Выбрать главу

Уся яго пяшчотная любоў да жыцця і глыбокая туга па страчаным шчасці ў гэты момант ліхаманкава працяла яго. Але потым ён азірнуўся, глянуў у маўклівы, бясконца абыякавы спакой прыроды, убачыў, як рака, асветленая сонцам, плыла сваім шляхам, як дрыготка варушылася трава, а кветкі заставаліся там, дзе яны расцвілі, каб потым завянуць, абляцець і быць развеянымі ветрам, убачыў, як усё з нямой паслухмянасцю схілялася перад існасцю; ім раптам апанавала пачуццё прымірэння і паразумення з неабходнасцю, і гэтае пачуццё давала ўпэўненасць, што любы лёс – пераадольны.

Ён згадаў той надвячорак свайго трыццацігоддзя, калі яму, шчасліваму, што займеў спакой, здавалася, што ён можа без страху і надзеі азіраць рэшту свайго жыцця. Тады ён не бачыў ні святла, ні ценю, перад ім усё ляжала ў мяккім паўзмроку, пакуль там, на заднім плане, амаль незаўважна, усё не растварылася ў змроку, а ён са спакойнай і пераможнай усмешкай глядзеў на будучыя гады, якія яшчэ павінны прыйсці… Як даўно ўсё гэта было?

І тады прыйшла гэтая жанчына, яна абавязкова мусіла была прыйсці, гэта быў яго лёс, яна сама была яго лёсам, толькі яна! Ці не было ў яго гэтага пачуцця ад першага моманту? Яна тады прыйшла, і ці не спрабаваў ён абараніць свой спакой… У яе ўсё ягонае павінна было выклікаць абурэнне, тое, што ён з юнацтва прыгнятаў у сабе, адчуваючы, што гэта азначала для яго пакуты і кананне; гэта захапіла яго жудаснай, непераадольнай сілай і несла яму пагібель!

Гэта знішчала яго, ён адчуваў. Але навошта яшчэ змагацца і пакутаваць? Няхай ідзе ўсё так як ідзе! А яму трэба рухацца сваім шляхам і заплюшчыць вочы перад раскрытай безданню там на заднім плане, падпарадкоўваючыся лёсу, падпарадкоўваючыся звышмоцнай, здзекліва салодкай сіле, з-пад улады якой вырвацца немагчыма.

Вада зіхацела, язмін утвараў востры, задушлівы пах, птушкі шчабяталі вакол у галінах дрэў, паміж якімі свяцілася цяжкое, аксамітна-сіняе неба. А маленькі гарбаты пан Фрыдэман яшчэ доўга сядзеў на лаўцы. Ён сядзеў, нахіліўшыся наперад, падпёршы лоб абедзвюма рукамі.

XIV

Усе пагаджаліся, што ў Рынлінгенаў забава атрымалася выдатная. Каля трыццаці чалавек месціліся за даўгім, з густам упрыгожаным сталом, які цягнуўся цераз прасторную сталовую; адзін хатні служка і два часовыя ўжо бегалі з марозівам; усюды чулася пазвоньванне шклянога посуду, пастукванне сталовых прыбораў і адчуваўся цёплы водар страў ды парфумы. Тут сабраліся паважныя буйныя гандляры са сваімі лепшымі паловамі і дочкамі; акрамя таго, амаль усе афіцэры гарнізона, стары лекар, якога ўсе любілі, некалькі юрыстаў і ўсе тыя, хто далучае сябе да першых колаў. Тут прысутнічаў і адзін студэнт-матэматык, пляменнік падпалкоўніка, які прыехаў наведаць сваякоў; ён вёў глыбакадумныя размовы з паненкай Хагенштром, якая сядзела насупраць пана Фрыдэмана.

А ён сядзеў на цудоўнай аксамітнай падушцы пры другім канцы стала побач з непрыгожай жонкай дырэктара гімназіі, недалёка ад фрау Рынлінген, якую да стала праводзіў консул Штэфэнс. Проста дзіўна, якія змены адбыліся за гэтыя восем дзён у маленькім пане Фрыдэмане. Магчыма, прычына была часткова ў белым святле газавых лямп, якім была асветлена зала – і праз гэта яго твар здаваўся такім жахліва бледным; яго шчокі былі ўпалымі, пачырванелыя вочы, з цёмнымі ценямі вакол іх, выяўлялі невыказна журботнае адценне, і было такое ўражанне, што яго цела яшчэ больш скалечана, чым звычайна… Ён піў шмат віна і прамаўляў час ад часу некалькі слоў да сваёй суседкі.

Фрау фон Рынлінген яшчэ не перакінулася за сталом ніводным словам з панам Фрыдэманам, цяпер яна крыху нахілілася і крыкнула яму:

«Я дарэмна чакала Вас у гэтыя дні, Вас і Вашу скрыпку».

Ён, перш чым адказаць, на момант зірнуў на яе зусім адсутным позіркам. На ёй быў светлы лёгкі ўбор, які адкрываў яе белую шыю, а ў бліскучых валасах месцілася ружа «маршал Ніл», якая ўжо цалкам расцвіла. Шчокі фрау фон Рынлінген сёння вечарам былі крыху падрумяненыя, але, як заўсёды, у куточках яе вачэй ляжалі сіняватыя цені.

Пан Фрыдэман апусціў вочы ўніз, гледзячы на сваю талерку, і нічога не прамовіў у адказ, пасля чаго яму трэба было рэагаваць на пытанне жонкі дырэктара гімназіі, ці любіць ён Бетховена. Але ў гэтую самую хвіліну падпалкоўнік, які сядзеў на чале стала, кінуў у бок сваёй жонкі позірк, пастукаў па шклянцы і сказаў:

«Шаноўнае спадарства, я прапаную перайсці піць каву ў іншае памяшканне; між іншым, сёння вечарам павінна быць няблага і ў садзе, і калі хто жадае крышку дыхнуць там свежым паветрам, то я падтрымаю яго». У цішыню, якая ўсталявалася, лейтэнант Дайдэсгайм з пачуцця такту ўкінуў лёгкі жарт такім чынам, што ўсе паўставалі, весела смеючыся. Пан Фрыдэман пакінуў залу сярод апошніх са сваёй дамаю, ён праводзіў яе цераз старанямецкае памяшканне, дзе ўжо пачалі паліць, у паўзмрочную і ўтульную гасцёўню і развітаўся з ёю.