Выбрать главу

Шчасце пісьменніка палягае ў думцы, якая цалкам можа зрабіцца пачуццём, і ў пачуцці, якое цалкам можа ператварыцца ў думку. Такая неспакойная думка, такое дакладнае пачуццё належала і падпарадкоўвалася самотнаму чалавеку тады: менавіта – што прырода скаланаецца ад асалоды, калі дух у замілаванні схіляецца перад прыгажосцю. Яму раптам захацелася пісаць. Хоць, як кажуць, эрас любіць бяздзеянне і створаны толькі для гультаёў. Але ў гэты момант крызісу ўзбуджэнне апантанага было накіравана на дзейнасць. Нагода амаль не мела значэння. Пытанне, штуршок шчыра выказацца наконт пэўнай вялікай і пякучай праблемы культуры і густу перайшло ў духоўны свет і закранула душу таго, хто ўцякаў. Аб’ект, яму добра вядомы, падзея з яго досведу, яго жарснае жаданне паказаць ягоны бляск у святле свайго слова раптам выявіліся неадольнымі. Менавіта яго жаданне выявілася ў тым, каб працаваць у прысутнасці Тадзі, пішучы, браць рост хлопчыка за ўзор, кіравацца ў сваім стылі лініямі хлапечага цела, якое здавалася яму боскім, а яго прыгажосць узнесці да духоўнага, як калісьці арол узнёс пастуха з Троі ў эфір. Ён яшчэ ніколі так моцна не адчуваў асалоды слова, ніколі яшчэ так добра не ведаў, што Эрас заключаецца ў слове, як падчас небяспечна прыемных гадзін, калі ён, седзячы за сваім грубым сталом пад шатамі, назіраючы за сваім ідалам і з гукамі музыкі ягонага голасу ў вушах, складаў свой маленькі твор паводле прыгажосці Тадзі – тыя паўтары старонкі выдатнай прозы, шчырасць, высакароднасць і дрыготкае пачуццёвае напружанне якой неўзабаве меліся выклікаць захапленне шматлікіх чытачоў. Напэўна ж добра, што свет ведае толькі цудоўны твор, а не працэс яго паўставання, не ўмовы яго з’яўлення на свет; бо веды пра крыніцы, з якіх да мастака прылятала нечаканае духоўнае натхненне, адразу б прынеслі разгубленасць, страх і адразу знішчылі б уздзеянне незвычайнасці. Дзіўныя гадзіны! Дзіўная нервовая праца! Надзіва плённыя зносіны духу з целам! Калі Ашэнбах скончыў сваю працу і пайшоў з пляжа, ён адчуў сябе знясіленым, нават разбітым, і ў яго было адчуванне, быццам яго сумленне скардзіцца на распусны ўчынак.

Назаўтра ўранні здарылася так, што ён, ужо збіраючыся пакінуць гатэль, з вонкавай лесвіцы заўважыў, як Тадзя, накіроўваючыся да мора, – адзін – якраз набліжаўся да пляжнай загароды. Жаданне, простая думка скарыстацца выпадкам, каб лёгка і весела пазнаёміцца з тым, хто міжволі прыносіць яму так шмат узнёсласці і хвалявання, загаварыць з ім, парадавацца з яго адказу, яго позірку, усё больш настойліва выяўляла сябе. Прыгажун ішоў без спеху, як на шпацыры, яго лёгка было дагнаць, і Ашэнбах пайшоў шпарчэйшымі крокамі. І вось ён даганяе хлопца на дашчанай кладцы за хацінамі, ён хоча пакласці яму руку на галаву, на плечы, і ў яго на языку ўжо фарміруецца слова, прыязная французская фраза – ды тут ён раптам адчувае, што ягонае сэрца, магчыма, і ад шпаркай хады, грукае, як молат, што ён, задыхаючыся, зможа прамаўляць толькі праз зубы, дрыготкім голасам; ён марудзіць, спрабуе авалодаць сабою, ён раптам баіцца, што ўжо занадта доўга ідзе за прыгажуном, баіцца, што той зверне ўвагу, што запытальна азірнецца; ён яшчэ раз адважваецца, але не можа, адмаўляецца і з пануранаю галавою праходзіць міма.

"Запозна! – думае ён у гэты момант. – Запозна!" Але… няўжо было запозна? Гэты крок, які ён не зрабіў, магчыма, прывёў бы да нечага добрага, лёгкага і радаснага, да гаючага працверажэння. Але рэч, мусіць, палягала ў тым, што чалавек, які старэў, не хацеў працверажэння, што ап’яненне было яму занадта дарагім. Хто разгадае сутнасць і ўласцівасці мастакоўскасці? Хто разумее глыбокую інстынктыўную злітнасць выхаванасці і неўтаймаванасці, на чым яна грунтуецца! Бо заставацца не здольным хацець гаючага працверажэння – гэта неўтаймаванасць. Ашэнбах больш не гатовы быў да самакрытычнасці; густ, духоўная канстытуцыя яго гадоў, самапавага, даросласць і позняя прастадушнасць рабілі яго не схільным раскладаць на палічкі стымулы і вырашаць, чаму ён не здзейсніў сваіх намераў: кіруючыся сумленнем або з нікчэмнасці і слабасці. Ён заблытаўся, ён баяўся, што нехта, няхай сабе нават толькі вартаўнік пляжа, магчыма, назіраў, як ён ішоў, і зразумеў ягоную паразу; ён вельмі моцна баяўся, што выглядаў смешна. А ўвогуле, ён сам сабе жартаваў адносна свайго камічна-свяшчэннага страху. "Разгублены, – думаў ён, – разгублены, як той певень, які ў бойцы баязліва звесіў крылы. Сапраўды, Бог, гледзячы на штосьці вартае любові, такім чынам пазбаўляе нас мужнасці і моцна прыгнятае да зямлі розум…" Ён гуляў, марыў і быў занадта ганарлівым, каб баяцца пачуцця.