Выбрать главу

Ноччу ён прачнуўся.

Месячнае святло мігцела ў яе валасах, а рука яе ляжала спакойна ў яго на грудзях.

Ён зірнуў уверх, дзе быў Бог, і пацалаваў яе сонныя вочы і быў яшчэ лепшым хлапцом, чым калі-небудзь у ранейшым жыцці.

Моцны навальнічны лівень за ноч прайшоў. Прырода вызвалілася ад сваёй соннай ліхаманкі. Увесь свет удыхнуў пасвяжэлы пах.

Пад халаднаватым ранішнім сонцам праз горад рухаліся ўланы, і народ стаяў перад дзвярыма, убіраючы ў сябе добрае паветра, і радаваўся.

І калі ён, накіроўваючыся да свайго жытла, шыбаваў праз памаладзелую вясну, з летуценна-нявіннай расслабленасцю ў целе, яму хацелася гукаць у светла-блакітнае неба толькі радасныя воклічы – о мая салодкая!.. салодкая!.. салодкая!!!

Потым, дома, за пісьмовым сталом, перад яе партрэтам, ён задумаўся і зладзіў сумленны іспыт свайму душэўнаму зместу: што ён, папраўдзе, зрабіў і ці не ёсць ён пры ўсім сваім шчасці нягоднікам. Гэта прынесла б яму надзвычайны боль.

Але ўсё было добра і прыгожа.

У яго на душы была такая звонкая радасць, як калісьці на канфірмацыі, і калі ён выглянуў у вясновы дзень, які спяваў і шчабятаў, ды зірнуў на пяшчотна ўсмешлівае неба, то ў яго зноў з’явілася пачуццё, як у тую ноч, быццам ён глядзіць у твар Богу з сур’ёзнай, маўклівай удзячнасцю, а яго рукі спляліся, і ён са шчырай пяшчотай прашаптаў вясне яе імя, быццам святую ранішнюю малітву…

Ролінг… Не, яму гэта не трэба ведаць. Ён цудоўны хлопец, але зноў палезе са сваімі выказваннямі наконт усяго і выставіць справу ў камічным святле. А вось калі ён прыедзе дадому, то тады, аднойчы вечарам, пад гудзенне лямпы, распавядзе маме… пра ўсё… усё шчасце.

І ён зноў заглыбіўся ва ўспаміны пра тое.

Праз восем дзён Ролінг, натуральна, пра ўсё даведаўся.

"Малы! – сказаў ён, – няўжо ты думаеш, што я дурны? Я ўсё ведаю. Ты мог бы распавесці мне пра ўсё трохі больш падрабязна".

"Не ведаю, пра што ты гаворыш. Калі б я нават ведаў, пра што ты гаворыш, я б не размаўляў пра тое, што ты ведаеш", – адказаў ён сур’ёзна, прычым з павучальнай мінай, і жэстамі ўказальнага пальца ён дасціпна заблытаў свайго суразмоўцу ў лабірынце складанага сказа.

"Ну толькі паглядзіце! Малы робіцца па-сапраўднаму дасціпным! Чысты сапфір! Што ж, будзь сапраўды шчаслівым, шаноўны малады чалавек!"

"А я і ёсць такі, Ролінг!" – сказаў ён сур’ёзна і цвёрда і шчыра паціснуў руку сябру.

Але апошняму гэта зноў падалося занадта сентыментальным.

"Слухай, – спытаў ён, – ці не пачне Ірмачка неўзабаве выконваць ролю маладых замужніх кабет? Каптурыкі, здаецца, пасавалі б ёй цудоўна!.. Між іншым, ці не было б мне дарэчы стаць у вас сябрам дому?"

"Ролінг, ты невыносны!"

Магчыма, Ролінг толькі балбатаў. А магчыма, варункі нашага героя, які праз іх цалкам адчужаўся ад сваіх знаёмых і колішніх звычак, увогуле не маглі доўга заставацца невядомымі. У горадзе неўзабаве пайшлі размовы, што "Вельтнэр з гётэўскага тэатра" мае "стасункі з маладзёнам-студэнтам" і што яны ніколі асабліва не верылі ў прыстойнасць гэтай "асобы".

Напраўду, ён быў адчужаны ад усяго. Свет вакол яго праваліўся ў бяздонне, а сярод незлічоных ружовых воблачкаў і барочных амурчыкаў, якія гралі на скрыпачках, ён лунаў праз тыдні – лёгка, светла, душэўна! Калі б яму толькі можна было ў той час, калі гадзіны незаўважна знікалі, ляжаць каля яе ног і, закінуўшы галаву, піць водар яе дыхання… А ў іншым жыццё ўжо для яго не існавала, прайшло канчаткова. Цяпер заставалася толькі адно гэта… Тое, у дачыненні да чаго ў кніжках ўжывалася толькі вартае жалю слова "каханне"…

Згаданае знаходжанне каля яе ног было, дарэчы, характэрным у стасунках дзвюх маладых асоб. У гэтым вельмі хутка выявілася ўся вонкавая перавага дваццацігадовае жанчыны перад равеснікам-мужчынам. Ён заўсёды быў тым, хто ў інстынктыўным імкненні падабацца ёй меўся быць як мага больш уважлівым у словах і рухах, каб сапраўды дагадзіць ёй. За выключэннем поўнай самаадданасці падчас саміх любоўных сцэн, ён пры іх публічных зносінах не заўсёды мог паводзіць сябе нязмушана: яму дрэнна давалася поўная раскаванасць. Ён, вядома, часткова з прычыны свайго самаадданага кахання, але ў большай ступені, мусіць, таму, што ў грамадстве стаяў ніжэй, быў слабейшы, дазваляў ёй, як дзіця, лаяць сябе, каб потым пакорліва і маркотна прасіць выбачыць, пакуль яму зноў не дазвалялася прыціснуцца галавою да яе каленяў, а яна не пачынала пяшчотна гладзіць яму валасы з мацярынскай, амаль спачувальнай пяшчотаю. А ён пазіраў, лежачы каля яе ног, на яе знізу ўверх, ён прыходзіў і адыходзіў толькі паводле яе жадання, ён быў паслухмяны адносна кожнага яе капрызу, а капрызы ў яе былі.