Выбрать главу

Была знаёмая паездка цераз лагуну, паўз Святога Марка, уверх па цячэнні вялікага канала. Ашэнбах сядзеў на лаўцы каля насавой часткі, упёршыся рукамі ў парэнчы, затульваючы вочы ад сонца далонню. Гарадскія сады засталіся ззаду, П’яцэта яшчэ раз прадэманстравала сваю княжацкую прывабнасць і знікла; з’явіўся вялікі шэраг палацаў, і калі водны шлях звярнуў убок, паказалася шыкоўна выгнутая мармуровая арка Рыяльта. Ён, хто цяпер развітваўся з усім гэтым, глядзеў, і яго душа разрывалася. Атмасфера горада з гэтым застаялым пахам мора і балота, ад якой яму так карцела ўцячы, – цяпер ён дыхаў гэтым паветрам на ўсе грудзі, адчуваючы пяшчотны боль. Няўжо ён не ведаў, няўжо не думаў пра тое, як дорага было ўсё гэта ягонаму сэрцу? Тое, што сёння раніцою ўспрымалася як часовае шкадаванне, ледзь адчувальныя сумневы ў слушнасці свайго ўчынку, цяпер ператварылася ў смутак, у сапраўдны боль, у сардэчнае перажыванне – гэткае горкае, што яно не аднойчы даводзіла яго да слёз, пра якое ён гаварыў сабе, што ніяк не мог дабраць розумам, што яно так будзе. Думка, што ён ніколі больш не ўбачыць Венецыю, што гэтае развітанне назаўсёды, цяжка перажывалася ім, часам здавалася проста невыноснаю… І зноў зразумеўшы, што горад прыносіць яму хваробу, што ён зноў вымушаны пакінуць яго, ён мусіў і надалей ставіцца да яго як да месца, дзе яму немагчыма, нават забаронена бавіцца: ён, здаецца, не заслугоўвае яго, і вяртацца сюды больш не мела б ніякага сэнсу. І праўда, ён адчуваў, што цяперашні ад’езд стане для яго сорамам і перашкодаю, каб убачыцца яшчэ раз з улюбёным горадам, у зносінах з якім ён два разы выявіў сваю фізічную слабасць; і гэты канфлікт паміж душэўнаю схільнасцю і фізічнаю здольнасцю здаўся яму, які старэе, раптам такім цяжкім і важным, фізічная параза – такою ганебнаю і ніякім чынам не апраўданаю, што ён ніяк не мог зразумець легкадумную слабасць, праз якую ён учора, без сур’ёзнай барацьбы, вырашыў прызнаць і трываць яе.

Між тым, катэр ужо набліжаецца да вакзала, і тут ягоныя боль і бездапаможнасць пераходзяць амаль што ў збянтэжанасць. Ад’езд здаецца пакутніку немагчымым, тым больш – вяртанне. Так, у поўнай нерашучасці, ён заходзіць на станцыю. Ужо застаецца мала часу, ён не мае права траціць ні хвіліны, калі хоча паспець на цягнік. Ён хоча гэтага і не хоча. А час падціскае, падганяе яго наперад; ён спяшаецца набыць білет і ў мітусні залы позіркам шукае прадстаўніка гатэльнага агенцтва, які завіхаецца тут. Чалавек падыходзіць і дакладвае, што вялікая валіза ўжо здадзена ў багаж. Ужо здадзена? Але, усё ў парадку… Да Кома. Да Кома? І з паспешлівага дыялогу, са злосных роспытаў і сарамлівых адказаў выяўляецца, што валіза яшчэ ў бюро апрацоўкі багажу гатэля "Эксцэльсіёр" разам з рэчамі іншых пасажыраў адпраўлена ў абсалютна памылковым напрамку.

Ашэнбаху каштавала высілкаў, каб стрымаць той выраз твару, які быў адзіна зразумелым у гэтых варунках. Радасць прыгод, неверагодная весялосць амаль сутаргава скаланула глыбіню яго грудзей. Службовец кінуўся прэч, каб, магчыма, яшчэ затрымаць валізу, і вярнуўся, як і варта было чакаць, безвынікова. Вось тут Ашэнбах заявіў, што без багажу ён нікуды не паедзе, а вернецца і, поўны рашучасці, будзе чакаць яго ў гатэлі для курортнікаў. Ці ёсць пры вакзале катэр? Чалавек запэўніў, што ён тут, вельмі блізка. Сваёй італьянскаю скорагаворкаю ён даў распараджэнне работніку ў касе забраць назад пагашаны ўжо білет на цягнік, ён пакляўся, што яны для паведамлення выкарыстаюць тэлеграф, што зробяць усё магчымае, каб неўзабаве атрымаць валізу, і – што дзіўна: вандроўнік праз дваццаць хвілін пасля свайго прыезду на вакзал зноў вяртаўся па Вялікім канале ў Ліда.

Дзіўна неверагодная, вартая сораму, смешная, як у трызненні, прыгода: мясціны, з якімі ты толькі што ў самым глыбокім смутку назаўсёды развітаўся, па волі лёсу зноў апынуліся на тваім шляху, каб менш чым праз гадзіну пабачыцца яшчэ раз! Уздымаючы пену перад носам, жвава лавіруючы паміж гандоламі і катэрамі, маленькая, шпаркая пасудзінка імчала насустрач сваёй мэце, а пасажыр у гэты час пад маскаю незадаволенасці і расчаравання хаваў палахліва-дзёрзкае хваляванне хлопчыка-ўцекача. Час ад часу яго грудзі ўсё яшчэ пачыналі ўздрыгваць ад смеху з гэтага непаразумення, лепшага за якое, як ён гаварыў сам сабе, не мог пажадаць сабе самы ўдалы шчасліўчык. Яшчэ яму давядзецца тлумачыць здарэнне, вытрываць здзіўленыя твары, а потым, так запэўніваў ён самога сябе, зноў усё наладзіцца, небяспека знікне, памылка будзе выпраўлена, і ўсё, з чым, як яму здавалася, ён развітаўся, зноў адкрыецца перад ім, надыдзе ў любы час… Ці, між іншым, яму здавалася, што яны плывуць вельмі хутка, ці сапраўды з мора падзьмуў надзвычай моцны вецер?