Выбрать главу

Магчыма, у рэчаіснасці бывае таксама, як у мяне, калі я адмовіўся ад гэтага "вонкавага шчасця", адышоўшы ад служэння "грамадству" і наладзіўшы сваё жыццё "без людзей". Але такім чынам, зразумела, у маім задавальненні ні на хвілю нельга сумнявацца, немагчыма сумнявацца, не дазволена сумнявацца… Бо, каб паўтарыць гэта, і менавіта, каб паўтарыць з адчайнай настойлівасцю: я хачу і мушу быць шчаслівым! Разуменне "шчасця" як свайго кшталту заслугі, геніяльнасці, шляхетнасці, прыязнасці, разуменне "няшчасця" як чагосьці агіднага, таго, што баіцца святла, пагарджанага і, адным словам, смешнага, занадта глыбока ўласцівы мне, каб я яшчэ мог паважаць сябе ў выпадку няшчасця.

Як я мог дазволіць сабе быць няшчасным? Якую ролю я тады адыгрываў бы перад самім сабою? Няўжо тады я мусіў бы, як кажан ці сава, хавацца ў змроку і з зайздрасцю падміргваць "людзям святла", добразычлівым шчасліўцам? Я мусіў бы іх ненавідзець той нянавісцю, якая ёсць нечым іншым, як атручанай любоўю… І пагарджаць сабою!

"Хавацца ў змроку!" А-а, мне прыходзіць на памяць, што я ўжо на працягу некалькіх месяцаў час ад часу думаў і адчуваў наконт майго становішча "па-за" і "філасофскага адзіноцтва!" І зноў заяўляе пра сябе страх, дрэнна зразумелы страх! І ўсведамленне свайго роду злосці на сілу, якая пагражае… Няма сумнення, што знайшлося на гэты раз суцяшэнне, адцягненне ўвагі, несвядомасць і нешта іншае, і яшчэ нешта… Але яно вярталася зноў, усё гэта, яно тысячы разоў вярталася назад на працягу месяцаў і гадоў…

XI

Здараюцца восеньскія дні, як цуд. Лета прайшло, лісце на дрэвах даўно пачало жаўцець, а ў горадзе ўжо ва ўсіх кутках засвістаў вецер, а ў раўках забурлілі брудныя раўчукі. Ты звыкся з гэтым, ты, так бы мовіць, сеў ужо да печы, каб ператрываць зіму; але аднойчы раніцай, прачнуўшыся, ты заўважаеш, не верачы сваім вачам, што ў твой пакой паміж фіранкамі на акне ззяе вузкая палоска яркага блакіту. У поўным здзіўленні ты выскокваеш з пасцелі, ты адчыняеш акно, хваля дрыготкага сонечнага святла сустракае цябе, і адначасова ты праз вулічны шум чуеш балбатлівае і вясёлае птушынае шчабятанне, і табе ў гэты час здаецца, што ты ўдыхаеш разам са свежым і лёгкім паветрам першага дня кастрычніка непараўнальна салодкі і шматабяцальны водар вострай прыправы, які звычайна бывае толькі ў майскім ветры. Вясна, відавочна, вясна, насуперак календару, і ты пераапранаешся, каб пад мігатлівым небам заспяшацца па вуліцах на свежае паветра…

Такі неспадзяваны і дзіўны дзень здарыўся аднойчы каля чатырох месяцаў таму – цяпер у нас пачатак лютага – і ў гэты дзень я ўбачыў штосьці надзвычай мілае. Не было дзевяці гадзін раніцы, калі я выправіўся з дому і, поўны невыразнай надзеі на перамены, нечаканасці і шчасце, пайшоў па дарозе да Жаваранкавай гары. З правага краю я пачаў уздымацца на ўзгорак (у мяне навідавоку быў увесь яго хрыбет па даўжыні), непарыўна трымаючыся галоўнай алеі збоку і ніжняга брукаванага адхону, каб падчас усяго шляху, які павінны быў заняць каля паўгадзіны, мець вольны від на горад, які лёгкімі тэрасамі збягаў уніз, і на раку, выгіны якой мільгацелі на сонцы, а краявід за ёю, з пагоркамі і зеленню, расплываўся ў сонечнай смузе.

Тут наверсе было амаль бязлюдна. Лаўкі па той бок дарогі стаялі пустыя, а сям-там з-за дрэваў выглядвала скульптура, ззяючы на сонцы белым колерам; часам жа на яе паволі злятаў вялы лісток. Спакой, да якога я прыслухоўваўся падчас хады, не адрываючы вачэй ад светлай панарамы збоку, не парушаўся, аж пакуль я не апынуўся на другім канцы пагорка, а дарога пабегла паміж каштанамі долу. Але тут за маёй спінай пачуўся тупат конскіх ног і стук колаў, які набліжаўся хуткай рыссю, і я павінен быў на сярэдзіне спуску саступіць дарогу карэце. Я адышоўся ўбок і спыніўся.

Гэта была невялічкая, зусім лёгкая двухколавая брычка, у якую былі запрэжаныя два вялікія, гладкія кані рыжай масці, якія энергічна саплі. Лейцы трымала паненка гадоў дзевятнаццаці-дваццаці, побач з якой сядзеў стары пан унушальнай і шляхетнай знешнасці з белымі распушанымі à la russe вусамі і густымі белымі бровамі. Служка ў простай чорна-серабрыстай ліўрэі ўпрыгожваў задняе сядзенне.

Тэмп бегу коней у пачатку спуску быў зменшаны, яны перайшлі на крок, бо адзін з іх, здавалася, быў нервовым і неспакойным. Ён моцна аддаліўся ад дышля, прыціснуў галаву да грудзей і ставіў свае зграбныя ногі з такім дрыготкім напружаннем, што стары пан, трохі заклапочаны, нахіліўся наперад, каб сваёй леваю рукою ў элегантнай пальчатцы дапамагчы паненцы справіцца з лейцамі. Кіраванне, здавалася, было даверана ёй толькі часова і напалову жартам, ва ўсякім разе, стваралася ўражанне, што яна выконвае рамізніцкія функцыі, як дзіця, з важнасцю і адначасова – без належнага досведу. Яна зрабіла слабы, сур’ёзны і незадаволены рух галавою, спрабуючы супакоіць спалоханую жывёліну, якая пачала спатыкацца.