Выбрать главу

Герметычна замкнёны ў сабе «свет шыкоўнага лёгачнага санаторыя» з яго задушлівай атмасферай фізічнага і маральнага распаду, са смяротна хворымі насельнікамі – людзьмі розных нацыянальнасцяў, прафесій, палітычных перакананняў і філасофскіх поглядаў, адукаванымі, але бяздзейнымі і эгацэнтрычнымі, – гэта, па сутнасці, своеасаблівая мадэль духоўна хворай перадваеннай Еўропы, гатовай абрынуцца ў бездань нечуванай цывілізацыйнай катастрофы. «Тут, наверсе», дзе паўнакроўнае жыццё падменена, паводле Т. Мана, яго «сурагатам», Ганс Кастарп, «нічым не прыкметны малады чалавек» з купецкага роду, і праходзіць свае сапраўдныя «ўніверсітэты». Жывое ўвасабленне «адкрытай свядомасці», tabula rasa, ён становіцца спакуслівай прынадай для двух «выхавальнікаў», якія змагаюцца за яго розум і душу. Першы – красамоўны «адвакат працы і прагрэсу», дабра і справядлівасці, літаратар-гуманіст, італьянец Ладовіка Сэтэмбрыні, другі – «адвакат антырозуму», тэрарызму і дыктатуры, «сумнеўны містык», аўстрыйскі падданы Леа Нафта. Паміж іх пазіцыямі – кранальна-наіўнай і разбуральна-агрэсіўнай адпаведна – і павінен выбіраць Кастарп. Але Ганс у рэшце рэшт робіць выбар на карысць вяртання «туды, на раўніну», дзе ўжо распаліла «грознае вогнішча» Першая сусветная вайна: у фінале рамана мы бачым яго на фронце, у непралазным акопным брудзе, пад агнём снарадаў. «Усход або Захад? Гэта раўніна, гэта вайна»[9].

Ад самага пачатку раман «Чароўная гара» і быў задуманы, паводле аўтара, як «гісторыя з педагагічна-палітычнай тэндэнцыяй, дзе малады чалавек мае справу з самай спакушальнай сілай – смерцю, і камічна-жахлівым чынам праходзіць праз духоўныя супярэчнасці рамантызму і гуманнасці, прагрэсу і рэакцыі, здароўя і хваробы, але хутчэй імкнучыся да пазнання, чым дзеля прыняцця рашэнняў»[10]. Відавочна, чытач мае справу з новым варыянтам грунтоўна распрацаванага на нямецкай літаратурнай глебе «рамана выхавання» (Bildungsroman). У складанай правобразнай структуры галоўнага героя распазнаюцца і рыцар Тангейзер, які вымушаны быў сем гадоў правесці ў чароўным гроце Венеры, і Сімпліцый Сімпліцысімус з раманнага цыкла Грымельсгаўзена, і бяскрыўдны прасцяк Вальтэра, і гётэўскі нястомны шукальнік Фаўст, і князь Мышкін Дастаеўскага, і многія іншыя знакамітыя персанажы нямецкай і сусветнай літаратуры. Але, па словах Т. Мана, Ганс Кастарп – гэта перадусім «маленькі Вільгельм Мейстэр», і сама гэтая згадка гётэўскага героя сведчыць аб свядомым аўтарскім суаднясенні «Чароўнай гары» менавіта з «раманам выхавання», які ў нямецкай мастацкай традыцыі ўзыходзіць да дылогіі Гётэ пра Вільгельма Мейстэра.

Якраз на душэўна-духоўным развіцці, выхаванні і сталенні свайго героя пісьменнік акцэнтуе ўвагу ва ўводзінах да «Чароўнай гары», падкрэсліваючы яго «актывізацыю», «прыпадыманне над першапачатковым узроўнем», над «смерцю і ўсімі цёмнымі, патаемнымі бакамі жыцця», якім ён не дае «духоўна ўзяць верх над сабою»[11]. Так, праз універсалізацыю задумы, праз сінтэзаванне «сродкаў рэалістычнага рамана» з нечуванай сімвалізацыяй і абагульненнем персанажы Т. Мана – пры ўсёй іх канкрэтыцы – экзістэнцыяльна паглыбляюцца, становяцца, паводле аўтара, «ганцамі і пасланцамі, прадстаўнікамі духоўных сфер, прынцыпаў і светаў»[12], а твор у цэлым вырастае ў чарговы «дакумент эпохі», набывае выразныя якасці «інтэлектуальнага рамана», маштабы эпічнага аповеду.

У 1939 г., напярэдадні Другой сусветнай вайны, выйшаў адзін з самых значных твораў Т. Мана – раман «Лота ў Ваймары»; сюжэт яго заснаваны на сапраўдным факце сустрэчы ў 1816 г. Гётэ з Шарлотай Кестнер, у якую ён сорак чатыры гады таму быў закаханы і якую зрабіў прататыпам гераіні свайго ранняга рамана «Пакуты маладога Вертэра». Сэнс твора выходзіць, аднак, за межы яго зместу: Т. Ман вуснамі свайго геніяльнага героя дэкларуе ўласнае непрыманне бездухоўнасці, разбэшчанасці мас, чые «самыя нізкія інстынкты» можа паспяшацца задаволіць чарговы нягоднік ад палітыкі; дзеліцца «прадчуваннем чагосьці жудаснага, што аднойчы прывядзе немцаў да самых агідных злачынстваў»[13]. Раман «Лота ў Ваймары» гучаў як перасцярога, у кантэксце ўжо ўсталяванага ў Германіі фашызму прымушаў задумацца над яго непазбежнымі жахлівымі наступствамі.

Цалкам рацыяналістычнымі, антынацысцкімі мэтамі кіраваўся пісьменнік, інтэрпрэтуючы старазапаветны міф у сваёй тэтралогіі «Ёзэф і яго браты» (Joseph und seine Brüder, 1933–1943): «…уласцівая гэтай кнізе трактоўка міфа па сваёй патаемнай сутнасці адрозная ад небезвядомых сучасных прыёмаў яго выкарыстання, прыёмаў чалавеканенавісніцкіх і антыгуманістычных… Бо слова „міф“ карыстаецца ў нашы дні кепскай славай – дастаткова ўспомніць назву, якую даў свайму падручніку прысяжны „філосаф“ германскага фашызму Розенберг (маецца на ўвазе кніга Альфрэда Розенберга „Міфы ХХ стагоддзя“. – Е. Л.), гэты ідэйны настаўнік Гітлера… У маёй кнізе міф быў выбіты з рук фашызму, тут ён увесь… прасякнуты ідэямі гуманізму, і калі нашчадкі знойдуць у рамане нешта значнае, то гэта будзе якраз гуманізацыя міфа»[14].

вернуться

10

Цит. по: Якушева Г. В. Томас Манн // Литературный процесс в Германии первой половины ХХ века (ключевые и знаковые фигуры) / Отв. ред. В. Д. Седельник, Т. В. Кудрявцева. М., 2015. С. 339–340.

вернуться

12

Там же. С. 166.

вернуться

13

Манн Т. Лотта в Веймаре / Пер. с нем. Н. Ман // Манн Т. Собр. соч. Т. 2. С. 496.