Выбрать главу

Яго галава палала, яго цела аблівалася клейкім потам, ён адчуваў дрыжыкі ў патыліцы, ён пакутаваў ад невыноснай смагі, ён пачаў шукаць месца паблізу, дзе можна было б пад’есці. Перад маленькаю крамаю агародніны ён купіў крышку ягад, клубніц, пераспелых і мяккіх, і з’еў іх на хаду. Перад яго вачыма паўстала невялічкая плошча, якая здавалася закінутаю, зачараванаю; ён пазнаў гэтае месца, дзе некалькі тыдняў таму назад прыняў неажыццёўлены пасля план наконт уцёкаў. На прыступках вадазборніка, пасярэдзіне плошчы, ён прысеў і прыхінуўся галавою да цаглянай акругласці. Было ціха; на вуліцы проста з бруку расла трава. Вакол ляжала смецце. Сярод старых, рознай вышыні, дамоў навокал вылучаўся адзін, падобны да палаца, са спічастымі вокнамі, за якімі адчувалася пустэча; дом быў упрыгожаны невялічкімі балконамі з ільвамі. На першым паверсе суседняга дома месцілася аптэка. Цёплыя павевы прыносілі час ад часу пахі карболкі.

І вось ён сядзеў там, майстар, ганаровы мастак, аўтар "Галетніка", які ў такой узорна чыстай форме адкінуў бадзяжнае жыццё і змрочную глыбіню, не прыняў прадоння і зганіў заганнае; той, хто так высака ўзняўся, хто пераадолеў свае веды і перарос усялякую іронію, прызвычаіўся да заўсёднасці масавага даверу; той, чыя слава была прызнаная афіцыйна, чыё прозвішча набыло дваранскую прыстаўку і чый стыль прыводзіўся як прыклад для маладых, – вось ён сядзеў там; яго павекі былі апушчаны; толькі час ад часу яго з’едлівы і збянтэжаны позірк аджываў, зноў хаваючыся, а яго звялыя вусны, касметычна прыпаднятыя, артыкулявалі асобныя словы з таго, што фармуляваў яго паўсонны мозг, карыстаючыся дзіўнаю логікай трызнення.

"Але ж прыгажосць, Фэдр, – запомні! – толькі прыгажосць ёсць боскаю і адначасова відочнаю, і яна, такім чынам, ўяўляе сабою шлях пачуццёвага і, мой юнача Федр, шлях мастака ў духоўнасць. Але няўжо ты думаеш, мой любы, што мудрасцю і сапраўднай мужчынскаю годнасцю можа калі-небудзь авалодаць той, для каго шлях у духоўнасць вядзе праз пачуццёвасць? Ці, магчыма, ты думаеш (я даю табе свабоду выбару), што гэта – небяспечна-прыемны шлях, сапраўды шлях памылак і грэху, які абавязкова вядзе ў аблуду? Табе неабходна ведаць, што мы, творцы, не можам ісці па шляху прыгажосці без таго, каб да нас не прымкнуў Эрас і не аб’явіў сябе правадыром; мы нават можам быць свайго кшталту героямі і дысцыплінаванымі ваярамі, але ўсё-роўна, мы – як жанчыны, бо жарснае пачуццё – гэта тое, што ўзвышае нас, а нашым палкім пачуццём павінна застацца каханне, – гэта і наш трыумф і нашая ганьба. Ты ж, пэўна, бачыш, што мы, творцы, не можам быць ані мудрымі, ані годнымі? Што мы абавязкова трапляем у аблуду, што мы абавязкова застаёмся распуснымі асобамі ды аматарамі пачуццёвых прыгодаў? Захоўванне майстэрства ў стылі – гэта падман і дурасць, нашы слава і ганаровы стан – гэта толькі фарс, давер да нас збоку натоўпу – надзвычай смешны; выхаванне народу і моладзі праз мастацтва – гэта рызыкоўная справа, якую варта забараніць. Бо як можа быць выхавацелем той, каму ад нараджэння ўласцівая непапраўная і натуральная цяга да прадоння? Мы, верагодна, можам вырачыся гэтай цягі і дамагчыся паважнасці, але як бы мы ні круціліся, яно нас вабіць. І мы адкідаем вызвольнае пазнанне, бо пазнанне, Фэдр, не валодае паважнасцю і строгасцю: яно валодае ведамі, разуменнем, здольнасцю прабачыць, без непасрэднасці і формы; яно сімпатызуе прадонню, яно і ёсць прадоннем. Такім чынам, мы яго рашуча не прымаем, і ў будучыні застаецца адзінае, да чаго мы імкнёмся, – прыгажосць, гэта значыць прастата, велічнасць і новая строгасць, ды яшчэ: непасрэднасць і форма. Але форма і непасрэднасць, Фэдр, прыводзяць да ап’янення і пажадлівасці, прыводзяць, магчыма, шляхетнага чалавека да брутальнай распушчанасці, якая адмаўляецца яго ўласнай прыгожаю строгасцю як штосьці агіднае, прыводзяць да бездані, яны таксама. Нас, творцаў, кажу табе, яны даводзяць да пагібелі, бо мы не здольныя ўзвышацца ў сабе, мы можам толькі распуснічаць. Ну, я пайду, Фэдр, а ты заставайся тут, і толькі калі я знікну з твайго поля зроку, тады ідзі й ты".