх, стыхійная і капрызная? Ашэнбах быў схільны верыць у апошняе. Амаль кожнай артыстычнай натуры з роду ўласцівая залішняя і здрадлівая здольнасць прызнаваць несправядлівасць, калі ў ёй ёсць прыгажосць, а арыстакратычнаcці выказваць спачуванне і ўхваленне.

Цераз залу прайшоў афіцыянт і на англійскай мове аб’явіў, што вячэра гатовая. Паступова людзі прайшлі цераз шкляныя дзверы ў сталоўку. З фае з боку ліфтаў падыходзілі і накіроўваліся туды ж тыя, хто прыпазніўся. У сталоўцы пачыналі падаваць на сталы, але маладыя палякі яшчэ затрымліваліся каля бамбукавага століка, і Ашэнбах, утульна ўладкаваўшыся ў глыбокім крэсле і цешачыся прыгажосцю за акном, вырашыў пачакаць, як і яны.

вернуться

75

Бронзавая статуя аўтарства невядомага грэчаскага скульптара V ст. да н. э.