Выбрать главу

І гаворачы пра ўсё гэта, англічанін выказаў самае галоўнае. "А Вам лепш за ўсё, – сказаў у заключэнне ён, – сёння-заўтра адсюль з’ехаць. Праз нейкія колькі дзён тут будзе ўсталяваны каранцін". – "Дзякую Вам", – сказаў Ашэнбах і пайшоў з установы.

На плошчы панавала задуха, а сонца не свяціла. Неінфармаваныя турысты сядзелі перад кавярнямі або стаялі на плошчы, запоўненай усюдыіснымі галубамі, перад храмам і назіралі, як птушкі мітусіліся, б’ючы крыламі, выціскаючы адна адну, каб ухапіць з падстаўленых далоняў колькі кукурузных зярнятак. У ліхаманкавым хваляванні, цешачыся, што здабыў праўду, пры гэтым з прысмакам агіды на языку і фантастычным жахам у сэрцы, самотны Ашэнбах хадзіў сюды-туды па плітках шыкоўнага двара. Ён абдумваў прыстойны ўчынак, які павінен ачысціць яго. Ён мог сёння вечарам падысці да дамы, аздобленай каштоўнымі камянямі, і сказаць ёй прадуманыя ўжо словы: "Дазвольце мне, незнаёмцу, паслужыць Вам мадам, парадаю, папярэджаннем, насуперак Вашаму эгаізму. Ад’язджайце, калі ласка, неадкладна, разам з Тадзем і Вашымі дочкамі! Венецыя заражаная!" Ён мог тады на развітанне пакласці руку на галаву прыладзе здзеклівага божышча, павярнуцца і ўцячы з гэтага балота. Але адначасова ён таксама адчуў, што зайшоў занадта далёка, каб сур’ёзна пажадаць зрабіць такі крок – крок, які пацягнуў бы яго назад, зрабіў бы зноў яго самім сабою; але той, хто ўжо выйшаў са сваёй сутнасці, нічога не баіццца мацней, чым вярнуцца ў сябе. Ён узгадаў белы будынак, па-вечароваму ўпрыгожаны бліскучымі надпісамі, у празрыстай містыцы якіх згубілася бачанне духоўнага; а пасля і сэнс дзіўнай фігуры вандроўніка, якая прабудзіла ў Ашэнбаху падчас яго старэння няўстойлівае імкненне ў далячынь і нязведанасць; і думка пра вяртанне дадому, пра разважлівасць і цвярозасць, нягоды і майстэрства выклікала ў яго такую агіду, што яго твар скрывіўся, як перад ванітаваннем. "Трэба маўчаць! – энергічна зашаптаў ён. І яшчэ: "Я буду маўчаць!" Усведамленне сваёй дасведчанасці, сваёй вінаватасці ап’яніла яго гэтак, як невялікая колькасць віна ап’яняе стомлены мозг. Вобраз апанаванага бядою і асірацелага горада, спустошана стоячы перад яго ўнутраным зрокам, распаліў у яго душы надзеі, невыказныя, недасягальныя для розуму і незвычайнай асалоды. Што яму было тое пяшчотнае шчасце, аб якім ён толькі хвіліну назад марыў, у параўнанні з гэтымі чаканнямі? Што яму было да таго мастацтва і дабрадзейнасці ў параўнанні з перавагамі хаосу? Ён маўчаў і не кранаўся з месца.