Выбрать главу

Узор і люстэрка! Ягоны позірк ахапіў шляхетную фігуру там, на ўскрайку блакіту, і ў летуценнай замілаванасці яму падалося, што гэтым позіркам ён зразумеў самую сутнасць прыгажосці, форму як боскую задуму, адзіную і чыстую дасканаласць, якая жыве ў духу і зыходзячы з якой тут, лёгка і пяшчотна для пакланення, было створана чалавечае аблічча з яго дакладным падабенствам. Гэта было ап’яненне; і без сумневу, нават з прагнасцю мастак, які ўжо старэў, вітаў яго. Яго розум закруціўся, яго веды захісталіся, ягоная памяць выкінула на паверхню застарэлыя, юнацкія, якія яшчэ ніколі не ажывалі ад уласнага агню, думкі. Ці ж не было напісана, што сонца пераключае нашую ўвагу ад разумовых на пачуццёвыя справы? Яно ашаламляла і зачароўвала, як сказана там, розум і памяць такім чынам, што душа, задаволеная ўласным станам, зусім забываецца і з дзіўным захапленнем спыняецца на самым прыгожым з асветленых сонцам прадмеце: нават толькі пры дапамозе якога-небудзь цела яна здольная потым яшчэ ўзняцца дзеля больш высокага сузірання. Сапраўды, Амур дзейнічаў гэткім самым чынам – як матэматыкі, якія няздольным дзецям паказваюць рэальныя карцінкі чыстых форм, таксама і Бог, каб зрабіць нам духоўнае відавочным, любіў карыстацца вобразамі і колерамі чалавечай маладосці, якую ён, каб зрабіць інструментам успамінаў, аздабляў усім бляскам прыгажосці, пры поглядзе на якую мы потым успыхвалі ў балючай надзеі.

Так ён раздумваў, натхнёны; так ён быў здольны адчуваць. І пад уздзеяннем марскога шуму і сонечнага бляску перад ім з’яўляўся вобраз, які яго хваляваў. Гэта было старое платанавае дрэва непадалёк ад муроў Афінаў, тое свяшчэнна-цяністае, усё ў квецені каштанаў месца, якое ўпрыгожвалі свяшчэнныя выявы і дары ў гонар німфаў ды Ахілеса. Ручай празрыста імкнуў да падножжа шырока разгалінаванага дрэва над гладка адшліфаваным жвірам; усюды стракаталі конікі. А на лугавіне, якая лагодна спускалася долу, так што лежачы можна было трымаць галаву высока, уладкаваліся двое, прыхаваныя тут ад спякоты дня: стараваты і юнак, брыдкі і прыгожы. Мудры побач з прыязным. Прытрымліваючыся прыстойнасці і дасціпна ўхвальных жартаў, Сакрат павучаў Федра[79] наконт жарсных памкненняў і дабрачыннасці. Ён казаў яму пра гарачыя хвалі жудасці, на якія пакутуе здольны да пачуццяў чалавек, калі яго позірк сустрэне штосьці падобнае да вечнай прыгажосці; казаў яму пра пажадлівасці неасвечанага і дрэннага, які не можа ўявіць сабе прыгажосць, калі глядзіць у яе адлюстраванне і не здольны на пачцівасць; казаў пра свяшчэнны страх, які апаноўвае шляхетную асобу, калі перад ёю з’яўляецца боскае аблічча, дакладнае цела; ён тады ўвесь калоціцца і выходзіць з сябе ды не наважваецца глянуць туды, і пакланяецца перад тым, хто валодае прыгажосцю, нават гатовы ахвяраваць яму, як выяве святых, – калі б ён толькі не баяўся, што людзі палічаць яго за вар’ята. Бо прыгажосць, шаноўны Федр, толькі яна, адначасова і пачцівая, і адкрытая: яна, – заўваж! – адзіная форма духоўнасці, якую мы ўспрымаем пачуццёва і пачуццёва можам трываць. Ці што з нас сталася б, калі б і боскае, калі б розум і добрапрыстойнасць ды праўда выяўляліся пачуццёва? Ці не загінулі б мы ды не згарэлі ад любові, як некалі Семела ад Зеўса? Такім чынам, прыгажосць – гэта шлях пачуццёвага да духу, – толькі шлях, толькі сродак, мой юны Федр… А потым ён выказаў самае далікатнае, хітрамудры кавалер: пра тое, што закаханы больш боскі, чым той, каго кахаюць, бо ў тым ёсць бог, а не ў іншым; ён выказаў самую пяшчотную, самую, магчыма, з’едлівую думку, якая калі-небудзь нараджалася і з якой вынікае ўся дзёрзкасць і самая патаемная пажадлівасць жарсных памкненняў.

вернуться

79

Федр – сын Пітаклеса, малады афінец, вучань Сакрата.