Выбрать главу

Потым Тадзя, адпачываючы пасля купання, ляжаў на пяску, захутаўшыся ў сваю белую прасціну, працягнутую пад праваю пахаю, паклаўшы галаву на голую руку; і нават тады, калі Ашэнбах не назіраў за ім, зачытаўшыся старонкамі кнігі, ён амаль ніколі не забываўся, што хлопец ляжыць там, непадалёк, і што варта яму толькі крышку павярнуць галаву направа, каб убачыць штосьці вартае захаплення. Яму нават здавалася, нібыта ён сядзіць побач, каб сцерагчы таго, які спачывае, займацца сваімі справамі й адначасова быць у заўсёднай насцярожанасці наконт шляхетнага вобраза чалавека справа, недалёка ад яго. І бацькоўская пяшчота, кранальная прыхільнасць таго, хто, ахвяруючы сабою, стварае духоўную прыгажосць, да таго, хто валодае прыгажосцю, запоўніла і ўсхвалявала яго сэрца.

Пасля дванаццаці ён пакінуў пляж, вярнуўся ў гатэль і паехаў на ліфце на паверх, дзе быў яго нумар. Ён прабавіў там, у нумары, нямала часу перад люстэркам, разглядаючы свае сівыя валасы, свой стомлены і схуднелы твар. У гэтай хвілі ён думаў пра сваю славу і пра тое, што шмат хто з мінакоў на вуліцы ведаў яго і пазіраў на яго з пашанаю за трапнае ды прыгожа-прывабнае слова, і ён згадваў усе вонкавыя поспехі свайго таленту, якія толькі прыходзілі яму на памяць, і нават прыпомніў пра сваё дваранства. Потым ён накіраваўся ў сталоўку на другі сняданак і пад’еў за сваім столікам. Калі ён пасля сняданку ўвайшоў у ліфт, моладзь, таксама пасля сняданку, увалілася ўслед за ім у кабінку, якая закалыхалася; з’явіўся і Тадзя. Ён стаяў вельмі блізка ад Ашэнбаха, упершыню так блізка, што цяпер яго можна было ўспрымаць і разглядаць не на адлегласці, якая малявала толькі агульныя абрысы, а дакладна, з падрабязнасцямі чалавечага аблічча. З хлопчыкам хтосьці загаварыў, і той, адказваючы з неапісальнаю прыязнаю ўсмешкаю, зноў выйшаў на другім паверсе, задам наперад, з позіркам, скіраваным долу. "Прыгажосць саромеецца сябе", – падумаў Ашэнбах і вельмі глыбока задумаўся, чаму. Ён, аднак, яшчэ раней заўважыў, што зубы ў Тадзі не былі добрымі: няроўныя і бясколерныя, без здаровага бляску і з надзіва крохкаю празрыстасцю, як гэта часам бывае ў малакроўных. "Ён вельмі кволы, ён нездаровы, – падумаў Ашэнбах. – Ён, хутчэй за ўсё, не дажыве да старасці". І ён не заняўся ўдакладненнем свайго пачуцця наконт задавальнення ці супакаення, якое мільгнула пры гэтай думцы.

Ён правёў у сваім пакоі дзве гадзіны, а апоўдні цераз лагуну з пахам гнілля паехаў на вапарэта ў Венецыю. Ён выйшаў на плошчы Святога Марка, там жа выпіў гарбаты і потым, у адпаведнасці са сваім планам на дзень, пачаў шпацыр па вуліцах. Але гэты шпацыр прывёў да поўнай змены настрою, першапачатковых рашэнняў.

Непрыемная задушлівасць панавала ў завулках, паветра было такое густое, што пахі, якія зыходзілі з жытла, крамаў, невялічкіх шынкоў, смурод ад бензіну, воблакі парфумы і шмат якіх іншых рэчываў, якія клубамі віселі ў ім, не рассейваліся. Дым ад цыгарэт не кранаўся са свайго месца і расплываўся вельмі павольна. Людская штурханіна назаляла, замест таго каб прыносіць забаву. Чым даўжэйшым быў яго шпацыр, тым больш пакутліва ім авалодваў агідны стан, які можа стварацца марскім паветрам упярэмешку з сірока, адначасова спалучаючы раздражненне і вяласць. Ён жудасна спацеў. Вочы адмовіліся служыць, грудзі сціснуліся, пачалася ліхаманка, кроў загрукала ў скроні. Ён пусціўся наўцёкі з запоўненых натоўпамі гандлёвых вулачак цераз масты туды, дзе ходзяць бедныя. А там чапляліся жабракі і смярдзючыя выпарэнні з каналаў перашкаджалі дыхаць. На спакойнай плошчы, у адной з тых забытых і закінутых мясцін, якія бываюць у сярэдзіне Венецыі, запыніўшыся каля фантана, ён выцер пот з ілба і зразумеў, што трэба выпраўляцца адсюль.

Ужо другі раз, а цяпер канчаткова, ён упэўніўся, што гэты горад пры такім надвор’і надзвычай шкодны для яго. Упартае цярпенне падалося неразумным, спадзявацца на перамену ветру не выпадала. Трэба было прымаць неадкладнае рашэнне. Вяртацца дадому адразу ж цяпер было нельга. Для яго прыёму не былі падрыхтаваныя ані летняе, ані зімовае жытло. Але ж мора і пляж меліся не толькі тут: недзе ж яны ёсць без гэтага дамешку кшталту лагуны і яе выпарэнняў, якія выклікаюць ліхаманку. Ён прыгадаў невялічкі курорт непадалёк ад Трыеста, які яму вельмі хвалілі. Чаму не падацца туды? Прытым не марудзячы, не губляючы часу, каб яшчэ наталіцца нечым прыемным ад змены месца. Ён упэўніў сябе, што рашэнне канчатковае, і ўстаў. На наступнай прыстані гандол ён наняў пасудзіну, і яго павезлі цераз змрочны лабірынт каналаў, пад вытанчанымі мармуровымі балконамі, паабапал якіх сядзелі львы; агінаючы слізкія вуглы сцен; міма жалобных фасадаў палацаў, вялікія шыльды фірмаў якіх адлюстроўваліся ў брудных калыханнях вады, у бок Святога Марка. Яму цяжка было трапіць туды, бо гандальер, які падтрымліваў цесную сувязь з фабрыкамі карункаў і гутамі, увесь час спрабаваў навязаць яму іх агляд і пакупку вырабаў, і калі бліскучая прагулка праз Венецыю пачала выяўляць сваю зачараванасць, то зладзейскі прадпрымальніцкі дух заняпалай княгіні рабіў сваё ў непрыемным працверажэнні розуму.