Выбрать главу

«Ці я не памыляюся: Вы ўчора пакінулі тэатр да канца спектакля?»

«Праўда, вяльможная пані».

«Мне было вельмі шкада. Вы былі ўважлівым суседам, хоць спектакль не быў добры, ці толькі адносна добры. Ці любіце вы музыку? Ці граеце вы на фартэпіяна?»

«Я крышку іграю на скрыпцы, – сказаў пан Фрыдэман. – Шчыра кажучы, амаль зусім не…»

«Вы іграеце на скрыпцы?» – спытала яна; потым зірнула паўз яго ў нікуды і задумалася.

«Але тады мы маглі б час ад часу пайграць разам, – раптам сказала яна. – Я магу крышку акампанаваць. Я была б рада, што знайшла тут некага… Вы прыйдзеце?»

«Я з задавальненнем аддаю сябе ў Ваша распараджэнне, вяльможная пані», – сказаў ён, як у сне. Усталявалася паўза. І тут раптам змяніўся выраз яе твару. Ён убачыў, як амаль незаўважная жорсткая насмешка сказіла яго, як яе вочы зноў цвёрда і пільна скіраваліся на яго з тым жахлівым дрыжаннем, як ужо было два разы да гэтага. Ягоны твар палаў чырванню, і не ведаючы, куды павярнуцца, абсалютна бездапаможны і страціўшы кантроль над сваімі пачуццямі, ён унурыў галаву зусім нізка паміж плячыма і разгублена глядзеў уніз на дыван. Нібы кароткі прыступ жаху пранізаў яго, падобны да той беспрытомнай салодка-пакутнай злосці.

Калі ён адчайным намаганнем зноў узняў позірк, яна больш не глядзела на яго, а пазірала спакойна паўзверх яго галавы на дзверы. Ён з цяжкасцю вымавіў некалькі слоў:

«А Вы, вяльможная пані, пакуль што ўсё-такі задаволеныя сваім жыццём у нашым горадзе?»

«О, – абыякава адказала фраў фон Рынлінген, – вядома. А чаму мне быць незадаволенай? Праўда, я падаюся сабе крыху абмежаванай і ўвесь час пад назіраннем, але… у астатнім, – працягнула яна адразу, – каб не забыцца: мы думаем у бліжэйшыя дні запрасіць да нас пэўных людзей, маленькую, нязмушаную кампанію. Можна было б крыху памузіцыраваць, крышку нязмушана пагаманіць… Акрамя таго, у нас за домам ёсць даволі сімпатычны сад; ён даходзіць аж да ракі. Карацей кажучы: Вы і Вашы дамы, вядома, атрымаеце яшчэ запрашэнне, але я прашу Вас ужо цяпер, каб Вы прынялі ўдзел; Вы зробіце нам такую ласку?»

Пан Фрыдэман не паспеў выказаць падзяку і згоду, як на клямку хтосьці энергічна націснуў. Увайшоў падпалкоўнік. Абое ўсталі, і пакуль фрау Рынлінген узаемна прадстаўляла мужчын, яе муж з аднолькавай ветлівасцю адвешваў паклоны як пану Фрыдэману, так і ёй. Яго смуглявы твар свяціўся цеплынёй.

Сцягваючы з рук пальчаткі, ён гаварыў штосьці моцным і рэзкім голасам, звяртаючыся да пана Фрыдэмана, які шырока расплюшчанымі, бяздумнымі вачыма пазіраў на яго знізу ўверх і ўвесь час чакаў, што той добразычліва паляпае яго па плячы. Тым часам падпалкоўнік павярнуўся на зведзеных разам абцасах і лёгка схіленым наперад корпусам да сваёй жонкі і сказаў прыкметна прыглушаным голасам:

«Ты папрасіла пана Фрыдэмана наконт яго прысутнасці на нашай маленькай сходцы, каханая? Калі табе гэта будзе прыемна, то я думаю, што мы зладзім яе праз восем дзён. Я спадзяюся, што добрае надвор’е пратрымаецца і што мы зможам прабавіць час у садзе».

«Як пажадаеш», – адказала фраў фон Рынлінген і зірнула паўз яго.

Праз дзве хвіліны пан Фрыдэман развітаўся. Яшчэ раз кланяючыся каля дзвярэй, ён сустрэўся з яе вачыма; яны пазірала на яго безвыразна.

XIII

Ён пайшоў не назад у горад, а міжволі выбраў сабе шлях, які адгаліноўваўся ад прысадаў і вёў да былога вала фартэцыі каля ракі. Там меліся добра дагледжаныя прысады, зацененыя сцежкі і лаўкі.

Ён ішоў хутка і без адмысловых думак, не падымаючы вачэй. Яму было невыносна горача, і ён адчуваў, як у ім палаюць і затухаюць языкі полымя, адчуваў, які няўмольны стук панаваў у яго зморанай галаве.

Ці на ім яшчэ не заставаўся яго позірк? Але не такі, як апошні, а такі, як раней, з гэтай дрыготкай брутальнасцю, пасля таго як яна толькі што паразмаўляла з ім у той спакойнай манеры? Ах, няўжо ёй прыносіла асалоду рабіць яго бездапаможным і выводзіць з сябе? Няўжо яна, магчыма, так добра разумеючы яго, не мела хоць кроплю спачування?

Ён ішоў унізе ўздоўж ракі, побач з валам, парослым зелянінай, потым сеў на лаўку, аточаную паўкругам кустоў язміну. Вакол усё было напоўнена салодкім задушлівым пахам. Перад ім на дрыготкай вадзе пякло сонца.

Ён адчуваў сябе дарэшты змораным і разбітым, у сярэдзіне ж усё пакутна калацілася ад хвалявання! Ці не найлепш было б – азірнуцца яшчэ раз вакол сябе і потым кінуцца ўніз у ціхую ваду, каб пасля кароткіх пакут зрабіцца вольным і выратаваным для спакою? Ах, спакой, спакой – гэта было тое, чаго ён хацеў! Але не спакою ў пустым і глухім Небыцці, а ў пяшчотна раздумлівым міры, напоўненым добрымі, ціхімі думкамі.