Выбрать главу

Калі ж натоўп паплыў цераз адчыненыя дзверы на залітую сонцам плошчу, запоўненую рухавымі купкамі галубоў, Ашэнбах, захмелены сваім пачуццём, схаваўся ў прыдзвернай прасторы сабора; ён прыхаваўся, сеў у засаду. Ён бачыў, як палякі выходзяць з храма, бачыў, як дзеці з адпаведным цырыманіялам развітваліся з маці, і як яна, вяртаючыся дадому, павярнула на плошчу; ён пераканаўся, што прыгажун, манашкі-сёстры і гувернантка пайшлі направа, цераз браму вежы з гадзіннікам, у краму "Галантарэя", і, пачакаўшы крыху, ён рушыў следам за імі, прытоена пайшоў, суправаджаючы іх у шпацыры па Венецыі. Ён мусіў прыпыняцца, калі яны бавіліся дзе-небудзь, мусіў забягаць у шынкі і двары, каб незаўважна прапусціць іх, калі яны паварочвалі назад; ён губляў іх, разгарачаны і зняможаны, шукаў іх на мастах і ў брудных завулках ды перажываў хвіліны смяротнага жаху, калі раптам заўважаў, што яны ідуць яму насустрач цераз вузкі пасаж, дзе схавацца не было як. Аднак нельга сказаць, што ён пакутаваў. Розум і душа ў яго захмялелі, а хада кіравалася ўказаннямі дэмана, які адчувае задавальненне, калі яму ўдаецца растаптаць кінутыя яму пад ногі розум і годнасць чалавека.

Потым у нейкім месцы Тадзя і ўсе астатнія ўзялі гандолу, а Ашэнбах, пакуль яны ўладкоўваліся, хаваўся за нейкаю прыбудоваю, фантанам, а як толькі яны адплылі ад берага, накіраваўся такім самым чынам за імі. Ён размаўляў паспешліва-прыцішана, калі, паабяцаўшы добрую плату, загадваў весляру кіравацца незаўважна на пэўнай адлегласці за тою гандолаю, якая толькі што павярнула; і яго кінула ў пот, калі вясляр з жульніцкай пакораю звадыяша такім самым тонам запэўніў яго, што ён абслужыць яго, абслужыць як мае быць.

Гэтак ён плыў і гайдаўся, адкінуўшыся на чорныя падушкі, кіруючыся за іншаю чорнаю вастраносаю баркай, да следу якой яго прывязвала жарснае захапленне. Часам ён губляў той след: тады ён адчуваў трывогу і занепакоенасць. Але яго спакуснік, быццам спрактыкаваны ў такіх справах, заўсёды ўмеў рознымі хітрыкамі, рэзкімі паваротамі і збліжэннямі з’явіцца перад яго вачыма. Паветра было ціхае, пахла прыемна, сонца пякло скрозь смугу, якая надавала небу сланцава-бліскучы колер. Вада з усхліпамі білася аб дрэва і цэглу. Вокліч гандальера – ці то папярэджанне, ці то прывітанне – вяртаўся дзіўным такім самым адказам здалёку, з цішыні лабірынту. З маленькіх палісаднікаў наверсе, з замшэлых муроў звісалі суквецці, белыя і пурпуровыя, з пахамі міндалю. У паўзмроку рамы вокнаў, здавалася, былі ўпрыгожаныя арабскаю вяззю. Мармуровыя прыступкі царкоўных сходаў збягалі ў ваду; жабрак, які прысеў на іх, дэманструючы сваю беднасць, трымаў напагатове капялюш і паказваў бялкі вачэй, прыкідваючыся сляпым; гандляр старызнаю, уладкаваўшыся перад сваёю будкаю, запрашаў мінака падлізніцкімі грымасамі затрымацца, спадзеючыся падмануць яго. Гэта была Венецыя, ліслівая і падазроная прыгажуня; гэты горад, напалову казка, напалову пастка для старонніх, у пратухлым паветры якога калісьці буяла мастацтва і які натхняў музыкаў на гукі, што спакусліва закалыхвалі. Аматару прыгодаў здавалася, што яго зрок усмоктвае гэтую раскошу, што яго слых ахутваюць гэтыя мелодыі; ён узгадаў таксама, што горад хворы і што ён утойвае гэта з прагі нажывы, і Ашэнбах пачаў усё больш уважліва сачыць за гандолаю, якая нібы лунала, імкнучыся наперад.

Так ён, заблытаны ў сваіх пачуццях, не ведаў больш нічога і нічога не хацеў, як толькі неадольна імкнуцца за тым, хто яго распаліў; марыць пра яго, калі таго не было; і як гэта і бывае з закаханымі, прысвячаць ягонаму ўяўнаму вобразу пяшчотныя словы. Адзіноцтва, чужына і шчасце позняга і глыбокага пачуццёвага хмелю падбадзёрвалі яго і намаўлялі яго адважыцца без страху і сораму на самае незвычайнае, што і здарылася, калі ён аднаго разу позна вечарам, вяртаючыся дадому з Венецыі, спыніўся на другім паверсе каля пакоя прыгажуна, у абсалютным ап’яненні прыхіліўся ілбом да дзвярэй і доўга не мог адысці, паддаючы сябе небяспецы быць заспетым у такім вар’яцкім становішчы.

Аднак не было недахопу і ў момантах стрыманасці і амаль што разважлівасці. "Якімі шляхамі! – думаў ён у такіх выпадках з абурэннем. – Якімі шляхамі!" Як любы мужчына, якому ўспадкаваныя заслугі ўнушаюць арыстакратычную цікавасць да свайго паходжання, ён быў звыклы пры сваіх жыццёвых дасягненнях і поспехах узгадваць аб прашчурах, быць упэўненым ў іх ухваленні, іх задаволенасці ім, іх абавязковай душэўнай павазе да яго. Ён узгадаў пра іх і ў гэтай хвілі тут, заблытаўшыся ў такой непрыстойнай авантуры, знаходзячыся ў такой экзатычнай разбэрсанасці пачуццяў; ён падумаў пра трывалую строгасць, прыстойную мужчынскасць яе сутнасці і з сумам усміхнуўся. Што б яны сказалі? Але ж, што б яны сказалі пра ўсё ягонае жыццё, якое адрознівалася ад іхняга аж да выродства; што б сказалі наконт гэтага жыцця ў палоне мастацтва, пра якое ён сам аднойчы выказаўся ў абыватальскім духу бацькоў так па-юнацку з’едліва і якое ў прынцыпе было такім падобным да іхняга! Ён гэтаксама служыў, гэтаксама трываў дысцыпліну; ён быў таксама салдатам і ваяром, гэтаксама, як і яны, бо мастацтва, – гэта вайна, якая знясільвае; вайна, якую сёння доўга вытрываць было немагчыма. Жыццё ў самапераадоленні і насуперак варункам, грубае, упірыстае і поўнае ўстрымання жыццё, якое ён зрабіў для сябе ўзорам лагоднага і адпаведнага часу гераізму, – магчыма, ён назваў бы яго мужчынскім, назваў бы адважным, і яму здавалася, што толькі Эрас можа стаць такім, толькі ён нейкім чынам адпавядае такому жыццю і схільны да яго. Ці не найперш яго паважалі самыя адважныя народы, ці не гаварылася нават, што ён квітнеў у іх гарадах, дзякуючы сваёй адвазе? Шматлікія героі-ваяры старажытнасці добраахвотна насілі на сабе ягонае ярмо, бо ніводнае прыніжэнне ад бога не мела сілы, а дзеянні, пра якія вымаўляліся нядобрыя словы як пра прыкметы баязлівасці, калі яны здараліся дзеля іншых мэтаў: зямныя паклоны, клятвы, палкія просьбы і рабская існасць – усё гэта не лічылася ганьбаю для закаханага; наадварот, за гэта яго яшчэ і ўсхвалялі.