Выбрать главу

„Дык ты думаў, што я…“

„Ну, я думаў, што ты спадзяваўся…“

„Ах, Ролінг!..“

„А… так. Прабач, нарэшце я пачынаю цяміць. Настолькі сентыментальна я сабе гэтага не ўяўляў. Тады пашлі ёй букет, напішы ёй у дадатак цнатліва-пачцівы ліст, папрасі ў яе пісьмовага дазволу выказаць вусна тваё захапленне“.

Ён увесь ажно спалатнеў і закалаціўся ўсім целам.

„Але… але гэта немагчыма!“

„Чаму – не? Любы пасыльны пойдзе за сорак пфенігаў“.

Ён яшчэ больш закалаціўся.

„О Божа! Калі б гэта было магчыма!“

„А дзе яна цяпер жыве?“

„Я… не ведаю“.

„Як, нават гэта яшчэ не ведаеш?! Афіцыянт! Адрасную кнігу!“

Ролінг знайшоў адрас хутка.

„Ну? Дагэтуль яна жыла, дзе жывуць больш заможныя, а цяпер – на Сянной, дом 6а, трэці паверх; бачыш, тут напісана: Ірма Вельтнэр, працуе ў тэатры Гётэ… Слухай, гэта, між іншым, адзін з жудасна танных раёнаў. Так аплачваецца дабрадзейнасць…“

„Калі ласка, Ролінг…“

„Добра, добра… Значыць, ты гэта зробіш. Магчыма, табе будзе дазволена пацалаваць ёй ручку – нахабнік! Тры метры на месца ў партэры ты цяпер памяняеш на букет…“

„О, Божа, што мне тыя нікчэмныя грошы!“

„Гэта ж так цудоўна – страціць розум!“ – прадэкламаваў Ролінг.

Ужо назаўтра раніцай кранальна наіўны ліст разам з цудоўным букетам накіраваліся на Сянную… Толькі б атрымаць ад яе адказ… хоць які адказ! З якой бы радасцю ён цалаваў тыя радкі!..

Праз восем дзён крышка паштовай скрынкі каля ўваходных дзвярэй адламалася з прычыны частага адкрывання і закрывання. Гаспадыня лаялася.

Кругі пад яго вачыма зрабіліся яшчэ больш выразнымі; ён сапраўды выглядаў зусім змарнелым. Калі ён бачыў сябе ў люстэрку, то моцна пужаўся і пачынаў плакаць ад жалю да сябе.

„Слухай, малы, – аднойчы вельмі рашуча сказаў Ролінг, – так яно працягвацца не можа. Ты ўсё больш заглыбляешся ў дэпрэсію. Тут неабходна дзейнічаць. Заўтра ты проста пойдзеш да яе“.

„Проста… да яе…“

„Ну так, да яе“.

„Ды не, немагчыма; яна ж мне не дазволіла“.

„Прыдумка з пісанінай увогуле была неразумнай. Мы маглі загадзя ведаць, што яна табе, незнаёмцу, адразу пісьмова нічога не паабяцае. Ты проста мусіш пайсці да яе. Ты ж звар’яцееш ад шчасця нават з таго, што яна скажа табе „Добры дзень“. Дый ты, урэшце, не пудзіла нейкае. Яна проста так цябе не выпхне… Заўтра ж і выправішся“.

Яму зрабілася зусім млосна.

„Я не змагу“, – ціха прамовіў ён.

„Тады табе ўжо не дапамагчы, – Ролінг раззлаваўся. – Тады падумай, як ты дасі рады з бядой адзін, без мяне“.

Знадворку зіма спрабавала апошні раз пазмагацца з маем, таксама і для яго надышлі дні цяжкой барацьбы.

Але калі ён потым аднойчы раніцай прачнуўся з глыбокага сну, у якім убачыў яе, і адчыніў акно, то на дварэ панавала вясна.

Неба было светлае… Па-сапраўднаму светла-блакітнае, і нібыта ў пяшчотнай усмешцы, а ў паветры як бы адчувалася саладжавая прыправа.

Ён адчуваў на дотык, на смак, унюхваў, бачыў і чуў вясну. Усе пачуцці былі напоўнены вясною. Было адчуванне, нібыта шырокі сонечны прамень, што па-над домам, пранікае дрыготкімі хвалямі ў самае сэрца, праясняючы і ўмацоўваючы яго душу.

І тады ён моўчкі пацалаваў яе партрэт, апрануў чыстую кашулю і самы лепшы касцюм, пагаліў падбароддзе ды накіраваўся на Сянную…

Яго апанаваў дзіўны спакой, якога ён амаль спужаўся. Але ён нікуды не знік. Летуценны спакой, як быццам гэта не ён сам уздымаецца па сходах і ўжо стаіць перад дзвярыма ды чытае таблічку: „Ірма Вельтнэр“…

І тут раптам яго працяла думка, што гэта ж вар’яцтва, непатрэбшчына, і што неабходна хуценька вярнуцца, пакуль яго ніхто не бачыў…

Але з’явілася і адчуванне, што, са стогнам выдыхнуўшы апошні страх, ён канчаткова пазбавіўся сваёй няўпэўненасці; і тады яго душу запаланіла вялікая, устойлівая, вясёлая упартасць: калі ён дагэтуль стаяў, нібы пад гнётам цяжару, пад вымушанай неабходнасцю, як пад гіпнозам, то цяпер ён пачаў дзейнічаць вольна, мэтанакіравана, радасна.

Была ж вясна!..

Званок прагучаў на паверсе па-бляшанаму ахрыпла. Падышла дзяўчына і адчыніла.

„Шаноўная фройляйн дома?“ – бадзёра спытаў ён.

„Дома… так… але хто… дазвольце…“

„Вось“.

Ён даў ёй сваю візітоўку, і калі яна панесла яе, ён проста з упэўненай усмешкай пайшоў за ёй следам. Калі дзяўчына перадавала сваёй маладой гаспадыні картку, ён таксама ўжо стаяў у пакоі, выпрастаўшыся, з капелюшом у руцэ.

Гэта было даволі вялікае памяшканне з простай, цемнаватай мэбляй.

Маладая дама ўстала са свайго месца каля акна; відаць, кніга на століку побач была толькі што адкладзена ёй. Ён ніколі ў ніводнай ролі не бачыў яе такой прывабнай, як у рэчаіснасці. Шэрая сукенка з больш цёмнай устаўкай на грудзях, якая абцягвала яе зграбную фігуру, была простай, але элегантнай. У бялявых кучаравінках над ілбом дрыжэла майскае сонца.