Цяпер вуліца ўжо ажывілася: постук колаў, размовы і пазвоньванне конкі даносіліся да яго; акрамя ўсяго, чулася шчабятанне птушак; зверху, з ярка-сіняга неба павяваў лагодны, цёплы ветрык.
Недзе а дзясятай гадзіне ён пачуў, як цераз пярэдні пакой ідуць сёстры; пачуў, як зарыпелі дзверы, і ўбачыў, як паўз акно прайшлі тры дамы, на што ён не звярнуў асаблівай увагі. Прайшла гадзіна. Адчуванне шчасця ўсё больш авалодвала ім.
Яго пачало напаўняць штосьці накшталт самазадаволенасці. Што за паветра наўкола, як шчабечуць птушкі! А ці не пайсці яму крыху пашпацыраваць? – І тады, раптам, без іншай думкі, у ім з салодкім страхам мільганула ідэя: «А калі ўзяць ды пайсці да яе?» – І заглушаючы адным толькі напружваннем цягліцаў у сабе тое, што са страхам папярэджвала, ён са шчаслівай рашучасцю дадаў: «Я пайду да яе!»
І ён апрануў свой чорны выхадны гарнітур, узяў цыліндр ды кіёк і хутка, часта дыхаючы, пашыбаваў цераз увесь горад у паўднёвы прыгарад. Не заўважаючы ніводнага чалавека, ён старанна пры кожным кроку ўздымаў і апускаў галаву, ахоплены міжвольным, экзальтаваным станам, пакуль не апынуўся за горадам у каштанавай алеі перад чырвонай вілай, над уваходам у якую можна было прачытаць: «Падпалкоўнік фон Рынлінген».
XII
Тут яго прабралі дрыжыкі, а сэрца ў грудзях забілася сутаргава і цяжка. Але ён прайшоў калідорам і пазваніў. Рашэнне было прынята, і адступлення не было. Няхай будзе ўсё, як будзе, падумаў ён. У ім раптам усталяваўся смяртэльны спакой.
Дзверы штуршком адчыніліся, служка пайшоў яму насустрач цераз пярэдні пакой, узяў яго візітоўку і заспяшаўся з ёй наверх па лесвіцы, якая была засцелена чырвонай дарожкай. Пан Фрыдэман глядзеў на яе, утаропіўшыся, нерухома, увесь час, пакуль служка не вярнуўся і не абвясціў, што вяльможная пані просіць падымацца наверх.
Наверсе, побач з дзвярыма салона, дзе ён пакінуў кіёк, ён зазірнуў у люстэрка. Твар быў бледны, а над пачырванелымі вачыма да лба клеіліся валасы; рука, у якой ён трымаў цыліндр, нястрымна дрыжала.
Слуга адчыніў, і ён увайшоў. Ён убачыў сябе ў даволі вялікім, паўзмрочным памяшканні; вокны былі завешаны. Праваруч стаяў раяль, а ўсярэдзіне вакол круглага стала групаваліся крэслы з высокімі спінкамі ў карычневым шоўку. Над канапай на левай бакавой сцяне вісеў пейзаж у цяжкой пазалочанай раме. Шпалеры таксама былі цёмнымі. Ззаду ў эркеры стаялі пальмы.
Прайшла хвіліна, пакуль фрау фон Рынлінген расхінула справа парцьеры і моўчкі пайшла насустрач яму па тоўстым карычневым дыване. На ёй была проста вырабленая сукенка ў чырвоную і чорную клетку. З эркера якраз на яе цяжкія рыжыя валасы падаў пук святла, у якім кружыўся пыл, так што яны на нейкую хвілю загарэліся золатам. Яна дапытліва скіравала позірк сваіх дзіўных вачэй на яго і выставіла, як звычайна, ніжнюю губу наперад.
«Вяльможная пані, – пачаў пан Фрыдэман і глянуў на яе знізу ўверх, бо ён даставаў ёй толькі да грудзей, – я хацеў бы таксама з майго боку выказаць Вам сваю пашану. Я, на жаль, адсутнічаў, калі Вы зрабілі ласку маім сёстрам… і шкадую… шчыра…»
Ён абсалютна не ведаў, што яшчэ сказаць, але яна стаяла і глядзела няўмольна на яго, як быццам хацела прымусіць яго гаварыць яшчэ. Уся кроў раптам ударыла яму ў галаву. «Яна вырашыла памучыць і пакпіць з мяне, – падумаў ён, – і яна ж бачыць мяне наскрозь! Як дрыжаць яе вочы!» Нарэшце яна прамовіла вельмі высокім і выразным голасам:
«Гэта вельмі міла, што Вы прыйшлі. Я тады вельмі шкадавала, што Вас не было. Будзьце ласкавы, сядайце…»
Яна села побач з ім, паклала рукі на бакавыя спінкі крэсла і адкінулася. Ён сядзеў, нахіліўшыся наперад, трымаючы капялюш паміж каленямі. Яна прамовіла:
«Вы ведаеце, што яшчэ чвэрць гадзіны таму тут былі Вашы паненкі-сёстры? Яны мне сказалі, што Вы захварэлі».
«Гэта праўда, – адказаў пан Фрыдэман, – сёння раніцай я адчуваў сябе нядобра. Мне здавалася, што я не змагу пайсці куды-небудзь. Я прашу прабачэння за сваё спазненне».
«Вы яшчэ і цяпер выглядаеце нездаровым», – сказала яна абсалютна спакойна і пільна глянула на яго. «Вы бледны, а Вашы вочы запаленыя, Вы ўвогуле не зусім здаровы?»
«О…, – запінаючыся, пачаў пан Фрыдэман, – увогуле я задаволены».
«І я часта хварэю, – працягвала яна, не адводзячы позірку, – але ніхто гэтага не заўважае. Я нервовая і ведаю самыя незвычайныя станы».
Яна прымоўкла, нахіліла падбароддзе на грудзі і, чакаючы адказу, пазірала на яго знізу ўверх. Але ён не адказваў. Ён ціха сядзеў і ў задуменні, шырока расплюшчанымі вачыма, глядзеў на яе. Як дзіўна яна гаварыла і як кранаў яго яе звонкі нязмушаны голас! Яго сэрца супакоілася; яму здавалася, што ён сніць… Фрау Рынлінген зноў пачала: