Выбрать главу

Ён зайшоў цераз шкляныя дзверы і накіраваўся, перасякаючы памяшканне ўпоперак, проста да стала сясцёр. Яго хада, як праз паставу цела, так і праз згінанне ног у каленках, дотык падэшваў белага абутку да зямлі, была надзвычай прывабнаю, вельмі лёгкаю, але адначасова пяшчотна-ганарліваю ды яшчэ ўпрыгожанай дзіцячаю сарамлівасцю, з выразам якой ён, ідучы, двойчы павярнуў галаву да залы, шырока расплюшчыў вочы і апусціў іх долу. З усмешкаю ён паўшэптам штосьці прамовіў са сваім лагодна-расплывістым вымаўленнем і заняў сваё месца за сталом; і толькі цяпер, калі ён павярнуўся да гледача сваім дасканалым профілем, Ашэнбах яшчэ раз здзівіўся, нават спалохаўся, сапраўды боскай прыгажосці дзіцяці чалавечага. Хлопчык меў сёння на сабе лёгкую блузу ў сінюю і белую палоскі з чырвоным шоўкавым бантам на грудзях, а шыю захінаў просты белы стаячы каўнер. Але над гэтым каўняром, які не вельмі пасаваў паводле элегантнасці да касцюма, узвышаўся бутон галавы непараўнальнай чароўнасці – галава Эраса, жаўтавата ззяючая, як парнаскі мармур, з тонкімі і сур’ёзнымі бровамі; яго скроні і вуха былі лёгка акрытыя кудзерамі, што вертыкальна спадалі.

"Добра, добра", – падумаў Ашэнбах з тым прафесійна халодным ухваленнем, якім мастакі часам выказваюць сваё захапленне, сваю зачараванасць адносна нейчага майстэрства. А яшчэ ён падумаў: сапраўды, калі б яго не чакалі мора і пляж, ён бы застаўся тут, колькі можна прабыць! А цяпер ён пайшоў, пайшоў цераз залу пад уважлівымі позіркамі прыслугі, уніз на тэрасу і па дашчаным трапе на агароджаны пляж курортнікаў. Басаногі стары, які з’явіўся ў ільняных нагавіцах, матроскай блузе і саламяным капелюшы, – дзяжурны на пляжы – паказаў яму ягоную кабіну, вынес стол і крэсла на мошчаную пляцоўку, дзе Ашэнбах утульна ўладкаваўся ў шэзлонгу, які ён прымайстраваў як мага далей ад мора, умацаваўшы стаякі ў васкова-жоўтым пяску.

Выгляд пляжа, гэты абразок культуры, што бестурботна паводзіць сябе на краі стыхіі, забаўляў і цешыў яго, як ніколі раней. Шэрае і роўнае мора ўжо ажывілася дзецьмі, якія плёскаліся на мелізне, а яшчэ плыўцамі, рознакаляровымі фігурамі, якія, скрыжаваўшы рукі пад галавою, ляжалі на пясчаных дзюнах. Нехта катаўся на маленькіх бяскілевых чоўнах, пафарбаваных у чырвоны і сіні колер, і са смехам перакульваўся. Перад доўгім шэрагам кабінак, на пляцоўках перад якімі можна было сядзець, як на маленькіх верандах, праходзілі гульні побач з суцэльным спакоем, сустрэчамі і балбатнёю, рупны ранішні бляск спакойна існаваў раўналежна з аголенасцю, якая з дзёрзкай утульнасцю радасна карысталася вольнасцямі гэтага месца. Бліжэй да мора на вільготным і мулкім пяску адпачывальнікі з асалодаю хадзілі сюды-туды ў белых купальных халатах, у шырокіх яркіх кашулях. Праваруч мудрагелістая цвярдыня з пяску, збудававаная дзецьмі, была паабтыканая маленькімі сцяжкамі ў колерах розных краін. Прадаўцы ракавінак, печыва і садавіны раскладалі свае тавары ўкленчыўшы. Леваруч, перад адною з кабінак, што стаялі наўскасяк да шэрагу астатніх і да мора, а на гэтым баку ўтваралі край пляжа, атайбавалася расійская сям’я: мужчыны з бародамі і вялікімі зубамі; пульхныя і вялыя жанчыны; прыбалтыйская дзяўчына, якая, седзячы каля мальберта і выдаючы гукі адчаю, малявала мора; двое дабрадушна-агідных дзяцей, старая служанка ў хустцы і з ветліва ліслівымі рабскімі манерамі. Яны жылі там, удзячна задаволеныя; увесь час выкрыквалі імёны непаслухмяных дзяцей, што падоўгу жартавалі, ужываючы вобмаль італьянскіх слоў, са старым-гумарыстам, у якога яны куплялі салодкія ласункі, цалаваліся ў шчокі і не зважалі на тых, хто назіраў за іх чалавечай супольнасцю.

"Усё-такі я застаюся, – падумаў Ашэнбах. – А дзе можа быць лепей?" І склаўшы рукі на каленях, ён зазірнуў у далячыні мора, і яго позірк слізгануў прэч, расплыўся, пачаў ламацца ў аднастайнай імжы прасторавай пустэльні. Ён любіў мора ўсёю глыбінёю душы: гэтая любоў вынікала з жадання спакою, уласцівага працавітаму мастаку, які прагна імкнецца схавацца ад патрабавальнага шматаблічча з’яў на заспакаяльным улонні простага, стыхійнага; яна вынікала з забароненай, менавіта супрацьлеглай у дачыненні да ягонай, задачы і праз гэта – са спакушальнай цягі да непадзельнага, да бязмернага, вечнага, іншымі словамі, да няіснага. Спачыць на дасканалым – тужлівае жаданне таго, хто намагаецца дасягнуць выдатнага; а ці не ёсць няіснасць формай дасканалага? Але якраз калі ён у сваіх марах заглыбіўся ў пустэльню, гарызантальную лінію берага раптам перасекла чалавечая постаць, і як толькі ён вярнуў свой позірк з бязмежжа і сканцэнтраваўся, то выявілася, што гэта прыгожы хлопчык, які, з’явіўшыся з левага боку, ішоў па пяску паўз яго. Ён быў босы, гатовы ісці па вадзе, агаліўшы стройныя ногі аж вышэй за каленкі, і крочыў так лёгка і з гонарам, быццам для яго ісці басанож – звыклая справа; ён павярнуў галаву і ўважліва паглядзеў на кабінкі, якія стаялі наўскасяк. Але як толькі ён заўважыў расійскую сям’ю, якая там у радасным настроі жыла сваім жыццём, яго твар азмрочыўся злоснаю пагардаю. Лоб хлопца спахмурнеў, вусны выцягнуліся ўверх, а ўбок ад іх працягнулася, нібы ўрэзаўшыся ў шчаку, балючая зморшчына; пры гэтым бровы насупіліся так моцна, што здавалася, пад іх ціскам вочы глыбока запалі ўсярэдзіну і выяўлялі адтуль са змрочнай злосцю нянавісць. Ён апусціў вочы долу, яшчэ раз пагрозліва азірнуўся, потым зрабіў рэзкі рух плечуком і аддаліўся ад сваіх ворагаў.