Выбрать главу

Я так не думаю; і я не веру людзям, я веру найменш тым з іх, якія перад абліччам жыцця паўтараюць высокія словы творцаў, – гэта баязлівасць і хлусня! Між іншым, ці заўважылі вы, шаноўны, што ёсць людзі, якія настолькі пыхлівыя і такія пажадлівыя на пашану і таемную зайдрасць іншых, што яны сцвярджаюць, нібыта ім вядомыя толькі высокія словы шчасця, і ніводнага – пакут?

Ужо цёмна, і Вы амаль не слухаеце, таму сёння я хачу яшчэ раз прызнацца, што і я, я сам, аднойчы паспрабаваў уключыцца ў хлусню гэтых людзей, каб выставіць сябе шчаслівым перад самім сабою ды іншымі. Але прайшоў ужо, можа, з год, як гэтая пыха рассыпалася, і я цяпер зрабіўся самотным, няшчасным і дзіўнаватым, я гэтага не адмаўляю.

Мой улюбёны занятак – разглядаць ноччу зорнае неба; ці ж гэта не найлепшы сродак абстрагавацца ад зямлі і ад жыцця? І, магчыма, мне можна дараваць, што я пры гэтым яшчэ й імкнуся, наколькі магчыма, захаваць свае прадчуванні? Марыць пра вызваленае жыццё, у якім рэчаіснасць раствараецца без рэштак расчаравання ў маіх высокіх прадчуваннях? Пра маё жыццё, у якім няма больш ніякага гарызонту?

Я мару пра гэта і чакаю смерці. Ах, яна вядомая мне ўжо так дакладна, гэтая смерць, гэтае апошняе расчараванне! А вось і смерць, скажу я сам сабе ў апошні момант. Я пазнаю яе на ўласным досведзе… Дык што ж гэта такое?

Але на плошчы пахаладала ўжо, шаноўны; я здольны гэта адчуваць, хе-хе! Дазвольце развітацца з Вамі і выказаць Вам найлепшыя пажаданні… Адзьё".

Паяц

Пасля ўсяго, як вынік і як вартае выйсце, сапраўды, з усяго – толькі агіда, якую ўнушае мне жыццё – маё жыццё – агіда, якую мне ўнушае "ўсё гэта" і "сукупнасць"; гэтая агіда душыць мяне, не дае спакою, калоціць і валіць на дол, і яна, магчыма, рана ці позна аднойчы надасць мне імпэту, каб паламаць цераз калена смешныя і нікчэмныя варункі і знікнуць.

Праўда, магчыма, што я пратрымаюся яшчэ адзін-другі месяц, што я яшчэ чвэрць або палову года буду працягваць есці, спаць і працаваць – гэтаксама механічна, упарадкавана і спакойна, як праходзіла гэтай зімою маё знешняе жыццё, што знаходзілася ў жудаснай супярэчнасці з пустэльным працэсам распаду майго ўнутранага жыцця. Ці не праўда, што ўнутраныя перажыванні чалавека тым больш моцныя і дзейсныя, чым больш вольна ад абавязкаў, непрактычна і спакойна ён жыве вонкава? Нічога не зробіш: трэба жыць; нават калі ты не пагаджаешся быць чалавекам дзеяння і адыходзіш у самую спакойную пустэльню, то нечаканыя павароты жыцця заспеюць цябе ў душы, і ты павінен будзеш выяўляць свой стрыжань, хто б ты ні быў – герой ці дурань.

Я завёў сабе гэты акуратны сшытак, каб распавесці ў ім маю "гісторыю", а навошта? Магчыма, увогуле, каб толькі было што рабіць? Магчыма, з прычыны цікавасці да псіхалогіі і дзеля таго, каб цешыцца, што гэта неабходна? Неабходнасць так суцяшае! А, магчыма, і для таго, каб на нейкія кароткія моманты пацешыцца перавагай над самім сабою і нечым накшталт абыякавасці?.. Бо абыякавасць, я ўпэўнены, – гэта свайго кшталту шчасце…

І

Ён застаўся так далёка, гэты маленькі стары гарадок са сваімі вузкімі вуглаватымі вуліцамі, з франтонамі, са сваімі гатычнымі цэрквамі і фантанамі, сваімі прадпрымальнымі, саліднымі і простымі людзьмі ды вялікім сівым ад старасці домам патрыцыяў, у якім я вырас.

Ён знаходзіўся ў цэнтры горада і перажыў чатыры пакаленні заможных і паважаных прадпрымальнікаў. "Ora et labora"[31] было напісана над уваходнымі дзвярыма, і калі з прасторнай цаглянай прыхожай, якую зверху аблямоўвала галерэя з пакрытага белым лакам дрэва, падымацца па шырокай лесвіцы, то трэба было перасекчы прасторнае фае і маленькую цёмную залу з калонамі, каб цераз адны з высокіх белых дзвярэй трапіць у гасцёўню, дзе сядзела за раялем і грала мая маці.

Яна сядзела ў паўзмроку, бо на вокнах віселі цяжкія, цёмна-чырвоныя гардзіны; а белыя фігуркі багоў на шпалерах, здавалася, пластычна выступаюць з блакітнага задняга плану і прыслухоўваюцца да гэтых цяжкіх, нізкіх пачатковых гукаў шапэнаўскага накцюрна, які яна найбольш любіла і заўсёды выконвала вельмі павольна, каб атрымаць усю асалоду ад меланхоліі кожнага акорда. Раяль быў стары і страціў паўнату гучання, але пры дапамозе педалі "піяна", якая так прыглушала высокія гукі, што яны нагадвалі матавае срэбра, можна было дасягнуць незвычайнага эфекту.

вернуться

31

"Ora et labora" (лац.) – "Маліся і працуй", адно з правілаў Ордэна бенедыкцінцаў.