Выбрать главу

Тут я сустрэў яго, і цяпер, калі пішу, ён надзвычайна выразна стаіць у мяне перад вачамі. Ён быў ніжэйшы ад сярэдняга росту, ішоў хутка, прыгорбіўшыся і трымаючы сваю гачку абедзвюма рукамі за спінаю. На ім быў чорны жорсткі капялюш, светлы летні плашч і штаны ў цёмную палоску. Невядома чаму я палічыў яго за англічаніна. Яму магло быць трыццаць гадоў, а магчыма, і пяцьдзясят. Яго твар з таўставатым носам і шэрымі вачыма, якія пазіралі зморана, быў гладка выгалены, а на яго вуснах увесь час гуляла незразумелая і дурнаватая ўсмешка. Толькі час ад часу ён дапытліва азіраўся, уздымаючы бровы, потым зноў утаропліваўся ў зямлю перад сабою, прамаўляў самому сабе колькі слоў, матляў галавою і ўсміхаўся. Так ён упарта ўверх-уніз перасякаў плошчу.

З гэтага часу я назіраў за ім штодня, бо ён, здавалася, не меў іншага занятку, як у добрае, так і ў дрэннае надвор’е, з раніцы і папаўдні трыццаць-пяцьдзясят разоў паласаваць крокам плошчу, заўсёды адзін і заўсёды з аднолькавым дзіўным выразам твару.

У той вечар, пра які вядзецца гаворка, адбываўся канцэрт вайсковага аркестра. Я сядзеў за адным са столікаў, якія кавярня "Фларыян" вольна расстаўляе на плошчы, і калі пасля заканчэння канцэрта натоўп, што да гэтага ў густых плынях хвалямі калыхаўся сюды-туды, пачаў рассыпацца, незнаёмец з заўсёднай невытлумачальнай усмешкай заняў месца за суседнім вольным сталом.

Час праходзіў, вакол рабілася ўсё цішэй, сталы ўжо паўсюдна апусцелі. Цяпер толькі зрэдку міма праходзіў чалавек; велічны спакой усталяваўся над плошчай, неба ўжо было ўсыпана зоркамі, і над маляўніча тэатральным фасадам сабора Святога Марка з’явіўся паўмесяц.

Я пачаў чытаць газету, адвярнуўшыся ад суседа, і ўжо меркаваў пакінуць яго аднаго, як раптам быў вымушаны павярнуцца напалову ў ягоны бок; дагэтуль я не чуў ад яго ніводнага гуку або руху, а цяпер ён раптам загаварыў.

"Вы, шаноўны, першы раз у Венецыі?" – спытаў ён на дрэннай французскай мове, і калі я паспрабаваў адказаць яму па-ангельску, ён працягнуў размову на чыстай, без дыялектызмаў, нямецкай мове ціхім і хрыпатым голасам, спрабуючы адкашляцца.

"Вы ўсё бачыце ўпершыню? Ці задавольвае гэта Вашыя чаканні? Можа, нават пераўзыходзіць іх? Ах! Нічога больш цудоўнага Вы не чакалі? Няўжо праўда? Вы кажаце гэта не толькі, каб падавацца шчаслівым і вартым зайздрасці? Ах!" Ён адкінуўся тулавам назад і пачаў разглядаць мяне, хутка міргаючы, з абсалютна незразумелым выразам твару.

Паўза, якая настала, цягнулася доўга, і, не ведаючы, як працягваць гэтую дзіўную размову, я зноў быў сабраўся ўстаць, як у той момант ён паспешліва нахіліўся.

"Вы, шаноўны, ведаеце, што такое расчараванне? – спытаў ён ціха і настойліва, абапіраючыся абедзвюма рукамі на гачку. – Не маленькая няўдача ў дробязі, не памылка, а вялікае ўсёабдымнае расчараванне, якое рыхтуецца табе ўсім-усім жыццём? Натуральна, Вам яно невядома. А я з часоў юнацтва ні на крок не разлучаўся з ім, і яно зрабіла мяне самотным, няшчасным і дзівакаватым, я гэтага не адмаўляю.

Ды і як Вы, шаноўны, маглі б мяне зразумець? Але, магчыма, Вам гэта ўдасца, калі я папрашу Вас выслухаць мяне на працягу дзвюх хвілін. Бо калі штосьці можа быць выказана, то гэта зазвычай робіцца хутка…

Дазвольце Вам нагадаць, што я вырас у вельмі маленькім гарадку ў пастарскім доме, дзе ў празмерна ахайных памяшканнях панаваў старасвецка-патэтычны аптымізм вучонасці, у якім ты ўдыхаў своеасаблівую атмасферу прапаведніцкай рыторыкі – гэтых высокіх слоў пра дабро і зло, прыгожае і агіднае, якія я так моцна зненавідзеў, бо, магчыма, яны, толькі яны вінаватыя ў маіх пакутах.

Жыццё для мяне, несумненна, складалася з высокіх слоў, бо я нічога пра яго не ведаў, акрамя небудзённых і ілюзорных уяўленняў, якія ствараліся ўва мне гэтымі словамі. Я чакаў ад людзей боскай дабрыні і д’ябальшчыны, ад якой валасы ўстаюць дыбарам; я чакаў ад жыцця неверагодна прыгожага і агіднага, і палкае жаданне ўсяго гэтага паланіла мяне: глыбокая, баязлівая жарсць спазнаць шырокую рэчаіснасць, зведаць прыгоду – усё роўна, якую; перажыць хмельна-цудоўнае шчасце ды невыказна-незвычайныя, якія і ўявіць сабе немагчыма, пакуты.

Я з сумнай выразнасцю прыпамінаю, шаноўны пане, першае расчараванне ў маім жыцці, і я прашу Вас заўважыць, што яно не было вынікам маёй няздзейсненай прыгожай надзеі, а ўзнікла з выпадку няшчаснага здарэння. Я быў яшчэ падлеткам, калі ў бацькоўскім доме ноччу здарыўся пажар. Агонь непрыкметна і вераломна распаўсюдзіўся; загарэўся ўвесь паверх, аж да дзвярэй майго пакойчыка, лесвіца таксама была недалёка ад таго, каб вось-вось успыхнуць. Я першы заўважыў гэта, і памятаю, што кінуўся наўцёкі цераз дом, увесь час выкрыкваючы: "Гарыць! Гарыць!" Я згадваю гэта слова з вялікай дакладнасцю, і я прыпамінаю таксама, якое пачуццё ляжала ў яго аснове, хоць у той час я, пэўна, гэтага не ўсведамляў. Вось ён, адчуў я, пажар; вось я бачу яго ў жыцці! Горшага нічога няма? Гэта ўсё?..