Выбрать главу

А цяпер дазвольце мне на заканчэнне яшчэ раз закрануць асабістае. Ужо самым першым суразмоўцам, якія наведалі мяне пасля прынятага рашэння, я выказаўся пра тое, як моцна мяне закранае, якое задавадьненне мне прыносіць тое, што гэтая ўзнагарода прыйшла да мяне менавіта з Поўначы, з гэтага скандынаўскага рэгіёна, з якім мяне, дзіця Любека, змалку звязвае так шмат супадзенняў у форме побыту, як пісьменніка так шмат літаратурнай сімпатыі і захаплення духам ды інтанацыямі Поўначы. Яшчэ маладым чалавекам я напісаў апавяданне, якое ўсё яшчэ падабаецца маладым людзям, апавяданне "Тоніа Крэгер". У ім гаворка ідзе пра Поўдзень і пра Поўнач і пра змешванне абедзвюх адметнасцяў у адной асобе – канфліктным і прадуктыўным змешванні. Поўдзень у гэтай гісторыі – сімвал усялякага духоўна-пачуццёвага прыгодніцтва, халоднай пажадлівасці артыстызму; Поўнач, наадварот, – гэта сімвал усялякай сардэчнасці і грамадзянскай Радзімы, усялякага глыбока захаванага пачуцця, усялякай шчырай чалавечнасці. І вось ён атуляе і сустракае мяне як прамяністае свята, гэтая сардэчная радзіма Поўначы. Гэта цудоўны, змястоўны дзень у маім жыцці, сапраўднае Свята жыцця, högtidsdag, як выразна шведская мова называе свята ўвогуле. З гэтым словам, няёмка запазычаным са шведскай мовы, дазвольце мне звязаць просьбу, якую я выказваю на заканчэнне. Давайце ж аб’яднаемся, шаноўнае спадарства, у падзяцы і пажаданнях шчасця дабраслаўлёнаму і сусветна вядомаму фонду, якому мы абавязаны гэтым цудоўным вечарам. Паводле добрага шведскага звычая, давайце адзінагалосна разам са мной выгукнем у гонар Нобелеўскага фонду чатырохразовае слава! слава! слава! слава!