Выбрать главу

Гэтай ноччу яму прысніўся страшэнны сон – калі гэтую цялесна-духоўную падзею можна назваць сном, якая хоць і адбылася з ім у глыбокім сне і ў самай поўнай самастойнасці і пачуццёвай рэальнасці, але побач з гэтымі падзеямі, ён у гэтым памяшканні не бачыў ні самога сябе, ні сваёй прысутнасці, ні дзеянняў; затое месцам дзеянняў была ягоная душа, а яны ўварваліся звонку, гвалтам стлуміўшы супраціў – упарты супраціў розуму, – увайшлі, а яго існаванне зрабілі нікчэмным, пакінулі спустошанаю культуру яго жыцця.

Страх – гэта быў пачатак, страх і жаданне ды страшэнная цікаўнасць наконт таго, што будзе. Панавала ноч, і яго пачуцці былі напагатове; бо потым набліжалася штурханіна, суцэльны гул і мешаніна з шумоў: шоргат, неўпарадкаваны спеў, глухі грукат, рэзкі віскат і лямант кшталту "у-у-у", і ўсё гэта пранізліва-жудасна і саладжава заглушалася груба вуркотнаю, гнюсна назойлівай музыкаю флейты, якая бессаромна, нахабным чынам зачароўвала ўсё ў сярэдзіне. Але ён ведаў адно словазлучэнне, вельмі змрочнае, якое, аднак, мела назву таго, што надыходзіла: "Чужы Бог!" Распаліўся чадны жар: тут яму ўявілася горная даліна, падобная да той, якая была вакол ягонага летняга дома. І ў разрывах святла, з вяршыні, парослай лесам, паміж ствалоў ды імшыстых скалаў пакаціўся ўніз, куляючыся, ком: людзі, звяры, статак, шалёная зграя; ён запаланіў адхон целамі, полымем, вэрхалам і п’яным карагодам. Жанчыны, наступаючы на сваё доўгае адзенне са скур, якое звісала ў іх ад пояса, матлялі бубнамі над галовамі, са стогнам закінутымі назад; размахвалі паходнямі, з якіх разляталіся іскры, ды аголенымі кінжаламі; трымалі змей з высунутым джалам, ухапіўшы іх пасярэдзіне, або з крыкамі неслі свае грудзі ў абедзвюх руках. Мужчыны з рагамі над ілбамі, ахінуўшы ніз звярынымі шкурамі, валасатыя, нагіналі галовы і высока ўздымалі рукі і ногі, грукаталі ў мядніцы, білі ў літаўры, а сыценькія хлопчыкі вострымі жазламі, аздобленымі зялёнымі галінкамі, падганялі казлоў; яны чапляліся за іх рогі і з віскатам гэткім чынам ехалі на іх. І ўсе, радасныя, раўма выкрыквалі вокліч – з мяккіх зычных і працяглым "у-у-у" на канцы, саладжавы і адначасова дзікі, ніколі не чуты: тут ён пачынаўся, ляцеў у прастору, як гук трубы, быццам трубілі алені, а потым вяртаўся рэхам – шматгалосы, у шалёнай радасці, падганяючы людзей да танцаў і калатнечы ўсяго цела, і, здавалася, што яму ніколі не будзе канца. Але ўсё пранізвалася і апаноўвалася нізкім, спакуслівым гукам флейты. Ці не спакушаў гэты гук бессаромна настойліва і яго, сведку, які супраціўляўся, узяць удзел у гэтым свяце і празмернасці надзвычайнай ахвяры? Вялізнаю была яго агіда, вялізным быў страх, шчыраю была воля да апошняга абараняць сваё ад чужога, ворага, які ваяваў супраць натхнёнага і прыстойнага розуму. Але шум, лямант, змяшаны з водгуллем ад горных сцен, рос, апаноўваў, набрыньваў, ператвараючыся ў захапляльную шалёнасць. Выпарэнні выцяснялі розум, ядавіты смурод ад казлоў, нездаровае дыханне людзей, якім не хапае паветра, і павевы, быццам ад застаялай вады, ды і яшчэ штосьці, знаёмае: смурод ад ранаў ды хваробы, якая распаўсюджваецца. Яго сэрца грымела, як удары ў бубен, мазгі ліхаманкава круціліся; яго апанавалі злосць, асляпленне, аглушальная пажадлівасць, а душа жадала ўключыцца ў карагод Бога. Непрыстойны сімвал, вялізны, драўляны, агаліўся і быў узняты: тут яны яшчэ больш няўстрымна зараўлі свой вокліч. З пенаю на вуснах яны шалелі, заражалі адзін аднаго пажадлівымі грымасамі і юрлівымі рукамі, са смехам і стогнамі калолі адзін аднаго вострымі жазламі ў голае цела і злізвалі кроў з ран. Ён жа, хто сніў усё гэта, быў разам з імі, быў усярэдзіне іх, і ён быў паслухмяны чужому богу. Так, яны – гэта быў ён, калі яны агрэсіўна і забіваючы, кідаліся на жывёл і глыталі кавалкі мяса, ад якіх яшчэ ішла пара, калі на разбэрсаным імху балотнай зямлі пачалося бязмежнае маркітаванне як ахвяра Богу. І яго душа паспытала распусты і шаленства гібелі.

Ён, вытрываўшы гэта ўсё, прачнуўся, нервова змардаваны, разбіты, зняможана апанаваны дэманам. Ён больш не баяўся позіркаў людзей, якія назіралі за ім; іх падазрэнні больш яго не турбавалі. Ды яны ўжо масава ўцякалі, ад’язджалі; шматлікія пляжныя збудаванні апусцелі, з ліку работнікаў сталоўкі шмат каго ўжо бракавала, а ў самім горадзе рэдка калі можна было ўбачыць турыста. Відаць, праўда прасачылася, паніку, нягледзячы на ўпартую трываласць зацікаўленых, стрымаць ужо было немагчыма. Але жанчына ў каштоўных упрыгожаннях заставалася са сваімі блізкімі, магчыма, таму, што чуткі не дайшлі да яе, ці таму, што яна мела дастаткова гонару і смеласці, каб не паддацца: Тадзя застаўся, і Ашэнбаху, у яго разгубленасці, часам здавалася, што ўцёкі і смерць знішчаць усё навокал, што перашкаджае яго жыццю, а яны застануцца на востраве толькі ўдваіх з прыгажуном – і раніцай ля мора яго позірк цяжка, без адказу, упарта запыняўся на постаці жаданай асобы, а на схіле дня ён ішоў цераз завулкі, у якіх патаемна блукала смерць; непрыстойна ішоў за ім, і непрыстойна жудаснае, здавалася яму, неўзабаве будзе законам маралі.