Выбрать главу

Вярнуўшыся ў гатэль, ён яшчэ да паўдня заявіў у адміністрацыі, што непрадбачаныя акалічнасці змушаюць яго выехаць заўтра раніцай. Там выказалі сваё шкадаванне і выпісалі рахунак. Ён пад’еў і правёў бяздзейны вечар, чытаючы часопісы, седзячы ў крэсле-качалцы на задняй тэрасе. Перад сном ён канчаткова ўпакаваў багаж для ад’езду.

Ён спаў не найлепшым чынам, яго непакоіў будучы ад’езд. Калі ён уранку адчыніў акно, неба, як і надоечы, было зацягнута, але паветра, здаецца, пасвяжэла… і зноў яго апанавала раскаянне. Ці не была гэтая выпіска з гатэля неабдуманаю і памылковаю, дзеяннем хворага і неўраўнаважанага стану? Ці не варта яму было неяк устрымацца з гэтым, ці не варта было, не ўпадаючы ў адчай, паспрабававць спачатку прызвычаіцца да тутэйшага надвор’я ці пачакаць яго паляпшэння? Тады б замест мітусні і прыгнечанага стану, яго б цяпер чакала раніца на пляжы, такая самая, як учора. Запозна. Цяпер трэба было ад’язджаць, хацець таго, чаго хацеў учора. Ён апрануўся і а восьмай гадзіне з’ехаў уніз на сняданак.

У памяшканні буфета, калі ён увайшоў, наведвальнікаў яшчэ не было. Падыходзілі асобныя госці, калі ён ужо сядзеў і чакаў замоўленага. З кубачкам гарбаты каля вуснаў ён заўважыў польскіх дзяўчат і іх кіраўніцу; строгія і па-ранішняму свежыя, з пачырванелымі вачыма, яны пайшлі да свайго стала ў кутку каля акна. Адразу пасля гэтага да яго наблізіўся парцье са знятаю шапкаю, які аб’явіў, што ўсё гатова да ад’езду. Аўтамабіль ужо стаіць, каб адвезці яго ды іншых вандроўнікаў да гатэля "Эксцэльсіёр", адкуль маторная лодка перавязе іх цераз прыватны канал таварыства на вакзал. Паводле яго слоў, час падціскае… Ашэнбах палічыў, што спеху няма. Да адпраўлення цягніка заставалася больш за гадзіну. Яго выводзіла з сябе звычка гатэльных працаўнікоў загадзя выпраўляць тых, хто ад’язджае, з будынку, і ён заявіў парцье, што хацеў бы спакойна паснедаць. Мужчына павольна адышоў, каб з’явіцца праз пяць хвілін зноў. Маўляў, машына не можа больш чакаць. Тады няхай ён едзе і возьме яго валізу, раздражнёна адказаў Ашэнбах. Ён сам у належны час сядзе на грамадскі катэр, а цяпер просіць даць яму магчымасць вырашыць самому праблемы з ад’ездам. Парцье пакланіўся. Ашэнбах, узрадаваны, што адбіўся ад абрыдлых напамінаў, няспешна закончыў сваё снеданне; ён нават папрасіў афіцыянта даць яму газету з дзённымі навінамі. Часу сапраўды заставалася мала, і ён устаў. Так супала, што ў той самы момант цераз шкляныя дзверы ўваходзіў Тадзя.

Ідучы да сваіх за сталом, ён перасек шлях да выйсця таму, хто адыходзіў, сціпла апусціў вочы долу перад сівавалосым лысаватым чалавекам, а потым звыкла прыязна зноў узняў лагодны адкрыты позірк на яго і прайшоў міма. "Адзьё, Тадзя! – падумаў Ашэнбах. – Я ненадоўга пабачыў цябе". І насуперак сваёй звычцы, ён сапраўды артыкуляваў вуснамі і вымавіў тое, што думаў, ды яшчэ і дадаў: "Будзь блаславёны!" Потым ён ад’язджаў: раздаў дробныя грошы за абслугу, выслухаў развітальныя словы маленькага непрыкметнага менеджара ў французскім пінжаку і пехатою пакінуў гатэль, як і прыйшоў, у суправаджэнні работніка, які нёс яго ручны багаж, каб цераз прысады ў белай квецені ўпоперак вострава дабрацца да трапа на катэр. Ён паспявае на яго, займае месца, а пасля… з’яўляецца тужлівае пачуццё, горкае, якое прабіваецца праз самыя патаемныя глыбіні раскайвання.