Кроў у ім забулькатала і захвалявалася ад захаплення, і калі яна скіравала здзіўлены позірк на яго візітоўку, а потым такі ж здзіўлены на яго самога, ён, робячы хуткія крокі да яе, паспешлівымі, баязлівымі словамі пачаў выказваць сваё гарачае пачуццё да яе:
„Ах не… майце ласку не злавацца на мяне!“
„Што гэта за напад такі?“ – весела спытала яна.
„Але ж я мусіў, калі Вы нават не далі мне дазволу, я мусіў аднойчы сказаць вам вусна, як я вамі захоплены, шаноўная фройляйн…“ Яна прыязна паказала на фатэль, і ён, перш чым сесці, крыху заікаючыся працягваў: „Разумееце, я… так атрымалася… такі ўжо чалавек, я адразу павінны ўсё выказаць, а не насіць усё ўвесь час у сабе… і тады я папрасіў… Чаму вы не адказалі мне нічога, шаноўная фройляйн?“ – шчыра перабіў ён самога сябе.
„Так… не ведаю, як Вам сказаць, – адказала яна з усмешкай, – як сапраўды мяне ўзрадавалі Вашыя словы прызнання і прыгожы букет, але… гэта ж немагчыма было… каб я так адразу… я ж не магла ведаць…“
„Не, не, я ўсё гэта магу лёгка зразумець, але, праўда?.. Вы ўжо не злуецеся на мяне, што я так, без дазволу…“
„Вядома, не, ды і чаму я павінна?!“
„Вы яшчэ нядаўна ў П.?“ – хутка дадала яна, чуйна пазбягаючы сарамлівай паўзы.
„Даволі даўно, ужо каля шасці-сямі тыдняў, шаноўная фройляйн“.
„Так даўно? Мне здавалася, што вы ўпершыню ўбачылі мяне на сцэне паўтара тыдня таму, калі я атрымала Вашыя прыязныя радкі?“
„Зусім не так, шаноўная фройляйн! Я ўвесь гэты час бачыў Вас амаль кожны вечар! Ва ўсіх Вашых ролях!“
„Вось яно што, дык чаму ж Вы тады раней не прыйшлі?“ – спытала яна, наіўна здзіўленая.
„А трэба было?“ – прамовіў ён вельмі какетліва. Ён адчуваў сябе такім невыказна шчаслівым, седзячы насупраць яе ў фатэлі, даверліва размаўляючы з ёй, і такой няўяўнай здавалася яму сітуацыя, што ён амаль забаяўся, што, як звычайна, пасля салодкага сну можа прыйсці сумнае прабуджэнне. Такое бадзёра-прыемнае адчуванне было ў яго на душы, што яму нават захацелася зусім утульна закінуць нагу на нагу, а потым зноў у такой надзвычайнай душэўнай раўнавазе кінуцца ёй з воклічамі радасці ў ногі… Усё гэта толькі неразумнае блазнаванне! Я ж цябе так кахаю… так кахаю!
Яна крыху зачырванелася, але сардэчна развесяліўшыся з яго камічнай рэплікі, засмяялася.
„Пардон… Вы не так разумееце мяне. Праўда, я выказалася крыху няёмка, але вы не павінны ўсё ўспрымаць наўпрост“.
„Я пастараюся, шаноўная фройляйн, з гэтага часу разумець Вас больш тонка…“
Ён канчаткова страціў кантроль над сабою. Гэта ён паўтарыў сабе яшчэ раз пасля свайго адказу. Вось яна сядзела! Вось яна сядзела! А ён каля яе! Ён увесь час напружваў сваю свядомасць, каб даказаць сабе, што гэта сапраўды ён сам, і яго неверагодна-цнатлівыя позіркі вандравалі ўвесь час па яе твары і фігуры… Напраўду, гэта былі яе матава бялявыя валасы, яе салодкія вусны, яе мяккае падбароддзе з гэтай схільнасцю да падвойнасці, гэта быў яе звонкі дзіцячы голас, яе прыемнае маўленне, якое цяпер па-за тэатрам крышку выяўляла паўднёва-нямецкі дыялект; гэта былі, калі яна, больш не звяртаючы ўвагі на ягоны апошні адказ, зноў узяла яго візітоўку са стала, каб яшчэ раз больш дакладна ўпэўніцца ў правільнасці яго імені-прозвішча, – гэта былі яе каханыя рукі, якія ён так часта цалаваў у сне, гэтыя неапісальныя рукі, і яе вочы, якія зноў былі скіраваныя на яго… з выразам, зацікаўленая прыязнасць якога ўсё яшчэ бесперапынна павялічвалася! І яе мова зноў была звернутая да яго, калі яна пытаннямі і адказамі працягвала нязмушаную гаворку, якая, збіваючыся час ад часу, зноў з лёгкасцю ўзнаўлялася, закранаючы іхняе паходжанне, іх заняткі ды ролі Ірмы Вельтнэр, „трактоўку“ якіх з яе боку ён, вядома, неабмежавана ўхваляў і быў ад іх у захапленні, хоць, шчыра кажучы, як яна сама са смехам заўважала, там не было і кроплі таго, што варта было „трактаваць“.
У яе вясёлым смеху заўсёды заўважна гучала маленькая нота тэатральнасці, быццам таўсматы тата толькі што адрасаваў партэру чарговы мозэраўскі[26] жарт; але гэта зачароўвала яго, калі ён яшчэ ў дадатак з зусім непрыхаванай шчырасцю разглядваў яе твар, да такой ступені, што яму не адзін раз даводзілася душыць у сабе спакусу хуценька кінуцца ёй у ногі, каб шчыра прызнацца ў каханні…
Прайшла, мусіць, цэлая гадзіна, калі ён нарэшце ў поўнай разгубленасці зірнуў на свой гадзіннік і хуценька ўстаў.
„Ах, як доўга я Вас затрымаў, фройляйн Вельтнэр! Вам даўно ўжо варта было прагнаць мяне! Вы павінны паступова звыкнуцца з тым, што час побач з Вамі…“
26
Тут маецца на ўвазе, хутчэй за ўсё, асоба знакамітага нямецкага публіцыста і літаратара Фрыдрыха Мозэра (1723–1798), які быў вядомы сваім асаблівым гумарам.