Выбрать главу

Часта, амаль заўсёды, Ашэнбах бачыў падлетка Тадзю; абмежаваная прастора, зададзены для ўсіх агульны распарадак дня абумовілі, што хлопчык-прыгажун увесь дзень, з кароткімі перапынкамі, бавіўся паблізу каля яго. Ён бачыў, ён сустракаў яго ўсюды: у памяшканнях ніжняга паверха гатэля, падчас асвяжальных водных прагулак у горад і назад, на багата аздобленай п’яцэце; акрамя таго, просты выпадак часцяком зводзіў іх разам. Але галоўным чынам і са шчасліваю рэгулярнасцю адпачынак на пляжы да полудня даваў яму магчымасць працяглы час прысвяціць пяшчотнаму ды ўважліваму назіранню і больш блізкаму знаёмству з хлопчыкам. Напраўду, гэтая непазбежнасць шчасця, гэтае спрыянне абставін, якое штодзённа-раўнамерна прыходзіла нанова, былі якраз тым, што напаўняла яго задавальненнем і радасцю ад жыцця, што рабіла яго час знаходжання тут дарагім сэрцу і гэтак прыемна, гожым шэрагам выстройвала адзін за адным сонечныя дні.

Ён уставаў з пасцелі рана – як звычайна, з няўтомнаю прагаю штосьці рабіць; першым за іншых з’яўляўся на пляжы – пакуль сонца яшчэ не пякло, а мора, асляпляльна белае, ляжала спакойна, заглыбіўшыся ў ранішнія мары. Ён прыязна здароўкаўся з вартаўніком загародкі, таксама даверліва вітаў босага старога з белаю барадою, які рыхтаваў яму месца для адпачынку, нацягнуўшы карычневы тэнт, і які выносіў з кабінкі мэблю на пляцоўку. Ашэнбах сядаў у крэсла. Праходзілі тры-чатыры гадзіны, за якія сонца падымалася высока і набывала жудасную сілу; тым часам мора таксама сінела ўсё больш і больш, і цяпер ён мог пабачыць Тадзю.

Ён бачыў, як той падыходзіць злева, па краёчку мора, бачыў, як ён з’яўляўся з-за кабінак, ці, пужаючыся, што ён прапусціў яго прыход, раптам радасна выяўляў, што той ужо тут, у пляжным уборы ў сіне-белую палоску, які цяпер быў ягонаю адзінаю апраткаю; бачыў, што ён паводзіць сябе, як звычайна, пад сонцам і на пяску: прыязна нікчэмны, бяздзейны і нясталы занятак, гульня і адпачынак, шпацыр, плясканне па вадзе, корпанне ў пяску, бег, ляжанне і плаванне, – пад наглядам і воклічамі жанчын на пляцоўцы, якія фальцэтам выкрыквалі яго імя: "Тадзю! Тадзю!" і да якіх ён падбягаў, старанна грымаснічаючы, каб распавесці, што́ з ім было, што ён бачыў; каб паказаць ім, што́ ён знайшоў, злавіў: ракавінкі, марскіх конікаў, медуз і ракаў, якія ходзяць задам наперад. Ашэнбах ні слова не разумеў з таго, што той казаў, – нават калі гэта было штосьці самае будзённае, у яго вушах яно чулася расцягненаю мілагучнасцю, Гэткім чынам чужаземная мова хлопчыка набывала палёт музыкі, шчодрае сонца залішне абсыпала яго ззяннем, а велічна празрыстая глыбіня мора заўсёды была фонам для яго вобраза.

Неўзабаве назіральнік ведаў кожную лінію і паставу гэтага цела – такога ўзвышанага, якое так вольна дэманстравала сябе; ён штораз нанова захапляўся ўжо знаёмаю яму прыгажосцю, і яго захапленню, пяшчотнай пачуццёвасці не было канца. Хлопчыка клікалі, каб ён павітаў якога-небудзь госця, які заявіўся да жанчын каля кабінкі; ён прыбягаў туды, магчыма, яшчэ мокры пасля купання; ён закідваў свае кудзеры назад, падаваў руку, стоячы на адной назе і ледзь дакранаючыся да яе пальцамі другой, прывабна варочаў і круціў целам, у прыгожай усхваляванасці, сарамлівы з неабходнасці выказваць прыязнасць, фарсісты з абавязку выяўляць сваю шляхетнасць. Ён ляжаў выпрастаўшыся, абкруціўшы ручніком грудзі, уткнуўшы ў пясок вытанчана сфармаваную руку, абхапіўшы падбароддзе далонню; той, каго клікалі "Яшу", сядзеў каля яго прыгорбіўшыся і ўсяляк дагаджаў яму, і нічога не магло быць больш цудоўным за ўсмешку ў вачах і на вуснах, з якой больш славутая асоба пазірала на ніжэйшую, прыслужлівую. Ён стаяў каля самага ўскрайку мора – адзін, убаку ад сваіх, зусім блізка ад Ашэнбаха – стройны, закінуўшы рукі за патыліцу, павольна гайдаючыся на пятках, і летуценна ўзіраўся ў блакіт, а дробныя хвалі, якія накочваліся, аблізвалі яго пальцы на нагах. Ягоныя мядовага колеру валасы кучаравіліся на скронях і патыліцы, сонца асвятляла пушок верхняга пазванка; тонкі малюнак скобаў, правільнасць будовы грудзей вызначалі смутныя абрысы цела; яго падпахі былі яшчэ голыя, як у статуі; яго падкаленныя ямкі блішчэлі, а сіняватыя пражылкі стваралі ягонаму целу ўражанне, быццам яно ўтворана з больш празрыстага матэрыялу. Якая парода, якая дакладнасць ідэі былі закладзеныя ў гэтым выпрастаным і па-юнацку дасканалым целе! Але ж суровая і чыстая воля, невідавочнае дзеянне якой змагло паказаць усяму свету гэты боскі мастацкі твор, – ці ж не знаёмая і ўласцівая яна яму самому, мастаку? Ці не дзейнічала яна і ў ім, калі ён, поўны раздумліва-тужлівай жарсці, з мармуровай моўнай глыбы вызваляў вытанчаную форму, якую ён, натхнёны, уявіў сабе і якую ён вынес напаказ людзям як узор і люстэрка духоўнай прыгажосці?