Выбрать главу

Нейкія стасункі і знаёмства абавязкова павінны былі ўсталявацца паміж Ашэнбахам і юным Тадзем, і з пранізліваю радасцю старэйшы здолеў выявіць, што прыязнасць і ўвага не засталіся цалкам без узаемнасці. Што, напрыклад, падштурхнула прыгажуна больш ніколі не карыстацца, з’яўляючыся раніцою на пляжы, дашчанаю кладкаю за хацінамі, а паволі праходзіць толькі франтальнаю сцежкаю, па пяску, паўз жытло Ашэнбаха і часам без патрэбы вельмі блізка ад яго, каля яго стала, амаль кранаючы яго крэсла, каб накіравацца да жытла сваіх сямейнікаў? Няўжо гэтак на яго пяшчотны і бяздумны аб’ект уздзейнічала прыцягненне, прывабнасць пераважнага пачуцця? Ашэнбах кожны дзень чакаў з’яўлення Тадзі, часам ён рабіў выгляд, што заняты, калі гэта здзяйснялася, і, быццам не заўважаючы, спакойна даваў яму прайсці міма. Але часам ён ускідваў вочы на Тадзю, і іх позіркі сустракаліся. У такіх выпадках абодва былі вельмі сур’ёзнымі. У дасведчаным і пачцівым выразе твару старэйшага нічога не выдавала ўнутранага хвалявання; у вачах жа Тадзі выяўлялася цікаўнасць, задумлівае пытанне; яго хада запавольвалася; ён апускаў вочы долу, потым пяшчотна зноў пазіраў угару; а калі ён ужо мінаў Ашэнбаха, то, здавалася, што яго пастава нешта гаворыць, што толькі выхаванне перашкаджае яму азірнуцца.

Але ж аднаго вечара ўсё пайшло не так. Польскіх дзяцей разам з іх гувернанткаю падчас абеду ў вялікай зале не было відаць – Ашэнбах заўважыў гэта з трывогаю. Папалуднаваўшы, ён, вельмі занепакоены іх адсутнасцю, у вячэрнім касцюме і саламяным капелюшы накіраваўся да тэрасы гатэля і раптам убачыў з’яўленне сясцёр, падобных да манашак, і іх выхавацельку, а на адлегласці чатырох крокаў за імі – Тадзю ў святле дугавых ліхтароў. Відавочна, яны ішлі ад трапа з парахода, пад’еўшы з невядомай прычыны ў горадзе. На вадзе, мусіць, было даволі холадна; Тадзя меў на сабе цёмна-сіні марскі бушлат з залацістымі гузікамі, а на галаве была адпаведная фуражка. Сонца і марское паветра не пакінулі на ім загару, колер яго скуры застаўся мармурова-жаўтаватым, як і спачатку; але сёння ён здаваўся больш бледным, чым звычайна, ці то ад прахалоды, ці то ад бледна-месячнага святла ліхтароў. Яго дакладна аднолькавыя бровы вылучаліся больш рэзка, вочы глядзелі з глыбокай цемры. Ён выглядаў невыказна прыгожым, і Ашэнбах адчуў, як ужо не адзін раз, з болем, што словам пачуццёвую прыгажосць можна толькі ўславіць, але не перадаць.

Ён не быў падрыхтаваны да дарагога яму відовішча: яно з’явілася нечакана, у яго не ставала часу надаць свайму твару спакойны і годны выраз. Нечаканая радасць, захапленне, пэўна, адбіліся ў яго позірку, якім ён сустрэў зніклага, – і ў гэтай хвілі Тадзя раптоўна заўсміхаўся: заўсміхаўся яму, размаўляючы, даверліва, прыязна і адкрыта, фарміруючы словы вуснамі, якія спачатку павольна разыходзілся ва ўсмешцы. Гэта была ўсмешка Нарцыса, які схіляецца да воднага люстэрка, – тая глыбокая, зачараваная, працяглая ўсмешка, з якой ён цягнецца рукамі да ўласнай прыгажосці, – крыху скажоная ўсмешка, скажоная бесперспектыўнасцю яго намеру пацалаваць прывабныя вусны свайго ценю, гуллівая, цікаўная і ціха пакутная, падманутая і падманная.

Той, хто атрымаў гэтую ўсмешку, уцякаў з ёю, як з наканаваным падарункам. Ён быў так моцна агаломшаны ёю, што мусіў уцякаць ад святла тэрасы, палісадніка і подбегам накіравацца ў змрок парку ў адваротным кірунку. Прадчуванні абурэння і пяшчоты вырываліся з яго: "Ты не павінен так усміхацца! Слухай, так нельга нікому ўсміхацца!" Ён з размаху сеў на лаўку і, не валодаючы сабою, удыхаў начныя пахі раслін. І адкінуўшыся, з павіслымі рукамі, зняможаны і шматкратна скалануўшыся ад жаху, ён шаптаў устойлівую формулу неадольнага пачуцця – немагчымую тут, абсурдную, адрынутую, смешную, і ўсё ж свяшчэнную, годную гонару нават тут: "Я кахаю цябе!"

V

На чацвёртым тыдні свайго адпачынку на Ліда да Густава фон Ашэнбаха дайшло некалькі непрыемных меркаванняў наконт знешняга свету. Па-першае, яму здавалася, быццам з надыходам найлепшай пары года для адпачынку колькасць жыхароў гатэля хутчэй змяншаецца, чым павялічваецца, і, у прыватнасці, быццам нямецкая мова вакол яго ўсё радзее і замаўкае, так што за сталом і на пляжы яго вуха нарэшце ўлоўлівала толькі чужыя гукі. Аднойчы ён заўважыў падчас размовы ў цырульніка, якога ён цяпер наведваў часта, слова, якое прывяло яго да неўразумення. Гэты чалавек згадаў нямецкую сям’ю, якая таксама з’ехала, нядоўга пабыўшы тут, і ён, нязмушана балбочучы, лісліва дадаў: "Вы застаяцеся, шаноўны; у Вас няма страху, што будзе бяда". Ашэнбах зірнуў на яго. "Бяда?" – паўтарыў ён. Аматар пабалбатаць прымоўк, зрабіў выгляд, што заняты, прапусціў пытанне міма вушэй, і калі яно прагучала яшчэ раз, больш настойліва, ён заявіў, што нічога не ведае, і паспрабаваў сарамліва скіраваць размову на іншую тэму.