Ён заплакаў. Прыхінуўся да агароджы і заплакаў. Усё было такім сумным. Свет быў такі нямы і сасмяглы, а месяц такі бледны…
Ён плакаў доўга, бо адчуваў гэта цягам нейкага часу як асвяжальнае вызваленне і ўздым настрою ды разняволенне. Але потым яго вочы зрабіліся яшчэ сушэйшымі і гарачэйшымі, чым яны былі раней.
І гэтая жорсткая прыгнечанасць зноў ціснула на ўсё яго цела, выціскаючы стогн з грудзей, стогн… стогн… па…
Паддацца… паддацца…
Не! Не паддавацца, а самому!..
Ён выпрастаўся. Яго мускулы зацвярдзелі.
Але потым зноў ціхая, абыякавая нуда выпетрыла яго сілы.
Не, лепей усё-такі зморана паддацца.
Ён слаба націснуў на клямку і паволі пацягнуўся ўверх па лесвіцы.
Служанка зірнула на яго крыху здзіўлена ў такі час ды сказала, што шаноўная фройляйн дома.
Яна ўжо не дакладвала пра яго; ён адразу пасля кароткага стуку адчыніў дзверы ў гасцёўню Ірмы.
Ён не ўсведамляў, што рабіў. Ён не сам пайшоў да дзвярэй, а яго штосьці павяло. У яго было пачуццё, быццам ён ад слабасці страціў нейкую апору, быццам нейкая нямая неабходнасць з сур’ёзнаю, амаль трагічнаю мінай паказвае яму шлях. Ён адчуваў, што нейкая воля, здольная самастойна разважаць, выступаючы супраць гэтага бясслоўна-магутнага загаду, прывяла б яго ўнутраны стан толькі ў журботнае супрацьстаянне. Паддацца… паддацца; тады б адбылося правільнае, неабходнае…
У адказ на яго стук пачулася лёгкае пакашліванне – гэтак, як перад размовай прачышчаюць горла; потым зморана і запытальна прагучала: "Уваходзьце!"
Калі ён увайшоў, яна сядзела ў паўзмроку каля задняй сцяны пакоя з краю канапы за круглым сталом; каля адчыненага акна на маленькім серванце гарэла прынакрытая лямпа. Яна не глянула на яго, а, падумаўшы, што гэта дзяўчына, засталася сядзець у зморанай позе, прыціснуўшыся шчакой да абіўкі канапы.
"Добры вечар, фройляйн Вельтнэр", – ціха сказаў ён.
Тут яна рэзка падняла галаву і, вельмі спужаўшыся, нейкую хвілю глядзела на яго.
Яна была бледная, а вочы – пачырванелыя. Пакутны выраз маўклівай самаахвярнасці быў заўважны вакол яе вуснаў, і безназоўная лагодная змора выяўляла скаргу ў яе скіраваным на яго позірку і ў гучанні яе голасу, калі яна потым спытала:
"У такі позні час?"
І тут з яго выплеснулася наверх тое, чаго ён яшчэ ніводнага разу не адчуваў, бо ён яшчэ ні разу не забываў самога сябе, цёплая, сярэдзінняа пакута, бачыць боль на гэтым салодкім, салодкім твары і ў гэтых каханых вачах, якія луналі над ягоным жыццём як мілае, вясёлае шчасце; так, у той час ён дагэтуль адчуваў толькі спачуванне да самога сябе – цяпер глыбокае, бясконца самаахвярнае спачуванне да яе.
І тады ён застаўся стаяць, як стаяў, і толькі нясмела і ціха, але з пачуццём, шчыра вымавіў:
"Чаму Вы плакалі, фройляйн Ірма?"
Яна глянула моўчкі ўніз на свой падол, на белую хусцінку, якую яна камячыла ў руцэ.
Тады ён падышоў да яе і, сядаючы побач з ёю, узяў яе абедзве матава-белыя рукі, халодныя і вільготныя, і пачаў пяшчотна цалаваць абедзве, і калі з глыбіні грудзей гарачыя слёзы падступілі да самых вачэй, ён яшчэ раз дрыготкім голасам паўтарыў: "Вы ж… плакалі?"
Але яна схіліла галаву яшчэ ніжэй на грудзі, так што лёгкі водар яе валасоў патыхнуў у яго бок, і пакуль яе грудзі змагаліся з цяжкімі, напоўненымі страхам, бязгучнымі пакутамі, а яе пяшчотныя пальцы ўздрыгвалі ў ягоных, ён убачыў, як з яе доўгіх шаўкавістых веек цяжка і павольна капнулі дзве слязіны.
Тады ён спалохана прыціснуў яе рукі да сваіх грудзей і жалобна, гучна, голасам, быццам яго прыдушылі, выгукнуў свой душэўны боль:
"Я гэтага не вытрываю… не магу бачыць, што ты плачаш!"
І яна ўзняла свой бледны тварык да яго, так што яны змаглі сустрэцца позіркамі, зазірнуўшы адно аднаму глыбока, аж да самай душы, і гэтымі позіркамі прызнацца, што кахалі. А потым радасна-збавіцельны, адчайна-нявінны ўскрык жарсці прарваўся праз апошні страх, і ў той час, калі іх маладыя целы спляліся ў сутаргавай напрузе, не падпарадкаванай уласнай волі, дрыготкія вусны прыціснуліся і з’ядналіся ў першым доўгім пацалунку, ад якога рушыўся ўвесь свет, праз адчыненае вакно ўварвалася плынь бэзавага водару, якая зрабілася задушлівай і нараджала ўсё больш нястрымную пажадлівасць.
І ён падняў яе лёгкае, амаль бясплоцевае цела з крэсла, і яны мармыталі адно аднаму ў растуленыя вусны, як яны кахаюць адно аднаго.
І тады раптам яго ахапіў незразумелы жах, калі яна, якая ў яго закаханай няўпэўненасці была для яго багіняй, у прысутнасці якой ён заўсёды адчуваў сябе слабым, і нязграбным, і малым, пад яго пацалункамі пачала калыхацца.