Выбрать главу
* * *

Праз некалькі дзён Густаў фон Ашэнбах, адчуваючы сябе нядобра, уранні выйшаў з курортнага гатэля крыху пазней, чым звычайна. Яму трэба было пераадолець пэўныя прыпадкі галавакружэння, якія закранулі і цела, пры несупынным нарастанні страху і бездапаможнасці, з адчуваннем безвыходнасці і бесперспектыўнасці, ды яшчэ не ведаючы, з чым гэта было звязана – з навакольным светам ці ўласным жыццём. У фае ён убачыў вельмі шмат багажу, падрыхтаванага для ад’езду, спытаў у швейцара, хто ад’язджае, і ў адказ пачуў польскае шляхецкае прозвішча, якога ён ужо патаемна і чакаў. Ён успрыняў яго спакойна, ніводная рыска яго апалага твару не здрыганулася, толькі галава прыўзнялася крышку ўгору, быццам паказваючы, што міжволі чалавек атрымаў інфармацыю, якая яму і непатрэбная, і спытаў яшчэ: "Калі?" Адказ быў: "Пасля ланчу". Ён кіўнуў і пайшоў на мора.

Там было няўтульна. Па шырокай роўнай вадзе, якая аддзяляла ўзбярэжжа ад пясчанай водмелі, бесперапынна беглі кучаравыя баранчыкі. Восеньскі настрой, адчуванне нежыццёвасці павісла над амаль што апусцелымі курортамі – калісьці такімі стракатымі, – пляжны пясок у якіх не падтрымліваўся ўжо ў былой чысціні. Фотаапарат, відаць, безгаспадарны, замацаваны на трыножным штатыве, стаяў каля самага мора, накінутая на яго чорная хусціна з лопатам развявалася на халодным вятры.

Тадзя, з двума-трыма сябрукамі, якія яшчэ засталіся, з правага боку ад кабіны рухаўся да сваіх, і, з пакрывалам на каленях, прыкладна на аднольквай адлегласці ад мора і кабінак, Ашэнбах, адпачываючы ў сваім жэзлонгу, яшчэ раз паглядзеў у яго бок. Гульня без сведкаў, бо жанчыны, відаць, заняліся падрыхтоўкай да ад’езду, здавалася, пайшла не па правілах, а потым і зусім сапсавалася. Гэты каржакаваты і ў касцюме з поясам і з чорнымі, напамаджанымі валасамі, якога клікалі "Яшу", раззлаваны і аслеплены кінутым яму ў твар пяском, распачаў барацьбу з Тадзем, якая хутка закончылася падзеннем слабейшага прыгажуна. Але як быццам у апошнюю гадзіну прыслужніцкі дух больш нікчэмнага ператварыўся ў жорсткую грубасць і вырашыў адпомсціць за працяглае рабства; пераможца адразу не адпусціў пераможанага, а трымаючы яго каленам на зямлі, настойліва ўціскаў ягоны твар у пясок, так што Тадзя і без барацьбы ўжо ледзьве не задыхаўся. Ягоныя спробы скінуць з сябе цяжкое цела, былі сутаргавымі, у нейкія моманты ён ужо нават адмаўляўся ад іх, а калі потым і паўтараў, то гэта былі толькі паторгванні. Агорнуты жахам, Ашэнбах хацеў ужо кінуцца на выратаванне, калі гвалтаўнік нарэшце адпусціў сваю ахвяру. Тадзя, вельмі бледны, прыўстаў і застаўся сядзець некалькі хвілін нерухома, абапёршыся на руку, з ускудлачанымі валасамі і пацямнелым позіркам. Потым ён усё ж такі ўстаў як след на ногі і паволі пайшоў адтуль. Яго паклікалі, спачатку бадзёра, потым баязліва, просячы; ён не чуў. Чарнавалосы, якога, відаць адразу апанавала пачуццё раскайвання з прычыны сваёй выхадкі, дагнаў яго і спрабаваў прымірыцца. Яму адмовілі адным рухам пляча. Тадзя ішоў напрасткі да вады. Ён быў босы і апрануты ў ільняны касцюм у палоску з чырвоным бантам…

Ён пастаяў са схіленаю долу галавою каля самай вады, малюючы коньчыкамі пальцаў нагі фігуры на мокрым пяску, а потым сышоў з берага ў плыткае прыбярэжжа, дзе ў самым глыбокім месцы вада не даходзіла да каленяў; ён пайшоў далей, павольна пасоўваючыся наперад, і дайшоў да пясчанай водмелі. Там ён нейкую хвілю пастаяў, павярнуўшы твар у далячынь, а потым паволі пачаў адступаць усё далей налева ад доўгай і вузкай паласы голага дна. Аддзелены ад сушы шырокім пасам вады, ганарліва адлучыўшыся ад сябрукоў, ён, надзвычай самотны, дэзарыентаваны, ішоў з ускудлачанымі ад ветру валасамі, ужо далёка ў моры, пад парывамі ветру, насустрач туманнаму бязмежжу. Ён яшчэ раз спыніўся, каб паглядзець вакол сябе. І раптам, быццам штосьці ўзгадаўшы, як ад штуршка, ён павярнуў тулава, упёршы руку ў сцягно, прыгожа крутнуўся, змяніў сваю асноўную позу і цераз плячо зірнуў на бераг. А той, хто назіраў за ўсім, сядзеў, як і сядзеў заўсёды раней, быццам толькі што вярнуўшыся з уцёкаў, і гэты змрочны позірк, здавалася, зноў сустрэўся з ягоным. Яго галава на спінцы крэсла паволі паварочвалася ўслед за рухамі таго, хто крочыў у далечыні: вось яна паднялася, быццам насустрач позірку і ўпала на грудзі, так што вочы глядзелі цяпер знізу ўверх, а ягоны твар выяўляў цяпер расслабленасць, звернутасць у самога сябе, выраз глыбокага сну. А ў яго стварылася ўражанне, быццам бледны і любы псіхагог[82] усміхаеццца яму адтуль здалёку, і махае яму рукою; быццам, адняўшы руку ад сцягна, паказвае кірунак, плыве ў запаветна-незвычайнае. І як часта ўжо бывала раней, ён устаў, каб пайсці за ім услед.

вернуться

82

Псіхагог – у старажытнай грэчаскай міфалогіі праваднік душ на той свет; які выклікае душы зцарства мёртвых; духоўны настаўнік.