Выбрать главу

Між іншым, я парваў нават з "грамадствам" і адмовіўся ад яго, ніякім чынам не служачы яму, калі выбраў сабе волю ісці сваім уласным шляхам, і калі я, каб быць шчаслівым, адчуваў бы патрэбу ў "людзях", то павінен быў адважыцца спытаць сябе, ці быў бы я ў гэтым выпадку гатовым зараз жа заняцца тым, каб дабрачынна ўзбагачацца ў якасці "буйнога прадпрымальніка" і набываць сабе ўсеагульную зайздрасць і аўтарытэт.

Між тым – між тым! Факт, што маё філасофскае адзіноцтва настолькі моцна засмуціла мяне і што яно ўрэшце ўвогуле не хацела стасавацца з маім уяўленнем пра "шчасце", з маёй свядомасцю, з маім перакананнем, што я шчаслівы, пазбаўленне ад якога, аднак, – не было ніякага сумнення! – было абсалютна немагчымым. Не быць шчаслівым, быць няшчасным – але ж ці магчыма гэта ўвогуле? Гэта было немагчыма, і з гэтым рашэннем пытанне было канчаткова закрытае, пакуль не прыйшлі новыя часіны, у якія гэтае сядзенне з самім сабою, гэтае адзіноцтва і пазіцыя "па-за" пачалі здавацца мне не ў парадку, зусім не ў парадку, і зрабілі мяне да жаху змрочным.

"Змрочнасць" – няўжо гэта было ўласцівасцю шчаслівага? Я прыпамінаю сваё жыццё дома ў абмежаваным коле, у якім я знаходзіўся з задаволеным усведамленнем сваёй геніяльна-артыстычнай прыроды – таварыскі, зычлівы, з вясёлымі вачыма, з насмешкай з усяго на свеце і з пачуццём пераважнай добразычлівасці да ўсяго, у меркаваннях пра людзей крышку дзіўнаваты, і, тым не менш, той, каго любяць. Тады я быў шчаслівым, хоць і мусіў працаваць на вялікім прадпрыемстве па гандлі драўнінай пана Шліфогта; а цяпер? А цяпер?

Але з’явілася надзвычай цікавая кніга, новы французскі раман, які я дазволіў сабе набыць і ад якога я, утульна седзячы ў крэсле, буду атрымліваць асалоду. Трыста старонак: нарэшце, сапраўдны густ, досціп і тонкае мастацтва! Ах, я наладзіў сваё жыццё, як мне хацелася! Няўжо я не шчаслівы? Смеху вартае гэтае пытанне, і больш нічога…

X

І яшчэ адзін дзень закончыўся, дзень, пра які, дзякаваць Богу, не скажаш, што ён не быў напоўнены зместам; надышоў вечар, фіранкі на вокнах зацягнутыя, на пісьмовым стале гарыць лямпа, ужо амаль што поўнач. Можна было б ужо ісці спаць, але ты яшчэ напалову ляжыш у крэсле і, склаўшы рукі, глядзіш у столь, каб з пакорай сачыць, як няпэўны боль ціха праточваецца і грызе ў табе, боль, які немагчыма прагнаць.

Яшчэ некалькі гадзін таму я быў дарэшты пад уздзеяннем вялікага мастацкага твора, аднаго з гэтых жахлівых і жорсткіх прадуктаў, якія з разбэшчанай пыхай гнюсна геніяльнага дылетантызму баламуцяць, аглушаюць, здзекуюцца, прыводзяць у экстаз, знішчаюць… Мае нервы ўсё яшчэ торгаюцца, мая фантазія ўзбуджана, ува мне сюды-туды калыхаюцца настроі тугі, рэлігійнай жарсці, радасці, містычнага спакою, і пры гэтым ёсць патрэба, якая зноў і зноў выганяе іх наверх, якая хацела б выгнаць іх прэч, патрэба паказаць іх навідавоку, паведаміць пра іх, прадэманстраваць, "ператварыць іх у нешта"…

А што, калі б я папраўдзе быў мастаком, здольным выказвацца ў гуках, словах ці карцінах – найлепш, шчыра кажучы, ва ўсім адначасова?.. Але ж сапраўды: я шмат што магу! Я магу, напрыклад, сесці за раяль, каб у ціхай каморцы цалкам выявіць свае прыгожыя пачуцці, і гэтага мне было б наўрад ці дастаткова; бо мне, каб быць шчаслівым, патрэбныя "людзі" – прызнаемся ў гэтым! Толькі з агаворкай, што я надаваў яшчэ нейкае значэнне поспеху, славе, прызнанню, пахвале, зайздрасці, любові! О Божа! Ужо калі я толькі прыпамінаю эпізод у тым салоне ў Палерма, то мушу прызнацца, што падобны выпадак у гэтай хвілі для мяне стаўся б непараўнальна дабратворным заахвочваннем.

Добра падумаўшы, я не магу не прызнацца ў сафістычным і смешным тэрміналагічным адрозненні – адрозненні паміж унутраным і вонкавым шчасцем!.. "Вонкавае шчасце" – а што гэта такое? Ёсць катэгорыя людзей, пестуноў Бога, шчасце якіх, як здаецца, – геніяльнасць, а геніяльнасць – шчасце; геніі – людзі святла, якія лёгка, прывабна і зычліва забаўляюцца ў жыцці, з водсветамі і водбліскамі сонца ў сваіх вачах, а ўвесь свет тоўпіцца вакол іх, захапляючыся, ухваляючы, зайздросцячы і любячы, бо нават зайздрасць не здольная ненавідзець іх. А яны пазіраюць на ўсё, як дзеці, кпліва, распушчана, капрызліва, пыхліва, з сонечнай прыязнасцю, упэўненыя ў сваім шчасці і геніяльнасці, і як быццам усё гэта абсалютна не можа быць іншым.

Што да мяне, то я не адмаўляюся ад слабасці, што хацеў бы належаць да такіх людзей, і мне ўвесь час – усё адно, справядліва ці не – здаецца, што я калісьці быццам належаў да іх, абсалютна "ўсё адно", бо давайце будзем шчырымі: уся рэч у тым, чым ты сябе лічыш, кім ты сябе выдаеш, якая ў цябе ўпэўненасць выдаваць сябе за…