Выбрать главу

Такім чынам думаў Ашэнбах, заблытаны ў пачуццях, такім чынам ён спрабаваў знайсці апірышча дзеля захавання свайго гонару. Але адначасова ён звяртаў пільную і своеасаблівую ўвагу на нячыстыя працэсы ўсярэдзіне Венецыі, на тую авантуру знешняга свету, якая незаўважна спляталася з прыгодамі яго сэрца і сілкавала яго жарснае пачуцце няпэўнымі, неналежнымі надзеямі. Апантаны ідэяй даведацца штосьці новае і дакладнае пра стан ці ўзрастанне бяды, ён, седзячы ў кавярнях горада, корпаўся ў мясцовых газетах, бо яны ўжо некалькі дзён як зніклі са стала з прэсаю ў фае гатэля. У іх паведамленні чаргаваліся з абвяржэннямі. Пісалася, што выпадкаў захворванняў і смерцяў было ўжо дваццаць, сорак, нават сто і больш, і адразу ж пасля гэтага кожнае сцверджанне пра з’яўленне эпідэміі калі і некатэгарычна абвяргалася, то, аднак, зводзілася толькі да асобных, занесеных аднекуль выпадкаў. Сям-там з’яўляліся папераджальныя заявы, пратэсты супраць небяспечнай гульні замежных службаў. Дамагчыся пэўнасці не было як.

Аднак ён, самотны, усведамляў сваё асаблівае права быць сузахавальнікам таямніцы і адначасова лічыў немагчымым адчуваць своеасаблівае задавальненне ад таго, каб задаваць знаўцам заблытаныя пытанні, а тых, хто абавязаны быў маўчаць, вымушаць наўпрост хлусіць. Аднойчы за снеданнем у вялікай сталоўцы ён гэткім чынам змусіў адказваць адміністратара, таго невялічкага, ціхманага чалавека ў французкім сурдуце, які, вітаючыся і прыглядаючы за парадкам, рухаўся паміж сталамі і спыніўся на некалькі нязмушаных словаў каля століка Ашэнбаха. "Чаму, што здарылася, – спытаў спакойна, быццам між іншым, госць, чаму з нейкага часу, ні з таго, ні з сяго, дэзынфікуюць Венецыю?" – "Справа палягае…, – адказаў прыглядчык, – у мерапрыемстве паліцыі, несумненна, нейкія несумяшчальнасці ці парушэнні грамадскага здароўя, магчыма, выкліканыя задушлівым і выключна цёплым надвор’ем, на што паліцыя павінна рэагаваць паводле сваіх абавязкаў своечасова". – "Паліцыя заслугоўвае добрых словаў", – адказаў Ашэнбах, і пасля абмену параю метэаралагічных заўваг адміністратар развітаўся.

У той самы дзень пасля падвячорка здарылася так, што з гатэльнага палісадніка пачуліся галасы невялічкай групы вулічных спевакоў, якія завітала з горада. Яны стаялі, два мужчыны і дзве жанчыны, каля жалезнага слупа дугавога ліхтара, павярнуўшы свае белыя ад асвятлення твары ўверх да вялікай тэрасы, дзе курортнікі, бавячыся за каваю і ахаладжальнымі напоямі, прыязна слухалі народны канцэрт. Гатэльны персанал, ліфцёры, афіцыянты і службоўцы канторы, сталі, каб паслухаць, абапал дзвярэй залы. Расійская сям’я, актыўна і відавочна выказваючы захапленне, выкаціла крэслы на колцах у сад, каб быць бліжэй да выканаўцаў, і ўселася там паўколам. За гасподамі, у хустцы падобнай да цюрбана, стаяла іхняя старая служанка.

Мандаліна, гітара, гармонік і спеўная скрыпка добра падпарадкоўваліся спрытным рукам бадзяг-віртуозаў. Інструментальныя нумары змяняліся песнямі, калі маладзейшая жанчына рэзкім і падобным да крахтання голасам далучалася, утвараючы любоўны дуэт, да саладжава фальцэтнага тэнара. Але сапраўдным талентам і кіраўніком гэтай суполкі несумненна выявіў сябе мужчына, гітарыст, а паводле характару выканання – свайго кшалту барытон-буф, амаль безгалосы, але здольны мім і надзелены адмысловаю энергіяй комік. Не аднойчы ён адрываўся, са сваім вялікім інструментам у руках, ад астатняй групы і артыстычна выскокваў перад рампаю, дзе ягоныя выбрыкі ўзнагароджваліся падбадзёрвальным смехам. Асабліва рускія са сваіх месцаў унізе захапляліся яго рухавасцю і падбадзёрвалі яго воплескамі ды ўхвальнымі воклічамі штукарыць яшчэ больш задзірыста і ўпэўнена.