Выбрать главу

"Малы, – казаў Ролінг, – я думаю, што ты трапіў пад абцас. Мне здаецца, што ты занадта свойскі для дзікага шлюбу!"

"Ролінг, ты – асёл. Ты гэтага не разумееш. Табе гэта незнаёма. Я кахаю яе. Гэта – усё. Я кахаю яе не проста так… так, а кахаю яе якраз… я… ах… гэта ніяк немагчыма выказаць…"

"Ты проста казачна цудоўны хлопец", – казаў Ролінг.

"Ды кінь ты, лухта!"

Лухта! Гэтыя неразумныя выразы пра "абцас" ды "занадта свойскі" зноў-такі мог выказваць толькі Ролінг. Ён сапраўды нічога не цяміў у гэтым? А што ён сапраўды ўяўляў сабою?! Стасункі ж былі такімі простымі і правільнымі. Ён жа ў любы момант мог узяць яе рукі ў свае і ўвесь час паўтараць ёй: "Ах, няўжо ты мяне кахаеш, няўжо хоць кропельку кахаеш… Як я ўдзячны табе за гэта!"

Аднойчы цудоўным, лагодным вечарам, калі ён самотна блукаў па вуліцах, ён зноў прыдумаў верш, які вельмі крануў яго. Вось такое нешта:

Калі ўжо дагарэў праменьІ дзень памёр у цішыні,З’яднайся з ноччу, нібы цень,Ды ўслаў таго, хто ў вышыні.
Адчуй душой, з якой журбойНаш лёс вартуе ён.Як быццам кажа: "Позірк мойІ шчасце бачыць, і праклён".
Аднойчы праміне вяснаДы прыйдзе зноў зіма…На свеце вечнага здаўна,Як ні шукай – няма.
Пакуль жа смела тварык твойПрыцісні да маёй шчакі,Усё яшчэ жыве вясной —Дзень сонечны такі!
Не плач, не плач! Няма бяды,Прыйдзі, усцеш мяне.Якія нашыя гады!Каханне нас не падмане!

Але верш натхніў яго не таму, што ён сапраўды і па-сур’ёзнаму ўявіў сабе мажлівасць канца. Гэта была б абсалютна вар’яцкая думка. Ад шчырага сэрца з’явіліся толькі апошнія радкі, дзе сумная манатоннасць інтанацыі хвалявання ад цяперашняга шчасця была парушана хуткімі, вольнымі рытмамі. Астатняе было толькі музычным настроем, з якога ён выціскаў з вачэй незразумелыя слёзы.

Потым ён зноў напісаў сваім родным дадому некалькі лістоў, якіх, напэўна, не зразумеў бы ніводзін чалавек. Там, шчыра кажучы, нічога не было напісана; наадварот, у іх самым хвалюючым чынам былі расстаўленыя знакі прыпынку, і яшчэ яны кішэлі мноствам зусім неабгрунтавана скарыстаных клічнікаў. Але ж нейкім чынам яму патрэбна было выказаць усё сваё шчасце і даць знаць пра сябе, а з той прычыны, што, добра падумаўшы, ён не мог быць зусім шчырым у гэтых варунках, то ён і трымаўся за шматзначныя клічнікі. Ён мог часта моўчкі і шчыра сам сабе пасмейвацца, уяўляючы, што нават яго вучоны тата не зможа расшыфраваць гэтыя іерогліфы, якія абсалютна больш нічога не азначалі, як прыблізна: "Я бяз-меж-на шчаслівы!"

Так праходзіў час да сярэдзіны ліпеня – у гэтым мілым, бяздумным, салодкім, бурлівым шчасці, і ўся гэтая гісторыя зрабілася сумнай, калі б потым не здарылася б вясёлая, смешная раніца.

Раніца сапраўды была цудоўная. Было яшчэ даволі рана, каля дзевяці гадзін. Сонца толькі пяшчотна гладзіла скуру, а ў паветры стаяў такі прыемны пах – менавіта такі, здавалася, як тады, той раніцай пасля першай чароўнай ночы.

Ён быў вельмі задаволены і стукаў увесь час сваім кійком па беласнежным тратуары. Ён захацеў пайсці да яе.

Яна яго зусім не чакала. Гэта было якраз вельмі міла. У яго напачатку быў намер пайсці гэтай раніцай на лекцыі, але з гэтага, вядома, нічога не атрымалася… сёння. Гэтага яшчэ не хапала! У такое надвор’е сядзець у аўдыторыі! Калі б ішоў дождж – іншая рэч! Але ў гэтых варунках, пад такім небам з яго светлай, лагоднай усмешкай… да яе! да яе! Рашэнне прывяло яго ў самы ружовы настрой. Ён, ідучы ўжо ўніз Сянною вуліцай, насвістваў сабе самыя моцныя рытмы застольнай песні з "Cavalleria rusticana".

Перад яе домам ён спыніўся і пэўны час паўдыхаў водар бэзу. З кустом ён паступова наладзіў самае шчырае сяброўства: заўсёды, прыходзячы сюды, ён спыняўся перад ім і вёў з ім невялічкі, бясслоўны, вельмі шчыры дыялог. Тады бэз распавядаў яму ціхімі пяшчотнымі прарочымі словамі пра ўсё тое салодкае, што яго зноў чакала і ён разглядаў так, як бывае, адчуваючы вялікае шчасце ці боль, пры расповедзе пра якія нейкаму чалавеку цябе ахоплівае адчай, і, перапоўнены пачуццямі, ты звяртаешся да велічнай ціхай прыроды, як быццам яна штосьці ў гэтым разумее… Ён даўно разглядаў яго як нешта належнае да справы, спачувальнае, блізкае і бачыў у ім з прычыны сваёй перманентнай паэтычнай аддаленасці ад рэальнага жыцця нашмат больш, чым дэкаратыўны дадатак у сваім рамане.

Калі ён дастаткова наслухаўся ад бэзавага паху аповедаў і абяцанняў, то пайшоў па лесвіцы наверх і, паставіўшы свой кіёк у калідоры, без стуку ўвайшоў у пакой, у дзёрзкай радасці засунуўшы рукі ў кішэні штаноў свайго светлага летняга касцюма ды збіўшы капялюш на патыліцу, бо ведаў, што ў такім выглядзе ёй ён падабаецца найбольш.