Выбрать главу

Няпэўнае пачуццё пяшчоты або спалоханасці, штосьці падобнае да павагі і сораму, вымусіла Ашэнбаха адвярнуцца, быццам ён нічога не заўважыў; бо сур’ёзнаму выпадковаму сведку моцных эмоцый бывае непрыемна паказваць сваё веданне нават перад самім сабою. А ён быў адначасова і падбадзёраны і ўзрушаны, гэта значыць – ашчасліўлены. Гэты дзіцячы фанатызм, скіраваны на самы міралюбны кавалак жыцця, уносіў боска-невымоўнае ў чалавечыя стасункі; ён бачыў у тварэнні прыроды, якое было прыдатнае толькі для захаплення, вартасць больш глыбокага спачування; і ён надаў вобразу падлетка, які і так вылучаўся сваёю прыгажосцю, палітычна-гістарычную афарбоўку, што дазваляла, нягледзячы на ўзрост хлопчыка, успрымаць яго сур’ёзна.

Не паварочваючыся, Ашэнбах прыслухаўся да голасу хлопчыка, да яго звонкага, але слабаватага голасу, якім ён імкнуўся здалёк падаць вітальны знак пра сябе дзецям, якія завіхаліся вакол пясчанай крэпасці. Яму адказалі, некалькі разоў выкрыкнуўшы яму яго поўнае ці змяншальнае імя, а Ашэнбах слухаў з пэўнай цікаўнасцю, добра ўсяго не разабраўшы, акрамя двух меладычных складоў у словах "Адзя" або – часцей – "Адзю" з расцягнутым гукам "ю-у" на канцы. Яго радавала мілагучнасць воклічаў, якая здавалася яму адпаведнай аб’екту, ён паўтарыў гэтае імя сам сабе і, задаволены, зноў вярнуўся да сваіх лістоў і дакументаў.

Прыладзіўшы маленькі дарожны бювар на каленях, ён пачаў з дапамогаю аўтаручкі разбірацца з часткаю сваёй карэспандэнцыі. Але праз чвэрць гадзіны яму стала шкада, што ён толькі ў памяці пакінуў тую сітуацыю, якая вартая найбольшай асалоды, вядомай яму, і замяніў яе марнаю абыякавай дзейнасцю. Ён адкінуў ад сябе ўсё, што было звязана з пісаннем, вярнуўся да мора, і не прайшло шмат часу, як ён, прываблены галасамі дзяцей, занятых будоўляй з пяску, павярнуў галаву, абапёртую на спінку крэсла, управа, каб зноў палюбавацца заняткам цудоўнага Адзі.

Першым жа позіркам ён знайшоў хлопца: чырвоны бант на грудзях няможна было не заўважыць. Разам з іншымі ён быў заняты тым, што прыладжваў дошчачку ў якасці моста над запоўненым вадою ровам пясчанай цвярдыні, а таксама воклічамі і рухамі галавы даваў распараджэнні наконт будоўлі. З ім было прыкладна дзесяць іншых дзяцей, хлопчыкаў і дзяўчынак, аднагодкаў і малодшых, якія бязладна балбаталі на розных мовах: па-польску, па-французску і на балканскіх гаворках. Але яго імя гучала найчасцей. Відавочна, яго хацелі мець за сябра, дамагаліся гэтага, захапляліся ім. А адзін хлопчык, як і ён – паляк, прысадзісты малец, якога клікалі неяк накшталт "Яшу"[76], з чорнымі напамаджанымі валасамі, у льняным касцюме з поясам, здавалася, быў яго самым адданым васалам і сябрам. Калі праца на будоўлі была закончана, яны прагульваліся абняўшыся ўздоўж пляжа, і той, якога клікалі "Яшу", цалаваў прыгажунчыка.

Ашэнбах паспрабаваў паківаць яму пальцам. "Табе ж, Крытабул, я параю, – падумаў ён з усмешкай, – годзік павандруй! Бо табе трэба гэтулькі часу, каб паправіцца"[77]. А потым ён паснедаў буйнымі, спелымі трускалкамі, якія ён купіў у аднаго гандляра. Зрабілася вельмі цёпла, хоць сонца ніяк не магло прабіцца цераз заслону смугі на небе. Вяласць затуманіла розум, у той час як пачуцці зазнавалі радасць і асалоду ад незвычайнай і ашаламляльнай цішыні мора. Здагадацца, выведаць, што ж гэта за імя, якое гучала прыкладна як "Адзя", падалося сур’ёзнаму мужчыну прыдатнай, цалкам выканальнай задачаю і адпаведным заняткам. І, звярнуўшыся да пэўных польскіх успамінаў, ён падумаў, што, мусіць, маецца на ўвазе "Тадзя", што ў воклічы гучала як "Тадзю".

Тадзя купаўся. Ашэнбах, які страціў яго з поля зроку, заўважыў далёка ў моры ягоныя галаву і рукі, якімі ён узмахваў, грабучы; а мора, здаецца, было спакойна-роўнае, наколькі сягала вока. Але вось ужо наконт яго выявілася трывога: жаночыя галасы ад кабінак пачалі выкрыкваць яго імя, якое распаўсюдзілася па пляжы, нібы нейкі лозунг, і, дзякуючы лагодным гукам у ім, падоўжанаму "ю-у" ў канцы, утрымлівала ў сабе штосьці салодкае і дзікаватае адначасова: "Тадзю-у, Тадзю-у!" Ён падпарадкаваўся воклічам – і вось ужо бег па непадатлівай вадзе, узбіваючы нагамі пену, з адкінутаю назад галавою; бачыць, як жывая істота, па-юначы прывабная і няўклюдная, з мокрымі кудзерамі, прыгожая, як пяшчотны бог, які вынырвае з глыбінь неба і мора, вызваліўшыся ад стыхіі, – назіранне за ўсім гэтым стварала міфічнае ўражанне, нібыта хлопец быў вестуном паэзіі ад старажытных часоў, ад першапачатку формы і нараджэння багоў. З заплюшчанымі вачыма Ашэнбах прыслухаўся да спеву, які загучаў у яго душы, і яшчэ раз падумаў, што тут яму добра і што ён застанецца.

вернуться

76

Відавочна, маецца на ўвазе польскае "Jasiu" – клічны склон ад імя Ясь.