Выбрать главу

Гэта было ў сярэдзіне дня. Папаўдні Ашэнбах пры бязветраным надвор’і і пякельным сонцапёку накіраваўся ў Венецыю; яго гнала манія паспяшацца за польскімі дзецьмі, якіх ён бачыў, калі яны рухаліся разам са сваёй суправаджальніцаю па дарозе да прыстані. Ён не ўбачыў улюбёнца на плошчы Святога Марка. Але, калі піў гарбату за металічным круглым столікам на ценевым баку, ён раптам адчуў у паветры своеасаблівы пах, і яму цяпер здалося, што гэты пах ужо цягам некалькіх дзён, не прабіраючыся ў яго свядомасць, трывожыў яго нюх: – саладжава-аптэчны пах, які нагадваў пра беднасць і раны ды падазроную ахайнасць. Ён прынюхаўся і ў задуменні пазнаў яго, закончыў свой перакус і пайшоў з плошчы зваротным бокам ад храма. У цеснаце вуліц гэты пах узмацніўся. Рагі вуліц былі заклееныя друкаванымі аб’явамі, пры дапамозе якіх насельніцтва ад імя кіраўніцтва горада папярэджвалася з прычыны пэўных захворванняў гастрычнай сістэмы, якія пры гэтым надвор’і абвастрыліся, пазбягаць спажывання вустрыц і ракавін, а таксама піцця вады з каналаў. Прыхарошаны стыль указа кідаўся ў вочы. Людзі, збіўшыся ў групы, стаялі моўчкі на мастах і плошчах; а сярод іх, прынюхваючыся і ў роздуме, стаяў і ён, чужынец.

Уласніка крамы, які, прыхінуўшыся да дзвярэй, стаяў паміж ланцужкоў караляў і штучных аметыставых упрыгожанняў, ён папрасіў сказаць, што гэта за такі пах. Мужчына змераў яго цяжкім позіркам і хутка ўзбадзёрыўся: "Прафілактычнае мерапрыемства, шаноўны! – адказаў ён з пераменным выразам твару. – Прадпісанне паліцыі, якое трэба выконваць. Гэта надвор’е прыгнятае, сірока не спрыяе здароўю. Карацей кажучы, Вы разумееце, – магчыма, перабольшаная асцярожнасць…" Ашэнбах падзякаваў яму і пайшоў. І на караблі, які вяртаў яго ў Ліда, ён усё яшчэ адчуваў пах сродка для дэзынфекцыі.

Вярнуўшыся ў гатэль, ён адразу накіраваўся ў залу да стала з газетамі і пацікавіўся аглядамі, змешчанымі ў іх. У замежнамоўных ён не знайшоў нічога. Нямецкія, аднак, змяшчалі чуткі, прыводзілі няпэўныя лічбы, перадавалі афіцыйныя абвержанні і сумняваліся ў іх праўдзівасці. Вось чым тлумачыўся ад’езд нямецкіх і аўстрыйскіх курортнікаў. Прадстаўнікі іншых народаў, мусіць, нічога не ведалі, ні аб чым не здагадваліся; яшчэ не былі занепакоеныя. "Трэба маўчаць! – усхвалявана думаў Ашэнбах, зноў кідаючы на стол прэсу. – Не варта пра гэта гаварыць!" Але адначасова яго сэрца напаўнялася задавальненнем з прычыны авантуры, у якую імкнуўся трапіць знешні свет. Бо жарсці – гэтак як і злачынству – стабільны парадак і дабрачыннасць штодзённасці не пасуюць, і кожнае паслабленне абыватальскай структуры, кожная заблытанасць і неўпарадкаванасць свету вітаюцца ім, бо там яму часткова можна спадзявацца на атрыманне сваёй карысці. Такім чынам, Ашэнбах адчуваў прыхаванае задавальненне наконт працэсаў у брудных завулках Венецыі, якія ідуць пад начальніцкаю пратэкцыяй, – гэтая нядобрая таямніца горада, якая злівалася з яго самаю запаветнаю ўласнаю таямніцаю і ў зберажэнні якой так быў зацікаўлены ён. Закаханага нічога больш так не трывожыла, як думка, што Тадзя можа з’ехаць, і ён не без жаху ўсведамляў, што не ведае, як ён будзе жыць, калі такое здарыцца.

Апошнім часам ён ужо не задавальняўся суседствам і назіраннем за прыгажуном, дзякуючы распарадку дня ці шчасліваму выпадку; ён яго пераследаваў, ён падпільноўваў яго. У нядзелю, напрыклад, палякі на пляжы звычайна ніколі не з’яўляліся; ён здагадаўся, што яны наведвалі абедню ў саборы Святога Марка; ён спяшаўся туды, і, заходзячы з пякельнай спёкі плошчы ў залацісты паўзмрок святога месца, знаходзіў таго, каго шукаў – схіленага падчас набажэнства над лаўкаю з пюпітрам. А сам ён заставаўся стаяць на заднім плане, на патрэсканай мазаічнай падлозе, сярод тых, што ўкленчылі, мармыталі, хрысціліся, і шыкоўная раскоша ўсходніх дываноў вялізным цяжарам заціскала яго пачуцці. Наперадзе сюды-туды хадзіў, маніпуляваў і спяваў убраны ў цяжкую сутану святар, тым’ян уздымаўся ўгару, ахутваў слабыя язычкі полымя свечак на алтары, і да задушліва-саладжавага тым’яну, здавалася, слаба дамешвалася яшчэ штосьці: пах хворага горада. Але скрозь смугу і мігценне Ашэнбах бачыў, як прыгажун наперадзе паварочваў галаву, шукаў і заўважаў яго.