Выбрать главу

Як здранцвелы, ён стаяў, доўга, нерухома, апусціўшы рукі ўздоўж цела. Але раптам ён заўважыў, як на яго зноў дыхнула любоўнай асалодаю бэзавага куста, так пяшчотна, так чыста і міла.

І тут парывістым рухам ён, няшчасны і раз’юшаны, затрос кулаком уверх усмешліваму небу і паспрабаваў жорстка злавіць рукою гэтую хлуслівую асалоду, ударыў туды ў сярэдзіну, так што куст аж затрашчаў, ламаючыся і рассыпаючы пяшчотныя пялёсткі.

Потым ён сядзеў дома за сталом, маўклівы і аслаблы.

Знадворку, у яркай велічы, панаваў прыязны летні дзень.

А ён узіраўся ў яе партрэт, дзе яна, як і раней, стаяла такая салодкая і чыстая.

Над ім у суправаджэнні раскацістых фартэпіянных пасажаў скардзілася віяланчэль, так незвычайна, як быццам нізкія, лагодныя гукі бурліва і ўзвышана ўкладваліся вакол яго душы, абуджаючы ў ім як старыя, маўклівыя, даўно забытыя пакуты некалькі вольных лагодна-журботных рытмаў.

Аднойчы развітаемся з вясной,Надоўга прыйдзе сумная зіма,Так дзве рукі жыцця адна аднойНа развітанне кажуць:"Што ж, пакуль, кума!"

І гэта найбольш міралюбны канец, якім я магу завяршыць, – што неразумны юнак тады яшчэ быў здольны плакаць…"

На хвілінку ў нашым кутку ўсе прыціхлі. Здавалася, што і абодва сябры каля мяне не былі вольныя ад журботнага настрою, які быў пароджаны ўва мне аповедам Доктара.

"Усё?" – нарэшце спытаўся малы Майзэнберг.

"Дзякаваць Богу!" – сказаў Зэльтэн з крыху, як мне здалося, штучнай жорсткасцю і ўстаў, каб пайсці бліжэй да вазы са свежым бэзам, якая стаяла ў самым дальнім кутку на маленькай разной этажэрцы.

Цяпер я раптам зразумеў, адкуль паходзіла надзвычай моцнае ўражанне, зробленае на мяне яго аповедам, – ад гэтага бэзу, пах якога адыгрываў у ім такую значную ролю і які стаяў над усёй гісторыяй. Гэты пах быў, несумненна, тым, што з’явілася для Доктара асноўнай прычынай паведаміць нам пра тую падзею, а датычна мяне ён зрабіўся крыніцай сугестыўнага ўздзеяння.

"Кранальна! – сказаў Майзэнберг і, глыбака ўздыхнуўшы, прыпаліў сабе новую цыгарэту. – Сапраўды кранальная гісторыя. І такая надзвычай простая!"

"Так, – падтрымаў я, – і якраз гэтая прастата гаворыць на карысць яе праўдзівасці".

Доктар коратка засмяяўся, наблізіўшы свой твар яшчэ больш да бэзу.

Юны бялявы ідэаліст нічога яшчэ не сказаў. Ён не спыняў руху свайго крэсла-каталкі, у якім сядзеў і ўсё яшчэ смактаў цукеркі.

"Ляўбэ, здаецца, жудасна ўзрушаны", – заўважыў Майзэнберг.

"Вядома, гісторыя кранальная! – жарсна адказаў той, перастаўшы гойдацца і ўстаючы з месца. – Але ж Зэльтэн хацеў абвергнуць мяне. Толькі ж я нідзе не заўважыў, каб яму гэта ўдалося. А дзе ж, разглядаючы гэтую гісторыю, убачыць маральнае апраўданне ў дачыненні да жаночай асобы?.."

"Ай, кінь ты свае пратухлыя ўжо выказванні! – бесцырымонна і з невытлумачальнай раздражнёнасцю ў голасе перабіў яго Доктар. – Калі ты мяне яшчэ не зразумеў, то я магу цябе толькі пашкадаваць. Калі сёння жанчына па́дае праз каханне, то заўтра яна падзе за грошы. Гэта я хацеў табе распавесці. Абсалютна нічога болей. Магчыма, гэта ўтрымлівае маральнае апраўданне, за якое ты так горача выступаеш".

"Добра, а скажы, – раптам спытаў Майзэнберг, – калі гэта праўда, адкуль ты тады ведаеш усю гэтую гісторыю так дакладна, аж да асобных дэталей, і чаму ты так увогуле раздражняешся з гэтай нагоды?"

Доктар хвілінку памаўчаў. Потым раптам яго правая рука кароткім, нязграбным, амаль сутаргавым рухам ударыла ў сярэдзіну бэзавага букета, пах якога ён толькі што глыбока і павольна ўдыхаў.

"О мой Бог, – сказаў ён, – ды таму што гэта быў я сам, "добры хлопец"… Інакш мне было б усё роўна!"

Сапраўды, тон, якім ён гэта прамовіў ды яшчэ ўдарыў з гэтай адчайнай журботнай жорсткасцю па бэзе дакладна, як тады… Сапраўды, у ім ужо ніяк нельга было пазнаць таго былога "добрага хлопца".

Расчараванне

Мне здаецца, што выказванні гэтага дзіўнага пана зусім збілі мяне з тропу, і я баюся, што яшчэ і цяпер не здолею паўтарыць іх такім чынам, каб яны гэтаксама закранулі іншых, як у той вечар мяне. Магчыма, іх уздзеянне грунтавалася толькі на непрыемнай адкрытасці, з якой зусім незнаёмы мне чалавек выяўляў іх перада мною.

З восеньскага надвячорка, у які той незнаёмец звярнуў на сябе маю ўвагу на плошчы Святога Марка[28], прайшло ўжо каля двух месяцаў. На вялікай плошчы не было істотнага руху людзей, але перад стракатым дзіўным збудаваннем, пышныя і казачныя абрысы ды залатыя ўпрыгожанні якога ў чароўнай выразнасці вылучаліся на пяшчотным светла-блакітным небе, пад лагодным марскім ветрам трапяталі сцягі; якраз перад галоўным парталам вакол маладой дзяўчыны, якая рассыпа́ла зярняты кукурузы, ужо сабраўся досыць вялікі гурт галубоў, і іх налятала з усіх бакоў усё больш і больш… Відовішча непараўнальна светлай і святочнай прыгажосці.

вернуться

28

Плошча Святога Марка – гістарычны цэнтр Венецыі: сабор Святога Марка, Палац дожаў і Каралеўскі палац.