Выбрать главу

Некалькі разоў пасля спектакля яму было дазволена праводзіць яе дадому. Якую паўнату шчасця дарылі яму гэтыя вясновыя вечары, калі ён ішоў па вуліцах горада побач з ёю! Потым перад дзвярыма свайго дома яна дзякавала яму за ўвагу, ён цалаваў яе ў ручку і з радаснай удзячнасцю ў сэрцы ішоў звыклым шляхам.

У адзін з такіх вечароў здарылася так, што ён пасля развітання, адышоўшыся ўжо некалькі крокаў, яшчэ раз азірнуўся. Тут ён убачыў, што яна стаяла яшчэ ў дзвярах і як быццам штосьці шукала на зямлі. Але яму чамусьці здалося, што толькі тады, калі ён хутка павярнуўся, яна раптам зрабіла выгляд, што нешта шукае…

"Учора ўвечары я бачыў вас! – сказаў Ролінг аднойчы. – Малы, дазволь мне выказаць табе глыбокую пачцівасць. Так далёка з ёю, мусіць, яшчэ ніхто не заходзіў. Ты – малайчына. Але, тым не менш, ты – авечка. Большых авансаў яна табе, шчыра кажучы, прапанаваць не можа. Ты – заўзяты дабрадзей! Яна павінна закахацца ў цябе па вушы. Не падумай ісці адразу напралом!"

Нейкі час ён пазіраў на Ролінга не разумеючы. Потым зразумеў і сказаў: "Ды памаўчы ты!" Але яго прабралі дрыжыкі.

Потым вясна прыйшла канчаткова. Ужо перад канцом гэтага мая пайшлі чарадой адзін за адным гарачыя дні, на працягу якіх не ўпала аніводная кропля дажджу. Неба пазірала бледна-хмурнай сінечай на сасмяглую зямлю, і нерухомая, жорсткая дзённая спёка пад вечар саступала месца тупой, гнятлівай задусе, якая тым больш адчувальным рабіла лёгкі павеў ветру.

Аднойчы такім самым познім надвячоркам наш добры юнак самотна блукаў у пагоркавых прысадах прыгарада.

Дома яму было непамысна. Ён зноў захварэў; зноў яго гнала гэтая прагавітая жарсць, якую, як яму здавалася, даўно ўтаймаваў шчасцем, што звалілася на яго. З думкай пра яе… Што яму яшчэ было трэба!..

Усё ішло ад Ролінга, гэтага Мефістофеля. Усё больш дабрадушна і менш натхнёна.

Тады прыходзіць інтуіцыя —Не ведаю і сам канца…

Ён са стогнам пахітаў галавою і пачаў углядацца ў змярканне.

Усё ішло ад Ролінга! Ці ж ён, калі зноў убачыў яго бледнасць, якая рабілася ўсё больш прыкметнай, спачатку назваў гэта ў брутальных выразах і агаліў перад ім тое, што звычайна яшчэ было ахутана туманамі лагоднай, невыразнай меланхоліі!..

І ён працягваў ісці, зморанымі, аднак настойлівымі крокамі ў задушлівым паветры.

Ён ніяк не мог знайсці той куст язміну, водар якога бесперапынна п’яніў яго. Язмін жа яшчэ не мог цвісці, але яго ўсюды суправаджаў гэты салодкі, п’янкі пах, як толькі ён выходзіў на свежае паветра…

На адным павароце дарогі, каля самага валападобнага схілу, на якім у беспарадку раслі дрэвы, стаяла лаўка. Ён прысеў на яе і ўталопіўся перад сабою.

На другім баку дарогі сцяжынка, парослая шорсткай травой, неўзабаве пачала збягаць уніз да ракі, якая сонна рухалася міма. З таго боку – шаша, прамая, як страла, паміж двума шэрагамі таполяў. Там, з цяжкасцю, уздоўж бледна-фіялетавага гарызонту, самотна рухалася сялянская падвода.

Ён сядзеў, утаропіўшыся, і не адважваўся паварушыцца, бо ў такім становішчы нічога вакол таксама не варушылася.

І ўвесь час, безупынна, гэты задушлівы язмін!

І ва ўсім свеце гэты тупы цяжар, гэта цёплая гнятлівая цішыня, засмяглая без вільгаці. Ён адчуваў, што аднекуль павінна прыйсці нейкае вызваленне – выратаванне, бурна-асвяжальная спатоля ўсёй гэтай смагі ў ім і ў прыродзе.

А потым ён раптам зноў убачыў перад сабою дзяўчыну ў светлым антычным убранні, з тонкай, белаю рукою, якая, напэўна, была мяккай і прахалоднай…

Тады ён устаў і з неакрэсленым, напалову прынятым рашэннем усё хутчэй і хутчэй рушыў дарогаю ў горад.

Калі ён спыніўся з няясным яшчэ ўсведамленнем, што ён ужо тут, у яго ў сярэдзіне раптам усё скаланулася ад страху.

Ужо настаў позні вечар. Усё вакол яго сціхла і акунулася ў змрок. Такой парой толькі вельмі рэдка ў гэтай мясцовасці, падобнай да прыгарада, хтосьці з’яўляўся. Сярод шматлікіх зорак, зацягнутых лёгкай смугою, на небе вылучаўся месяц, амаль што поўня. А ў далечыні – флегматычнае святло газавага ліхтара.

Ён жа стаяў перад яе домам.

Не, ён не збіраўся ўваходзіць! Але ў яго ў сярэдзіне штосьці вырашыла, без яго ведама.

І вось калі ён так тут стаяў і нерухома талопіўся на месяц, то гэта, мусіць, так і трэба было, гэта было яго месца.

І аднекуль з’явіўся яшчэ большы прамень святла…

Ён ліўся зверху, з трэцяга паверха, з яе пакоя, у якім адно акно было адчынена. Значыць, яна не была занятая ў тэатры; яна была дома і яшчэ не пайшла спаць…