Выбрать главу

О, я жыў зусім асцярожна і адпаведна сваім магчымасцям: у простых прыватных памяшканнях, у танных пансіёнах – але пры частай змене месца, і паколькі мне спачатку давалася цяжка адвыкаць ад сваіх буржуазных звычак, было немагчыма пазбегнуць і буйных выдаткаў. Я разрахаваў на час маіх вандровак 15 000 марак свайго капіталу, але ў стратах гэтая сума была перавышаная.

Між іншым, я кантактаваў з рознымі людзьмі, якія трапляліся на маім шляху: і абыякавымі для мяне, і часта вельмі цікавымі, для якіх я, што праўда, не быў, як для майго былога атачэння, аб’ектам павагі, але і з боку якіх я мог не асцерагацца недобразычлівых позіркаў і пытанняў.

Дзякуючы свайму ўменню паводзіць сябе ў грамадстве, я часам у пансіянатах карыстаўся сапраўднай прыхільнасцю з боку астатніх вандроўнікаў – прычым я згадваю адну сцэну ў салоне пансіяната Мінэлі ў Палерма. У кампаніі французаў рознага ўзросту я пачаў здалёку імправізаваць на піяніна музычную драму "Рыхарда Вагнера", шчодра выкарыстоўваючы трагічную міміку, гучны спеў, раскацістыя гармоніі, і як толькі я пад бурныя воплескі закончыў, да мяне заспяшаўся нейкі пажылы пан, у якога на галаве ўжо не было амаль ніводнай валасіны, а белыя рэдкія бакенбарды разляталіся па яго дарожнай куртцы. Ён схапіў мае абедзве рукі і ўсклікнуў са слязьмі на вачах:

"Дык гэта ж дзіўна! Гэта дзіўна, мой шаноўны пане! Я Вас запэўніваю, што я ўжо трыццаць гадоў не адчуваў такой радасці! Ах, дазвольце падзякаваць Вам ад шчырага сэрца, праўда! Але Вы мусіце абавязкова стаць акцёрам або музыкам!"

І сапраўды, пры такіх выпадках я адчуваў у сабе штосьці ад пыхі вялікага мастака, які ў коле сяброў паблажліва дазваляў сабе намаляваць на стале смешную, дасціпную карыкатуру. Пасля абеду я, аднак, вярнуўся ў салон адзін і правёў самотную і сумную гадзіну за тым, што спрабаваў выцягнуць з інструмента ўрачыстыя акорды, у якія я жадаў укласці настрой, выкліканы выглядам Палерма.

З Сіцыліі я вельмі бегла судакрануўся з Афрыкай, потым накіраваўся ў Іспанію, і акурат там, недалёка ад Мадрыда, у сельскай мясцовасці, зімою, у змрочны дажджлівы дзень папаўдні здарылася гэта: я ўпершыню адчуў жаданне вярнуцца ў Германію – і яшчэ неабходнасць. Бо, акрамя таго, што я пачаў сумаваць па спакойным, упарадкаваным і аселым жыцці, мне было няцяжка падлічыць, што да свайго прыезду ў Германію пры ўсёй ашчаднасці я выдаткую 20 тысяч марак.

Я не доўга марудзіў, а неўзабаве пачаў павольна вяртацца праз Францыю, на што я пры працяглых прыпынках у асобных гарадах патраціў каля паўгода; і я з журботнай выразнасцю згадваю летні вечар, калі я прыбыў на вакзал горада-рэзідэнцыі ў Цэнтральнай Германіі, які я выбраў сабе яшчэ ў пачатку сваёй вандроўкі, – ужо з крышку большымі ведамі, з такім-сякім досведам і навыкамі, напоўнены дзіцячай радасцю ад таго, што змагу наладзіць тут бесклапотна незалежнае і, зусім адпаведна сваім сціплым сродкам, спакойнае сузіральнае існаванне.

Мне было тады дваццаць пяць гадоў.

VIII

Месца было выбрана някепска: рэспектабельнае, яшчэ без шумнай мітусні вялікага горада і занадта вольнага прадпрымальніцкага духу, з некалькімі даволі значнымі старымі плошчамі і вулічным жыццём, якому не бракуе ані ажыўленасці, ані элегантнасці. Мясцовасць можа пахваліцца і пэўнымі прыемнымі кропкамі; але я заўсёды аддаваў перавагу з густам аздобленаму бульвару, які працягваецца ўздоўж "Жаваранкавай гары" – вузкага і доўгага ўзгорка, з якім мяжуе вялікая частка горада і з якога можна атрымліваць асалоду, разглядаючы па-над дамамі, кірхамі і лёгка пакручастай ракою далёкія абшары. У паасобных месцах, асабліва калі ў цудоўныя летнія надвячоркі грае вайсковы аркестр і сюды-туды рухаюцца экіпажы, там прыходзіць на памяць Пінча…[36] Але ў мяне будзе яшчэ выпадак згадаць гэты бульвар…

Ніхто не паверыць, з якім грунтоўным задавальненнем я абжываў прасторны пакой, які я разам са спальняй зняў амаль што ў цэнтры горада, у ажыўленым месцы. Бацькоўская мэбля, што праўда, большай часткаю перайшла ва ўласнасць маіх сясцёр, а мне ўсё-такі дасталася тое, што трэба было: салідныя і якасныя рэчы, якія прыбылі разам з маімі кнігамі, двума партрэтамі маіх продкаў; але, галоўнае, тут быў стары раяль, які маці завяшчала мне.

Сапраўды, калі ўсё было расстаўлена і ўпарадкавана, калі фотакарткі, якія я сабраў у час вандровак, упрыгожылі ўсе сцены, а таксама пісьмовы стол з чырвонага дрэва ды бухматую камоду, і калі я задаволена і ўтульна апусціўся ў крэсла з высокай спінкаю каля акна, каб па чарзе разглядаць то вуліцы за ім, то сваю новую кватэру, мая задаволенасць не мела меж. І ўсё-такі – я гэтага моманту не забыў – усё-такі, побач з задавальненнем і даверам ува мне лагодна варушылася нешта іншае, нейкае слабае пачуццё страху і неспакою, ціхае ўсведамленне свайго кшталту злосці і супраціву сіле, якая пагражае… Лёгкая прыгнятальная думка, што маё становішча, якое дагэтуль не было нічым іншым, як тым, што мінае, цяпер упершыню падалося пэўным і нязменным.

вернуться

36

Пінча – паўночны ўзгорак у Рыме.