Выбрать главу

Прайшло некалькі хвілін, перш чым людзі заспяшаліся на дапамогу чалавеку, які заваліўся ў крэсле набок. Яго занеслі ў пакой. І ўжо таго самага дня свет абляцела вестка пра яго смерць, якая прымусіла ўсіх пашанотліва здрыгануцца.

Прамова Томаса Мана на банкеце ў Гранд Гтэлі, прысвечаным уганараванню Нобелеўскай прэміяй. Стакгольм, 10 снежня 1929 года

Вось і для мяне надышоў момант выказаць падзяку, вельмі жаданы момант, пра гэта няма патрэбы лішне гаварыць. Так, ён настаў, калі ўжо баішся, што не знойдзецца слова, адпаведнае пачуццю, як гэта часта здараецца з прыроджанымі не-прамоўцамі. Да прыроджаных не-прамоўцаў я залічваю пісьменнікаў увогуле: ёсць глыбокія адрозненні, нават супрацьлегласці, паміж метадамі творчасці і ўздзеяння прамоўцы і пісьменніка, бо менавіта імправізацыя, літаратурная прыблізнасць усяго моўленага, прынцып мастацкай недагаворанасці, які шмат у чым, нават у вырашальным, разлічвае на дадатковую дапамогу асабістага ўздзеяння, для інстынктаў прынцыповай пісьменніцкай асобы будзе непрымальным. У маім жа выпадку дадаюцца яшчэ неспрыяльнасці часу, якія пакідаюць мала надзеі на поспех майго вымушанага выступу: абставіны, у якія праз Вас, шаноўнае спадарства са Шведскай Акадэміі, я трапіў, бурлівыя абставіны, якія цудоўна бянтэжаць і пераварочваюць усё дагары нагамі, абставіны якія ствараюць апірышча і ладзяць свята жыцця. Сапраўды, у мяне не было ніякага ўяўлення пра грымотную сілу ўганаравання, якое Вы цяпер трымаеце ў руках з правам уручыць яго. Я – натура эпічная, а не драматычная. Спакойнае прадзенне сваёй ніткі, раўнамернасць у жыцці і мастацтве – гэта тое, што адпавядае маім пажаданням і намерам. Не дзіўна, што драматычны выбуховы эфект, які з Поўначы ўварваўся ў гэтую размеранасць, яшчэ больш абмяжоўвае мае звычайныя размоўныя здольнасці. З таго часу, як рашэнне, прынятае ў асяродку Шведскай акадэміі, стала вядома ў свеце – я жыву ў безупыннай святочнай мітусні, чароўным вэрхале, душэўныя і духоўныя вынікі якога я найлепшым чынам ахарактарызую, калі згадаю дзіўна цудоўны верш Гётэ. Ён звернуты да самога Купідона, я маю на ўвазе радкі: "Ты ўсё пераставіў і зрушыў". Так, Нобелеўская прэмія драматычна пераставіла і зрушыла ўсё эпічнае ў маім побыце, – і, праўда ж? – я не буду занадта фамільярным у дачыненні да майго уганаравання, калі параўнаю яго ўздзеянне з уплывам любоўнай жарсці на хаду ўладкаванага жыцця.

І ўсё-такі, як цяжка для мастака вытрываць з добрай мінаю такія ўшанаванні, якія шумна абрынаюцца цяпер на мяне! Ці ёсць хоць адзін прыстойны, самакрытычны занятак мастацтвам з чыстым сумленнем? Тут можа дапамагчы толькі над-асабісты, над-індывідуальны пункт погляду. Вызваліцца ад індывідуальнага – заўсёды дабрачыннасць, асабліва ў такім выпадку. Гётэ належыць ганаровае слова: "Толькі нягоднікі – сціплыя". Гэта слова вяльможнага пана, які такім чынам хацеў адвесці ад сябе мараль крывадушніка і двурушнай асобы. Але, шаноўнае спадарства, гэта слова не безумоўна адназначнае.

Сціпласць мае штосьці агульнае з розумам, інтэлігентнасцю; і, на маю думку, апошнім дурнем можна лічыць таго, хто такія ўшанаванні, якія выпалі на маю долю, захоча ператварыць у крыніцу ганарлівасці і пыхі. Я лічу, што гэта будзе добрым ўчынкам, калі я сусветную прэмію, якая больш-менш выпадкова звязана з маім імем, пакладу да ног маёй краіны і майго народа – гэтай краіны і гэтага народа, з якімі такі чалавек, як я, сёння адчувае сябе злучаным яшчэ мацней, чым у часы, калі ўлада набірала сілу пад металёвы звон. Для нямецкага духу, у прыватнасці для нямецкай прозы, пасля доўгіх гадоў гэты год зноў адзначаны сусветнаю прэміяй, і Вам цяжка ўявіць пачуццёвую ўспрымальнасць гэтага параненага і шматкроць незразуметага народа адносна такіх знакаў сусветнай сімпатыі.

Я адважуся папрасіць Вашага дазволу крышку падрабязней патлумачыць сэнс гэтай сімпатыі: тое, што было дасягнута ў Германіі ў апошнія паўтара года ў сферы духу, мастацтва, не здзяйснялася пад аховаю спрыяльных варункаў, не ў бяспечных душэўных і матэрыяльных умовах; ніводная справа не магла завяршыцца і даспець у бяспецы і спрыяльным спакоі – не, умовы для мастацтва і духу былі ў палоне самай вострай агульнай праблематыкі, гэта былі ўмовы нястач, непаладкаў і пакутаў, амаль усходняга, амаль рускага хваравітага разгулу, сярод якога нямецкі дух захоўваў заходні, еўрапейскі прынцып, гонар формы. Бо, пагадзіцеся, форма —у Еўропе гэта справа гонару!.. Я не католік, шаноўнае спадарства, мая традыцыя, як, магчыма і ўва ўсіх Вас, – гэта пратэстанцкая непасрэднасць Бога. Тым не менш, у мяне ёсць улюбёны святы. Я назаву вам яго імя: гэта святы Себасцьян – вядомы вам юнак каля слупа, якога з усіх бакоў пранізваюць пікі і стрэлы, і які, пакутуючы, усміхаецца. Прывабнасць у пакутах – гэта геройства, якое сімвалізуе святы Себасцьян. Вобраз, магчыма, смелы, але я маю спакусу залічыць гэтае геройства да нямецкага духу, натхніць ім мастацтва ды меркаваць, што сусветнае ўшанаванне, якое выпала на долю літаратурным дасягненням Германіі, абавязана гэтаму вытанчанаму геройству. Германія сваёй творчасцю выявіла прывабнасць у пакутах. Яна захавала гонар: у сферы палітыкі, не разваліўшыся ў анархіі болю, захаваўшы дзяржаву; а ў духоўнай сферы – тым, што сумела аб’яднаць усходні прынцып пакутаў з заходнім прынцыпам формы, выявіўшы прыгажосць у пакутах.